Выбрать главу
* * *
Узмах крыла, узмах крыла — Ляцець шчэ доўга, доўга... Да веры годнага святла, Да ўласнатворнага святла — Узмах крыла!
Дзе Песня галаву ўзняла, Там шэрасці не выжыць. З нікчэмства быту — да святла, Да святадарнага святла — Узмах крыла!
Раскоша сецяў напляла, Сляпыя гінуць душы... Каб стаць відушчым — да святла, З сіла любога — да святла — Узмах крыла!
Каб толькі Прыгажосць была I смагай, і памкненнем. Пакуль хоць каліўца святла Надзея песціць — да святла — Узмах крыла! Узмах крыла!
1973
БАЛАДА МАРЫ
Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, — Ажно шчыміць і замірае сэрца Ва ўзбуджана шчаслівай паняверцы Раскошу гэту бачыць блізка так.
І рукі узлятаюць да яе, І пальцы чуюць трапятлівасць цела! Але, зіхоткая, амаль нясмела Ірвецца птушка прэч і растае...
Асірацела гойдаецца трон — Вечназялёны куст, што цуд той гушкаў. Была такой вясёлкаваю птушка — Скуль на далоні чорнае пяро?
1974
БАЛАДА РУХУ
Біты шлях пад нагамі ці ні следу няма? То імгла, то прызыўна далягляд замаячыць,
Быццам змрок расхінае святлістая доля сама Рукою гарачай.
Пагражальна правіслі над зямлёй правады — Чалавека хітае ад смяртэльнай напругі Шчасцятворнай, пакутнай, самаахвярнай хады За другі.
Быць не можа ў братэрства нічыйных палос, Між людзей быць не можа старонняга болю! Даўжынёй у стагоддзі дарога; толькі днець пачало Над доляй.
1975
* * *
Здаецца ж, і лес наш не цёмны, І час не глухі наш, не позні, — Канае самотнае рэха: Гукаем, Ці чуем адказ?
Блукаем. І зноў спадзяемся. Ігліцаю коле туга, Каб нам у ваколле ўзірацца Напружаней і пільней.
Часцей пераходзяць дарогу І зорка, і рыбіна, й звер, Каб мы адшукалі нарэшце Сябе — Чалавека.
1976
ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Гарэзяць на падворку дзеці. Курыць туманцам нізкім пожня. Усё звычайна ў гэтым свеце: І першы ўсхліп, і ўздых апошні — Як дым над комінам вясковым, Як тонкі месяца акрайчык. Спакон вякоў было такое: Смяюцца людзі, людзі плачуць.
Ступае на каціных лапках Ноч зорна-жнівеньскае масці. Чаму ж ад кволай думкі зябка — Што згэтуль знічкай мне прапасці? Усё звычайна ў гэтым свеце, І першы ўсхліп, і ўздых апошні — Былі каб толькі вечна дзеці, І дым над комінам, і пожня!
Ды як набыць бясстрашнай сілы Без горычы, без наракання Сысці ў нябыт, а што любіла — Пакінуць тут усё дазвання, Калі й надзеінка не свеціць, Што ўпэўніцца зноў будзе можна: Усё звычайна ў гэтым свеце — І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..
1975
* * *
— Дзе завязваюцца ветры, Тыя, Што прыносяць буру У чалавечую душу? — У пустынях адзіноты.
1976
ЗАЗІРНІ Ў СЯБЕ
За гарамі, за марамі Ёсць такі куток, Дзе чарней начы асенняй Змрочны мкне паток. Ён зглынае ўсё жывое На шляху сваім, Найхаробрая істота — Як сянінка ў ім. Гінуць зоркі, гіне сонца У глухой тужбе... - Дзе ён, той куток злавесны? - Зазірні ў сябе.
За гарамі, за марамі Ёсць такая шыр, Дзе пануе неасяжны Шчасцямоўны мір. Выпадковае, не мае Там прытулку зло: Толькі радасць, толькі воля, I святло, святло Над усім, ва ўсім, што чэзла У глухой тужбе!.. - Дзе ён, край той блаславёны? - Зазірні ў сябе.