... з апрышкамі сваімі па розных сёлах мас сховань і прытулак.
З універсала гетмана Іосіфа. Патоцнага, 1742 г.
... Бо нічога не хачу браць, толькі адпомсціць пану, а усю гаспадарку раздзялю паміж вамі...
Доўбуш—панскаму слузе. Львоўскія архівы рукапісных матэрыялаў
Спрасонку ўздрыгнуў парк на ціхі свіст,
I —
ледзь стрымаў зялёны ўсклік здзіўлення:
У браму —
дзе ж падзеўся вартавы? —
Бясшумна ўскочылі трынаццаць ценяў.
Рассыпаліся паміж дрэў, кустоў, —
Няўжо не чуюць ваўкадавы? —
Да камяніцы крокаў сто, не далей...
Разнесла сціша перазовы соў...
Святлом трывожным бліснула акно
Златніцкіх спальні.
Кучаравы явар,
Што ўкаранеў пад самаю сцяной,
Ажно знямеў ад згледжанае явы:
Сярод пакоя, як вясновы гром,
Стаяў Алекса Доўбуш!
На падлозе ж
Павержаны пан ротмістр дзіка роў,
Ірваўся з рук апрышкаў у знямозе.
Павіс шматамі далікатны шоўк...
— Твой верх, рабуй, нягодны ты поднужэк![10]
— Не па чырвонцы я сюды прыйшоў, -
Па ненавідніцкую тваю душу!
Грыміш ключамі ад раллі і хат,
Ад паланін, лясоў і цэркваў нават,
Ды на адно забыў ты: не запхаць
У кішэнь ключы ад дум пакутных нашых.
Ты рагатаў, што стогны, дзікі плач
Табе мілей, чым музыка любая, —
Цяпер на ўласнай скуры ты пабач,
Якія «смешныя» твае забавы...
І з гэтым словам Доўбуш свечку ўзяў...
Схіснуўся спалатнелы пан Златніцкі:
«Як смее гэты збуйца[11] і басяк!..»
Але зірнуў у твар яму
і ніцма,
Кулём упаў у ногі:
— Пашкадуй!
— Не я суджу, зямля мая тут судзіць!
... Услед апрышкам свежы вецер дзьмуў,
Услед з двароў сачылі ўдзячна людзі, —
У старане, як сена стог, палаў
Бездапаможна
выкляты фальварак.
А золак гойдаў песню напалам
З настоем маю роснага і гары:
Е у мяне топір, топір, та й кована бляшка,
Ек топірцем помахаю — ні пана, ні ляшка'.
...таго халопа немагчыма іначай супакоіць, як агаласіць універсалы і пад пагрозаю канфіскацыі маёмасці прымусіць шляхціцаў загадаць сялянам «злавіць дзе-небудзь у сяле» Алексу Доўбуша.
З пісьма аднаго з шляхціцаў Корчына
Пад столлю калыхаўся шызы дым.
Віск, рогат, крыкі — вэрхал неймаверны!
Ледзь паспяваў да ўсіх карчмар руды.
А праз расчыненыя насцеж дзверы
Падходзіла ўсё больш і больш людзей.
У куце, скраю, на стале дубовым —
На ўслоне ногі —
ліха віскацеў
Скрыпач-басіст; з ім поруч, адмыслова
Устрэсваючы бубнам, выбіваў
Такт палкай калымыйкі барабаншчык, —
Танцорскі шал вясёлкай развіваў
Святочныя кіптары, сукні, гачы[12].
Як кветку, хлопец песню падкідаў,
Пабліскваючы чорнымі вачыма:
Ой, заграй ми, музиченько,
Най си потанцюю.
Ой, присунься, файна рибко,
Най тя поцілую!
У адказ ляцеў, як горная вада,
Задзірысты і колкі смех дзяўчыны:
Цілував-ес, мій миленький,
Губки прилипали.
Тепер мені твоі губки
Від серця відпали!
Ды не губляўся парубак ліхі,
Круцей ламала весялінка бровы:
Каламутна вода в річці,
Ходім до кирниці.
Не хороша дівчинонька,
Ходім до вдовиці!
Але і тут зухвалец зноў-такі
Наскакваў на гарэзную суровасць:
На городі дві тополі,
Третя до ніх хвіэ.
Не май,не май, мій миленький,
На мене надіі'!
Бесперастанку за даўкім сталом
Мужчыны чаркі Доўбушу цягнулі.
— Табе і хлопцам каб гараз было!*
— Каб нашы ва'рагі зямлёй дыхнулі!
— Браток Алексіку, каб я так жыў,
А дай жа я цябе хоць пацалую! —
Усё лез даўно ўжо «цёпленькі» мужык. —
Мо больш з табою я не пабалюю!
Карчма хадзіла ходырам гульбы...
Ніхто, апроч Алексы, не прыкмеціў,
Як у парозе лірнік стаў сляпы
З падлеткам, што вадзіў яго па свеце.