Душою мрэем аб лісці, аб лісці...
I -
Запазычваемся ўсяму:
Зямной калысцы,
Роду свайму,
Жыццю самаму.
Азброеным дзідамі
Спажывецкіх настрояў
Не да згадак пра Лота, пра Ноя.
...А за сцяною
Няўцешна рыдае
Дзіцянё малое...
1993
ЛЮДСКАЯ ДОЛЯ
Такая ўжо нашая доля —
Не ведаць адхлання
Ад болю за ўсіх нас,
Ад болю
I ад спачування.
Цягнуць, узваліўшы на плечы,
Уласную ношку
Пакут і надзей чалавечых,
I ўласнай дарожкай
Стварыць хоць бы пробліск на выйсце
Знямогламу духам,
Каб ён,
Як пупышка — да лісця,
Быў прагны да руху.
Каб ён,
Нібы завязь — да плода,
Між горкага голля
Выспельваў людзям пагоду.
Такая ў нас доля.
1984
НЕ РУЙНАВАННЕМ
Вырошчваць крыўду —
кепскі сад.
Нявечнай у плоці
Чалавечай істоце
Звеку прагнецца
Утрываліць сябе —
Як не дзеткаю,
Дык хоць іншаю помнай
Кветкаю.
Ах, красуйце,
Любоў да неба і глебы!
Красуйце,
Адоранасць ды азоранасць!
Шчыравернасць! Падзячлівасць!
Пашанаванне!
Спагадліва-мудрае
Правінаў чужых
Дараванне!
Хай парасткам крыўдаў
Не знойдзецца месца на градзе
Ў тым садзе:
Надта ж порстка
Развінаюцца з іх ядавітыя дрэвы
З квеценню гневу
I пладамі адпомсты.
Аніколі яшчэ аніхто
Не меў супакою
Пад кронай такою.
Аніколі яшчэ аніхто
Не патрапіў стацца шчаслівым
Там,
Дзе непапраўна марнеюць,
Задыхаюцца
Ў раздражнёна-папомслівым чадзе
Пышнатраўе
Годных людскіх дачыненняў,
Спеўнае птаства
Найлепшых намераў, здзяйсненняў.
Навечнай у плоці
Чалавечай істоце
Самаруйнотаю
Не абвянчацца
З жывадзейнай святлотаю
1993
ПРА ПЕРАМОГУ
"У вачах стынуў боль шчаслівы"...
Боль гэта - боль. І покуль ім акуты,
Як ні бадзёрся, зазнаеш пакуты.
І толькі калі час яго мінае,
Тады пакутаў іста высвітае.
Але не кожны, ой не кожны бачыць
Боль як нябёсны знак сябе іначыць.
Шырэюць ды глыбеюць скаргі, жалі,
Збіваюць з ног брыды ўсялякай хвалі.
Мы падаем і стогнем у знямозе, -
Але мы ёсць. І мы яшчэ ў дарозе.
Дасужы цемры князь, дасужы й дужы, -
Але палаюць ранаў нашых ружы,
Усё шчыльней сціскаецца аблога,
І паратунак - толькі перамога!
УГНЯЗДУЙ МЯНЕ Ў СЭРЦЫ
Паку Чжэ Ву, С.Я.Йоффэ
Пілігрыму ад поўдня да поўдня
Цераз плыўныя нетры часу
Зоўна выбліснуў промень з Усходу:
— Я апірка твая: не будзеш
Выпускаць мяне з рук у дарозе -
Не зняможашся па куп'іску,
Па каменні не падаб'ешся.
Я - апірка твая. І кладаа:
Не сцураешся, не разбурыш -
Правяду цябе лёгка, лётка
Цераз твань і цераз правалле.
Кладка я твая.
І апірка.
І цяпельца на гострых проймах:
І сагрэю я, і разважу,
І ў жарынку сэрца зыначу,
Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты
Як святло, як святло Любові
Калі ў сэрца мяне ўбярэш ты,
Калі мне аднаму слугавацьмеш -
Успануеш сам над сабою,
Над памрокам і над бядою,
Над ступою між зор, пілігрыме.