Угняздуй мяне ў сэрцы.
НА ЗМЯРКАННІ
Сярнічкай успалымнёнаю
успалымнёная свечка
гарыць-згарае,
сябе ў новую форму пераплаўляе.
Што як можа,
так дзеі гэтай і спрыяе:
жар, і кнот, і свечка самая,
і паветра халоднае, што яе атуляе.
Была калонаю,
сталася гронкаю вінаграднай,
што прыляпілася на камлі
маёй вечаровай задумнасці
саду.
Па адной
асыпаюцца вінаградзіны,
рвуць думак цьмянае, ухілістае,
далікатнае прадзіва.
Задзьму пялёстак агню,
хай ацалее агарачак -
на тую часіну, дзе жывуць,
ужо ні пра што не марачы.
СКРЫПКА
Скрозь -
богава дрэва ды скрыпень.
Надхмар'я ідолу бяседа.
Адкуль,
кім забытая скрыпка
Тут, дзе ні сцяжыны, ні следу?
Зусім учарнелая дэка.
А струны іржою не ўзяты...
Ці гэта
душа чалавека,
Што фібрамі ўсімі напята,
Каб суадпаведна азвацца
І на матылька, і на жабу,
Не ўмеючы гукам схавацца, -
Сама
ці брыда,
ці паваба...
СВЯЦІСЯ!
...Не іду па вадзе,
А лячу над лядзянай балотнай вадою...
...Не сцяжынка вядзе —
Над густой збажыною крыляю...
... Абвівае
Грудзі й шыю змяя мне, А я страху не маю...
...Дзікі барс падыходзіць
I кладзе галаву сваю мне на калені,
I я лашчу яго,
I ў даверы ўзаемным у гэтым — Ні ценю...
Што ж ты такое,
У цяперашнім часе —
Маё існаванне зямное?
Воблік страты ўжо некалі дасяганай
Дасканаласці ўласнай?
А ці сны тыя —
Гэта выява прыступкі наступнай,
прыўкраснай?
Ах, то кліч мяне,
То свяціся — няўгасна!
1990
ПАКУЛЬ ГЛЯДЗІШ НА БЕЛЫ СВЕТ
Крый бог здранцвення, што жыццё — мінае,
Бо ўсё, чаго для шчасця не хапае,
Пазбавіцца гвалтоўна нематы —
I заскавыча, і залямантуе,
I ўсе пачуцці гэтак раздратуе,
Што без пары ў труну захочаш ты!
Пакуль на белы свет глядзіш вачыма,
Павер сабе: ўсё адалець магчыма,
Але, як вока, беражы святло,
Каб тое, што цябе тут абмінала,
У чалавеку болей дасканалым
На долю промнем радасным лягло.
1988
Бо люблю непаўторны свой род...
АЛЕКСА ДОЎБУШ
(Паэма-быль)
Уступ
Ноч такая празрыстая, нібы крыніца:
Дно — аснежаны луг, сівы лес — берагі.
Студзень...
Што ж аніяк не адсніцца мне,
Паляшучцы, падданай вясны, край другі?
Там сцяжынку завуць не сцяжынкан, а плаем,
Там з праваллем звянчана крутая гара,
Як замова, ляціць з паланіны бяскрайняе
Трэмбітанне душы пастуха-віўчара.
Там з-пад хмар беркут зоркі цікуе нядрэмна,
Каб не ўцёк Чарамош, гнеўны вязень цяснін.
Там легендамі ходзяць вякі пад'ярэмныя,
Каб паверыць, што ўсё-ткі збываюцца сны.
... Абступілі шашу горы, быццам мядзведзі, —
У падпалінах рыжых зялёная поўсць.
Несла «Волга» мяне да Карпат у адведзіны,
Як сваю, кожны ўзгорак вітаў: «Прошу, госць!»
Душы нашы таму й падуладныя чарам
Незнаёмых мясцін, незнаёмых людзей,
Што ва ўсім дарагое шукаем адчайна мы,
Што к далёкаму любасць
ад роднага йдзе.
Развязала мне свет старана беларусаў,
І да скону ужо гэты свет — на дваіх.
І не ў крыўду любімай цяпер прызнаюся я
Украіне ў найлепшых пачуццях маіх.