Абодва босыя. Цераз плячо
Па зрэбнай торбе у таго й д'ругога...
Матнуў рукою Доўбуш:
— Эй, хлапчо!
Вядзі сюды старога! —
крыкнуў строга.
... І пацякла —
цякла рака тугі,
І стыла ў жылах кроў ад тых заплачак
З пратэстам струн,
і ўсё чамусь другім,
Маленькім, вартым жалю, кожны ўбачыў;
Сябе, суседа, горы і лясы,
І нават бога, гвалтам адбіранага...
І не хаваў ніхто сваён слязы, —
Музыка не мінаў ніводнай раны...
Траха змяніўся песні-сказу лад,
Прыйшла ў акорды ўзнёслая ўрачыстасць —
І загудзела Байдзіна страла
Няўмольнай помстаю цару-турчыну.
Не трэба ні царэўначкі твае,
Ні хцівай міласці, ані багацця.
Запомні, нехрысць: сын не прадае
Сваю матулю, а Радзіма ж — маці!
Спяваў музыка,
і Алекса чуў,
Як з кожным словам,
з кожнай новай нотай
Натхнёная трагічая журбота
Будзіла дзёрзка гордасць уваччу
За свой народ, за гэтую зямлю...
«Прэч, здрадлівыя цяжкія сумненні,
Што кроў бязвінных на маім сумленні —
Сто крат крывёй віноўных акуплю!..»
І стол аж застагнаў ад кулака,
Ды ўздрыгнуў раптам Доўбуш непрывычна.
— Багдан?!
Хілілася да вушака —
У твары ні крывіначкі —
Марычка...
Калі б якая-небудзь група сялян аберагала, або якой-небудзь ядой забяспечвала, або папярэджвала пра небяспеку Доўбуша і іншых апрышкаў, такая група без усякай літасці будзе цалкам выразана.
З універсала гетмана Іосіфа Патоцкага, 1742 г.
Адкуль яно, шчымлівае, плыло?
Чыёю позвай радасці і смутку?
Растрэсенае ў выемцы сяло
Прыціхла пад мярэжаю танюткай
Няпэўнан сіні самых ранніх зор.
А трэмбітанне, скарга-трэмбітанне
То поўніла журбой увесь прастор,
То замірала ў аблачынцы дальняй
І зноў лілося з залатых вяршынь,
Пранізанае дагараннем сонца...
Чаму ніколі так не даражыў
Алекса гэтай сцішанасцю соснаў,
Кажнюткай рыскаю хрыбтоў нямых,
Гаючым іх дыханнем,
як сягоння?
Нібыта й праўду асаблівы міг
Жыцця свайго ў сваіх трымаў далонях.
Залішняя раскоша, як пятля!
Калі штодня між смерцю й жыццем ходзіш...
Нашто трэмбіта голасам здаля
Вярэдзіць тое, што забыта? Годзе!..
Наструнена стаіўся лес наўкруг,
Захліпваўся струмочак за палянай...
Не баранілася Марычка рук,
Даўно аплаканых, заўжды жаданых.
Ручною птушкай прыпадала да
Каханага, хавала твар на грудзях.
Не па каменні носіцца бяда,
Але і радасць ходзіць жа — па людзях!
Усё адкрэслена, як непатрэб:
Багацце, безвыходнасць, муж настылы.
Нібы зняла з душы атрутны грэх,
Які, як жорны, ўсе гады насіла.
Не верылася, што яе Багдан
І ёсць Алекса Доўбуш, пра якога
Народ спяванкі гордыя складаў,
Каго бярог, як мог,
ад ліха злога.
Без каранёў вялікіх не бываць
Вялікім дубу, хоць з пароды й гэтай!
Хмялела небывала галава
Ад паху зелля,
смол,
за дзень нагрэтых,
І калацілі сэрцы, як званы...
Шапталі ўсё, шапталі вусны нешта,
І ўсё лаўчыўся месяц-перасмешнік
Заглянуць у пячору з вышыні...
На сёмуху прыйшоў да мяне ў Расток Алекса Доўбуш і пачаў мяне пытацца; «Што ты тут робіш, ці маеш жонку?» Я адказаў, што не маю, служу ў атамана на млыне. Пытаў мяне: »Адкуль ты сюды зайшоў?» Я адказаў, што з Шашораў, Каламыйскага павета. Потым стаў намаўляць: “Хадзем са мной, нікога ў цябе тут няма: ні братоў, ні жонкі...” і я згадзіўся.
3 паказанняў на судзе злоўленага апрышка Васіля Мельніка
— То помніце, без знаку не страляць! —
Яшчэ раз папярэдзіў Доўбуш хлопцаў.
Салдат Пшэлуськага відно здаля:
Пабліскваюць іх ружжы, збруя ў сонцы.
На нейкі момант вершнікаў прыкрыў
Гарысты выступ...
Але вось нарэшце —
На камяністай, небяспечнай сцежцы —
Налева скалы, справа ўніз абрыў —
З'явіўся першы карнік, ведучы
З апаскаю гнядога за сабою...
Другі... чацвёрты...
Атаман маўчыць —
Зарана падаваць сігнал да бою.
Дваццаты... соты...
Вось і ўвесь атрад
У вернай, у пагібельнай лавушцы!
Пара...
Якога д'ябла там, пара!