1988
НЕ ЧУЕ
Усшэсця Госпадава дзень,
Вялічанне Ўсёмоцы Духа.
Прыпятых да зямлі людаей
Слоў шаматкая пацяруха,
Спаклонліва цалуе крыж
Хто целам, хто душой калекі,
І вочы кожнага - наўзвыш,
І модлы кожнага - пра лекі.
А строгасць воблікаў Святых
Тысячагоддзі ўсцяж вястуе:
Гасподзь схіляецца да ўсіх,
Ды
духам ніцых
Ён не чуе.
НАБАЛЕЛАЕ
Не слова спасут, а их применение.
Дзіва з дзіў для чалавека: ён часовы,
Бюракрат жа несмяротны на пасту!
Колькі звону пра размах перабудовы,
Колькі лоску на чарговую лухту!
Покуль пуста ў кашальках у нас і ў крамах,
Покуль чэргі ёсць, і хабары, і блат,
Хто дудзіць «вярхам», што выканаў Праграму,
Той сумленнаму працаўніку — не брат!
Трэба помніць гэта, людзі, трэба помніць,
Каб, узняты плёнам нашых мазалёў,
Не пасмеў чыноўны хам сабе выкоўваць
Панцыр з медалёў!
Край і так ужо даведзены да краю
Пад маўчанне наша, бы ні да казны
Нам, ні нават да таго, за што ўміраюць
На чужой чужыне родныя сыны...
Мы не падкія да плётак і сенсацый.
Працінае ж душы сталіншчыны жах,
Каб вучыліся за годнасць мы змагацца,
Каб у рабстве не трымаў нас болей страх.
Не народ слуга ў чыноўніка, чыноўнік
Служка люду паспалітага свайго!
Мы забыліся пра гэта і віноўны
За трагічны свет усе да аднаго.
Трэба ўцяміць гэта, людзі, трэба ўцяміць,
Што апошні шанец маем сёння мы,
Каб устаць за праўду й стаць гаспадарамі
На зямлі без ашукальніцкай чумы.
1988
ТУТ, І ЦЯПЕР
Тут,
і цяпер
няўступна ўнушаецца,
што паныласць -
нармальны стан чалавека,
а прыязная ўсмешка -
гэта шчырасць
маскі.
Тут;
і цяпер
ваявіта даводзіцца,
што хлусня -
гэта чыстая праўда,
што ж да праўды самой,
то яе
увогуле не існуе,
а, значыцца,
няма і хлусні.
Тут,
і цяпер
расхлябенены
усе дзверы постраху,
каб замкнуліся вусны
на пытанні
пра духаўздымнае вызваленне,
магчымае тут,
і цяпер.
Покуль ёсць адважнікі,
будуць і баязліўцы.
Покуль ёсць баязліўцы -
будуць адважнікі.
Лунае высокае рэха:
Яднаймася!
Тут, і цяпер!
ПЕСНЯ КАСІНЕРАЎ
Заходзіць барвовае сонца,
Бы наша скіпелая кроў,
Пралітая не за чырвонцы —
За край без паноў і цароў.
Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
вашае лганства,
Нясцерпны
бізун і аброць!
Ёсць воля і ў лютым прыгоне,
Мы маем з чаго выбіраць:
З'яднацца пад сцягам Пагоні
Ці тупа, як быдда, канаць.
Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
вашае лганства,
Нясцерпны
бізун і аброць!
Пашчэрблены ў ярасці косы
Аб шаблі й штыкі маскаля:
Ужо не памрэ безгалоса
Пакутніца наша зямля!
Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
вашае лганства,
Нясцерпны
бізун і аброць!
Заплача бяроза над намі,
Тужліва сасна загудзе,
Барвовае сонца на памяць
У лёс Беларусі ўпадзе...
Дрыжы, распадлелае панства,
Як рэха паўторыць стакроць:
Нянавідна
вашае лганства,
Нясцерпны
бізун і аброць!