1989
ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ
Сэрца звычайнай канфігурацыі.
З медзаключэння
То ці варта ўжо так непакоіцца, доктар,
Што яно, гэта сэрца маё
Са звычайным абрысам лісточка бярозавага,
Часам гэтак балюча трапеча,
Што сарвацца гатова
Мяне ўразіла б іншае:
Каб у ім без пакуты варочаўся
Свет гэты белы...
А СТАЎ НАПАМІНАМ
Аклікаць юнацтва недарэчна,
Не было яго ў маіх гадах.
...Ты напраўду першы-лепшы стрэчны,
З кім і размінуцца не шкада.
Раскладала ў цвёрдыя дзве столкі
Гарката, што можна мне, што — не.
...Ты напраўду субяседнік толькі,
З кім прыемна пабалакаць мне.
Прыпадае да грудзей з павіннай
Сталасць марнакрылая мая.
...I нашто ж ты стаў мне напамінам,
Што мінаю, што мінаю я?..
1980
НА БЫСТРЫНІ
Няможна патураць тузе,
Каб яву засланіла зданню,
Каб зрабавала пакрысе,
Што скарбавалася гадамі.
Каб незаслужаны папрок
Не вырваўся нікчэмна з вуснаў.
Калі крыштальны быў выток —
Незамутнёным будзь і вусце!
Не змізарнець бы на вяку,
Не зблоцілася б глеба тая,
Дзе і крынічка б'е, пакуль
Рака плыве і не сплывае!..
* * *
Цуд не бывае нечаканы,
Не спраўдзіцца яму раптоўна:
Жаданы пасля ночы ранак,
З карэньчыка ідуць бутоны.
Зялёнай клеткай хларафілу
Завяжацца першапрычына, —
Хай выстарчыць бунтоўнай сілы
Зрабіць рэальнасцю магчымасць!..
А хто не меў тут дачынення,
Слязы ні ўсмешкі не патраціў,
Той цудам назаве здзяйсненне...
Была ж,
як выклік,
праца.
Праца!
1977
ЦІ СКАЖУ
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося,
Што была неспагаднаю доля,
Бо ўплятала куколь у калоссе,
Град і засуху слала на поле?
Як бы склаўся мой лёс, каб не знала
То празрыстай,
то душнай маркоты
Па ўсяму, што мяне абмінала,
Што не прыйдзе ні заўтра, ні потым?
Нагабаная ў жыце падкова
Вінавата паблісквае ў хаце:
Ля чужога агню
выпадковай
Грэцца ласкай
чужога дзіцяці...
Быць залежнай ад поўні й завеі,
Ад чужога маршруту і руху
Быць залежнай,
і помніць, і верыць,
Што я — голас іх радасці й скрухі.
Голас тых,
што здалеюць знямогу
(Мне ўдавалася ў болю не ўпасці).
Голас тых, чыя ў сонцы дарога
(Выпадала мне зведаць і шчасце).
Узыходзіць, як каліва, слова.
Не згубіцца яму ў шматгалоссі.
Ці скажу, што жыццё — не ўдалося?
ДАДЗЕНА
Здаецца, заўсёды разлічвала я
На сілы свае,
Сёння ж бачу,
Што ўсё-такі не да канца ўсведамляла:
Толькі гэтак і дадзена
Пераніцоўваць уласную недасканаласць.
Хоць бы зноў не зацемніць свядомасць
Сумненнем!
Хоць бы зноў не сарвацца
У прорву зняверы!
Промнік Ісціны,
Нагабаны навослеп у нетрах душы,
Быць відушчай,
Быць памкнёнай толькі да вечнага —
Памажы!
1990
* * *
Лёс мой,
лёс мой — цяжкі колас,
часам — цяжкі камень...
Мне люляць цябе да скону
кволымі рукамі.
Мне з табою
быць сам-насам
і несці у людзі
то ў кароне промняў ясных
ды ў пчаліным гудзе,
то шукаць табе ратунку
ад навалы чорнай.
Час падлічвае рахункі,
мелюць часу жорны.
Думкі, крокі,
гнеў і радасць, —
будзе хлеб ці ўдалы?
Не скрывіць душой ні разу —
гэта шмат ці мала?
І любіць ажно да болю,
як матулін голас,
Беларусь — і сонца, й долю...
Лёс мой,
цяжкі колас!