Выбрать главу
1989
* * *
Узіраешся ў побыт — бы расчытваеш почырк чужы, незнаёмы. Зноў і зноў намагаешся ўцяміць сэнс кожнага знаку — іначай застанецца замкнёны сэнс і слова, і тэксту ўсяго. Можа, гэтым хоць разам патрапіш?
* * *
Пры сцежцы гарыць куст ружавы. Мінаюцца з ім людзі і зрываюць дзівосныя бутоны. Рукі ж мае — пустыя. Бо сцежка не мая?
ТАК ЗВАНАМУ РЭАЛІСТУ
Бядуеш: не цямлю як след, Што свет скрозь ілжывы, злачынны. Сама яго трохі звучыла. Не трэба мне лекцый пра свет.
Ён часам папраўдзе турма, Дзе людзі бязлітасна злыя, Дзе сэрцы такія малыя, Нібыта й зусім іх няма. Дзе кожны адно аб сабе Пыхліва, хапужліва дбае, З убогай уявай аб раі, Усё ў сваю норку грабе.
Жалёта казаць!.. Ды хіба Яно не таму і балюча, Што ў кожнай душы немінуча Сядзяць — Чалавек і гурба?
Што гэта ж ад кожнага з нас,
Ад сэрца й сумлення залежыць, Дабру нашы сцежкі належаць, Ці зло мае сыты папас...
1985
* * *
Сакраментальна вырашаем, Што не прыняць, што зберагчы, Замоваю лясных вяршалін Шукаем зорныя ключы. Суладдзе душ пакутна творым. Зляціць праменьчык па камлі, Сасновы ў ногі кіне корань: За неба ўдзячны будзь зямлі! Спаткнуся. Зорны ключ не блісне Між асыцелае травы. І прыме за паклон мой бліжні Маё падзенне да крыві...
У СВЯТЛЕ МАЛАНАК
Не памыляецца наканаванасць. Калі пры ясным сонцы заблукаю, Як знепрытомненая, У трох соснах, Яна маланкай выбавіць з зацьмення, Якая вокамгненна давядзе, Куды зайшла я, Дзе мая дарога.
Ці хопіць сілы на дарогу зноў?
Жывая засталася — Значыць, хопіць.
Не памыляецца наканаванасць.
1981
* * *
Так доўга чалавек глядзеў пад ногі, Навобмацак шукаючы дарог, Нібы ў пачатку даў сабе зарок Нідзе не спатыкнуцца, покі змога.
Якім пакутным быў няроўны крок!.. А зоры так зіхцелі над разлогай!.. І ўскінуў горда галаву нябога: «Ад бед сябе я тут не абярог.
Быў я пакорны. Вырас нецярплівы. Даволі плазаваць пад зорнай злівай: З самое зоркі дом сабе зраблю!»
І ўладна з гэткай сілаю шчымлівай Наблізіў зоры да сябе!.. Шчаслівы Ці будзе ён, пакінуўшы Зямлю?..
ЗАВЯЛІКАЯ
Як Самота з госцяй Радасцю развітвалася, Дык усё яе пыталася, дапытвалася:
— Што ж ты, мілая, так мала пагасціла? Пэўна, нечым я табе не дагадзіла.
Мо няўдалай гаспадыняю была я? Мо табе мая святліца замалая?
Пакланілася ёй Радасць і сказала: — Ах, тваёй мне ласкі шчырае хапала.
Ты прабач, што пабыла як для прыліку я. Не малая твая хата. Завялікая.
* * *
Яшчэ ўсё навіваецца вопрадзень утульнасці, супакоенасці, святла, — толькі б хто не чапіў груба, жорстка выкручанага крыла, толькі б хто — незнарок, а ці неабачна — зноў не вымкнуў ранейшага болю!..