Але паўзуць, паўзуць хвіліны...
З вусця ж
Цясніны дзікаіі на шырокі плай
Ужо ідуць, выслізгваюць смалякі[13]!
— Што сталася?
— Чаму ты не страляў?
— Навошта выпусцілі сучых ляхаў?!
У позірках і недаўменне й злосць.
А Доўбуш, непадкупны, смутны Доўбуш
З разморанай, балючаю якойсь
Усмешкаю
стаіць перад натоўпам
Абураных апрышкаў,
саматой, і:
— То, браткі, не ляхі — нашы людзі...
Я блізка быў і чуў,
як між сабой
Гутарылі яны... Па жонцы нудзіць
Адзін ды па пакінутых малых...
А дрўгі — прокляць, кажа, служба наша.
Як ні прасіўся, дзе там, не ўмаліў,
Сілком аддаў у рэкруты пан, кажа.
Каб свая волейка, у гэты ж міг
Усё кінуў-рынуў бы, дахаты дунуў...
І сціснуў сэрца жаль: паб'ём іх мы —
А хто ж тады іх дзетак прагадуе?..
— А нас яны памілавалі б, га?! —
Гнеў у вачах апрышкаў, асуджэнне.
«Чужыя ўсе, чужыя...»
і туга,
Празрыстая да галавакружэння,
Туга і стома нейкая
усёй
Істотай Доўбуша запанавала.
Знянацку, як далёкі сон праз сон,
Спяванка да свядомасці дапала:
Візьми, мамо, піску в жменю,
Посій його на каменю...
Калі ён чуў яе і ад каго?
Схавацца, паляжаць бы ціха-ціха...
А спеў, нібы раствораны смугой
Жаўронак, ціха памяць пакалыхваў:
Як той, мати, пісок зійде,
Тоді твій син з війни прийде...
Року божага 1742, трэцяга дня месяца мая Даўгапольскі атаман Міка-лай Дзядушка пацярпеў ад Алексія апрышка, Доўбушам названага. Каторы Доўбуш спачатку яго мукамі суровымі мучыў, а потым главу яго сякераю адсек і хароміну з трупам спаліў, главу ж з сабою ўзяў і ніхто не ведае, толькі ён сам, дзе яе падзеў.
Запіс у царкоўнай кнізе сяла Даўгаполля
Як Маўка-вераснянка, у сваім
Расшыта-нахарошаным убранні
Пад вартаю спагаднаю хваін
Каля пячоры ад самога рання
Марычка Леся выглядала.
Ен
Сягоння мог і не прыйсці на стрэчу.
Але яна чакаць гатова вечнасць.
Даверліва, як шчырую далонь,
Працягвала бярозка жоўты ліст.
Пашорхвала чырвоная ігліца.
На людзі несла восень — пахваліцца —
Барвовы, з празалотаю, кілім.
У пастражэлай сіняве нябёс
Марудна хмаркі, белыя ягняткі,
Таўклі капыцікамі час...
І рос
Марычкін неспакой ад кожнай згадкі
Пра учарашні вечар Дзвінчукоў,
Пра змову куркулёў у іхняй хаце.
Хутчэй бы хоць Алекса ўжо ішоў!
Цяпер яму так трэ асцерагацца...
І шапкі злотых панству не шкада
За Доўбуша — так даўся ён у знакі.
А покі ёсць каму купляць,
відаць,
І тыя будуць, хто гатоў прадаць
Сваё сумленне за трыццатку звякаў...
Намовіліся ўчора: Мачарнак
З Мікулічына, нейкі лысы Грубас,
Сцяпан Дзвінчук — вясковая ўсё «знаць» —
Самім расправіцца з Алексам.
Рупіць
Спакусны кус, бо грошы «задарма»,
Ды шчэ ў прыдачу абяцанка волі.
А потым... Гэты ж збуйца-атаман
І з імі, як з Дзядушкам з Даўгаполля,
Мог паквітацца барткай і агнём —
Ляжы й трасіся, што — твая чарга мо...
Марычка ўскочыла; з-за камянёў
Данёсся шоргат, быццам пад нагамі.
Нікога... Падалося...
Колькі год
Яна ўжо тут сядзіць так і чакае?..
Крадком рысіным з-за пярэстых гор
Падходзіла — без любага — змярканне...
За варту і абарону ўрадавымі войскамі шляхецкіх памесцяў ад апрышкаў і паўстаўшых сялян вызваліць на пяць гадоў (1742—1747) ад усялякіх дзяржаўных падаткаў усе маёнткі гетмана Юсіфа Патоцкага на Галіцкай зямлі.
Пастанова сейміка галіцкай шляхты ад II верасня 1742г.
Бывай, паточак! Дзякуй, што паіў,
Як роска, чыстай, дужаю вадою,
Што несмяротным голасам сваім
Усю зімоўку ад бязлюддзя гоіў.
Да пабачэння, неруш! За прыём,
За ласку, за прытулак ратавальны
Тваёй глушы няздралівай — чалом!
Паблаславі дарогу душ апальных...