Выбрать главу
1970
* * *
Ёсць адзінае выйсце — жыць, Кожнай хвілечкай даражыць, Той хвілінаю, што — з табою, Тою вечнасцю, што — без цябе. I не згледзім, як нас з любоўю Ненасытны нябыт заграбе. Не даводзіцца наракаць. Журавінкай ірдзее пэўнасць: Застаецца па нас — напеўным Лёгкім клёнікам — цень радка. Пад яго жыццяноснай галінкай Пасвятлее хоць на краплінку Сэрцу, бедамі спаласаванаму, Неўміручаму — Закаханаму.
...Як на лета пяе сінічка!.. Дзе шчэ спелае жыта!.. Дзе знічка!..
1981
* * *
Я сёння ўсміхаюся з самага ранку, Мне сёння ўсё чыста ўдаецца, Чародкаю вольнай жураўкі-спяванкі — I тыя вярнуліся ў сэрца.
Вярнуліся, быццам і не пакідалі. Рабіна ў падворку — і тая Ірдзяныя ў сонцы высокім каралі Да свята майго прымярае I ценем прыхільным парог мой вартуе, Бо знае, каго сёння ўсё мне вяшчуе!
1989
СЭРЦУ
Замацуй у глыбінях сваіх Дзеля веры ў жыццё гэты міг. Смутак прыйдзе яшчэ. А цяпер, Калі дзень усміхнуўся вяснова, Паўнапраўна — і ўдзячна! — прымер Гэтай шчырай хвіліны абнову.
Не ўкарочвай святлоты яе, Не змарнуй гэтых рэдкасных шатаў. Чуеш, як пацішэлі твае Несуладдзі набыткаў і стратаў?
Гэта прагне зліцця да краёў Са святлом, пасыланым з аддалі, Падсвядомае мкненне тваё Да гармоніі і дасканалля.
Замацуй у глыбінях сваіх Знакам веры ў жыццё гэты міг.
1989
VITA BREVIS. PATRIA ETERNIS[1]
Пажадаў дабра мне друг зычлівы. Добра мне. Дзень, адмалку на журбу ўрадлівы, У цане. Ах, не час валошкавы мой тае — То пылок З трапятлівых крыльцаў асыпае Матылёк!..
Vita brevis. Patria eternis.
Зорны цвет Чалавечых дум аб шляху ў цернях, Запавет. Як не выйду больш на васільковы Я парог — Пагукай безмежжа гэтых словаў Чатырох...
1989
* * *
Жыццю векавечна ў далноні Гады за гадамі страсаць. Узросту не мае Гармонія, Не ведае межаў Краса.
Свяціць на сцяжынцы й найвузенькай Святлу чалавечай душы, Пакуль ёй жывільная Музыка Нябёснай крынічкай гучыць!
1997
* * *
Я маю толькі ймя. Чатары літаркі- нібы чатыры бакі свету. Твор, мне прадвызначаны дзеля пераствору у плынь жыцця. Тайнапіс лёсу, каторы спрабую адтаемніць.

Той час, які прасякнуты табою...

НЕ ТРЭБА ПЫТАЦЦА
Не трэба пытацца, што можа Любоў наша, еднасць людская: Не ўсё ўзяць нам тут на аброжак, Вось справа якая. Ды ўсё ж узаемныя смуткі Мы здольны хоць трошкі ўтаймоўваць — Пакуль не змялела ціхутка Сардэчная мова. Купаным у гэтым вытоку Найгодных людскіх парыванняў, I сам ён кладзецца пад крокі — Шлях да ратавання.
1984
* * *
Адным і тым жа вёрстам — Карацець І доўжыцца — На подзіў. Страчаемся з сябрамі ўсё радзей. Ужо як подзвіг — Парыў з-за кратаў неадкладных спраў Да тых нябёсаў, Дзе грае фарбамі адвечны спрат Апоры ў лёсе. Ужо і здольны на такі парыў Між нас не кожны. І зорка лучнасці ўжо ледзь гарыць Перасцярожна...
вернуться

1

Жыццё кароткае. Радзіма вечная (лац.).