У юнацтве жывеш,
Не дужа думаючы
Пра вынікі ўласных учынкаў.
У сталасці,
Жорстка зранены ў вечных сутычках
Уявы і явы,
З павагаю часам глядзіш
На свой вопыт жыццёвы.
Але ён немінучы, прыход той хвіліны,
Калі да бязлітасці ясна сам бачыш:
Жывеш па старых шпаргалках.
1987
* * *
На лёс ці варта наракаць?
Ныццём нягоды не адужаць.
Жыццё заўжды — іспыт на мужнасць.
Яе ж не возьмеш напракат...
1971
ПАПАРАЦЬ-КВЕТКА
У якой пылінцы,
У якім камені,
У якой зёлцы,
У якім звярку
Шчыравала сотні эпохаў ты,
Агню спрадвечнага іскрынка жывая
Пад гэтым часовым няўдалым назовам
«Мая душа»?
Бо плоць і мая для цябе —
Толькі чарговая — з безлічы — абалонка.
Вылузнеш —
Не азірнешся нават.
Даруй, што яшчэ я не тая істота,
Якой ты прагнеш,
Якая цябе адшукае,
I цябе адняволіць,
I пераможа табой
Усе моракі свету.
Яна ж некалі спраўдзіцца,
Казка пра папараць-кветку.
Абавязана спраўдзіцца.
I ты ведаеш гэта.
1990
СЛУХАЮ ДЗІЎНУЮ ПТУШКУ
Слухаю дзіўную птушку.
Няма яе ні ў пакоі, ні ў двары.
Няма яе ні ў клетцы, ні ў кусце.
Нават ва ўяве няма птушкі гэтай.
Бо гняздо яе —
На крайнім памежжы
Сэрца і пусткі.
Загрубелым слыхам,
Прывучаным да какафоній,
У напрузе салодкай лаўлю
Чысты-чысты,
Няведамна гарманічны
Загадкавы голас.
Ён яшчэ гэткі далёкі,
Што здольны прабіцца насустрач
Толькі зіхоткім бліскам —
Знакам усемагутнай
Неспазнаванай дагэтуль радасці.
Дзе ковы мае,
Дзе сама я?!.
Выклікаю,
Слухаю светлазарную птушку...
1990
ПАГЛЯДВАЙМА Ў НЕБА
Каб змрок не пасіліў да рук нас прыбраць,
Паглядвайма ў неба пры кожнай нагодзе:
Нам зоры сусвету
штоночы
гараць,
Нам сонца сусвету
шторанку
ўзыходзіць.
Паглядвайма ў неба, і вочы расплюшчацца,
I вушы адчыняцца, і морак растане:
Бо сэрца не схоча стаць рэчывам тым,
Якое ні промніка не вылучае.
Паглядвайма ў неба!
1992
ДА СВЯТА
На свеце, й праўда, роўных не бывае:
У нечым хтосьці першы, хтось другі.
Але няхай нас гэта не кранае,
Каб не казалі нашы варагі,
Нібы няма ні шчырасці, ні згоды,
А добры лад ёсць толькі напаказ.
Зла са святлом змаганне йдзе заўсёды.
Няхай святло перамагае ў нас!
Бо толькі ў ім душа расце крылата.
Хай не пакіне нас такое свята!
1991
ЗЕРНЕ
Калі спелае зерне пшанічнае
Падае ў глебу,
Вылушчваецца з яго
Пшанічны колас.
Калі чалавек у зямлю сыходзіць,
Вылушчваецца з яго
Зернейка Духу.
Толькі чалавек помніць,
Што пшаніца была аўсюгом,
I памагае ёй быць пшаніцай.
Толькі чалавек забывае,
Што быў ён глінаю
I што хлеб надзённы
Здольны браць яго ў рабства.
Калі зерне пшаніцы
Падае ў глебу,
Вылушчваецца з яго
Пшанічны колас.
Калі чалавек у зямлю сыходзіць,
Вылушчваецца з яго
Зерне Духу.
Зерне Духу раба,
Які воблік набудзеш?