Хай! Скажу адно шчэ на астатку:
Я не ўгну, панове, галавы!
Зразумее люд сваю вар'ятку:
Покуль пратэстуе — ён жывы!
1957
БАЛАДА ПАМЯЦІ
Цвіла пяшчотным лёнам неба сінь.
Жаданая, чаканая, уладная,
Ішла —
не ў госці йшла, а назусім
Да чалавека
Радасць Безаглядная.
Ёй бачылася ўжо, як шумна ў дом
Увойдзе гаспадыняй раным-раненька.
...Сурова заступіў дарогу дот,
Аброслы мёртвым зеллем і крываўнікам.
1975
ГОЛАС ЧАЦВЁРТАЙ
Усё гудуць на земным доле,
Гудуць пякельныя віры...
Хацела аднаго ад долі:
Душою з небам гаварыць.
...Ні ў кім, ні ў чым не паўтарыцца.
Скіпела ў слёзку — і няма...
Такому толькі там забыцца,
Дзе памяць знішчана сама.
Зноў сад магутна раскашуе
На попеле і на крыві.
Адно мяне, бярозку тую
Чацвёртую —
не ажывіць.
Калі ад душ кара адстане?
Крычы, мой лёс, пячы, шчымі,
Каб людзі ў шматмільярдным стане
Нарэшце зваліся людзьмі!
1983
ЯШЧЭ НЕ ДАРЭШТЫ
- Адкуль ты?
- З Беларусі.
- Беларус?
Ківаеш галавою: ну канешне!
I стане сэрцу соладка чамусь,
Хоць застанешся і спакойны знешне.
I песні ж беларускай не спяеш,
I хто такі — не ўпомніш — Каліноўскі:
Без гэтага нябедна пражывеш!..
Невераемна, што яшчэ... але ж
Шчэ соладка пры згадцы: край бацькоўскі...
1986
ВЯСНА ВОСЕМДЗЕСЯТ СЁМАГА
I зноў жывільны лівень мые
Ад хлуду мёртвага зямлю.
На думцы зноў сябе лаўлю:
Сплываюць дні мае нямыя.
Зямля не ходзіць у пазыку
Па сілу нанава радзіць.
Душы злачынна немай быць,
Як свет турбот такі вялікі.
Як дапякае палынова
Яшчэ і гэтая журба:
Жнем тое, што дала сяўба, —
Вось і ўмірае наша мова...
Калісь «халопскаю» панамі
Была ўсмак збэшчана яна.
Ды ўсё ж да смерці даўніна
Яе не ссекла бізунамі.
Уваскрасала жаўрукова
I на Палессі, і ў Ляўках,
На вуснах голі-мужыка
I ў Саўнаркоме Чарвякова.
Мы вольныя. Мы без прымусу
Савецкі лад жыцця пяём.
Між роўных роўныя жывём
З былінным імем — беларусы.
Чаго ж тады камяк у горле
Пры згадцы даўняга радка,
Радка Мацея Бурачка:
«Шануйце мову, каб не ўмёрлі»?..
1987
СУЗЯМЕЛЬЦЫ
Мае добрыя людзі,
Суайчыннікі,
Сузямельцы...
Вы і цяпер, як некалі,
Не так Бога баіцеся,
Як начальніка!
Пазавугаллю толькі
Прынцыповасць сваю выяўляеце,
Бы хвігу ў кішэні.
Цела недасканалае ваша ў руках
Невукаў дыпламаваных,
Крыўда ж духу народнага вашага,
Як лісцікам фігавым, хлусліва прыкрыта
Плакатнаю дружбай народаў.
Бедныя людзі мае, вы і цяпер,
Як за памяццю прадзедаў,
Пастаяць за сябе рызыкуеце толькі тады,
Калі вас давядуць да краю.
Што, калі нават гэтыя
Зернейкі годнасці спадчыннай
Па-рабску маўкліва
Паможаце вытруціць
I ў вашых дзецях?
Бедныя людзі мае,
Суайчыннікі,
Сузямельцы...