Выбрать главу
1988
ЛАЎЦАМ ЧОРНАГА КАТА Ў ЧОРНЫМ ПАКОІ
Не давымотвайце мне сілы, Не падпіхайце да мяжы, Дзе шлях мой па зямельцы мілай Упрэцца ў сумныя крыжы — I стане ў свеце крыжам болей: О, як дажыць хацела б я Да дня, калі змагу без болю Аб Беларусі запяяць!.. Калі пабачу, што зямную, Дзівосную красу яе Больш пустадомак не спляндруе, А мову пан не аплюе Чыноўнаю ілжывай фразай, Што дбае пра культуру ён, А сам па-беларуску й сказу Не вымавіць здаўна-давён, Хоць нарадзіўся тут і вырас На гэтай прадзеднай зямлі, Што ўсім нам дадзена навыраст, Каб дасканаліцца маглі Не ў спусташэнні, а ў любові. О, як дажыць хацела б я Да дня, калі змагу без болю Аб Беларусі запяяць!..
1988
ПЯЦЬ ГАЛАСОЎ
- Каб збавіцца мне ад душэўных ран, Забыць мне трэба пра Афганістан, Пра славу і няславу ў той вайне, Пра маладосць у цынкавай труне.
- Каб збавіцца мне ад душэўных ран, Забыць мне трэба пра чарнабылян,
Кім сталі ўсе мы на зямлі айчыннай, I выміраем ад жуды злачыннай.
- Каб збавіцца мне ад душэўных ран, Забыць мне трэба пра ганебны зман, Якім людзей аблутваць не зракліся Халопы нават і пасля Тбілісі.
- Каб збавіцца мне ад душэўных ран, Насыпаць трэба волатны курган На ўсё, што знаем пра сябе сягоння, Пра нашы Курапаты і Пагоню.
- На волатны курган сядаў груган. Хто ўмёр — маўчаў, Жывы — нямеў ад ран. А гнеў патрабаваў крыві за кроў. Крый Бог нам абяспамяцець ізноў!
1989
* * *
...Змушаліся ногі хадзіць Толькі па адной-адзінай дарожцы. Змушаліся вочы бачыць Толькі адным-адзіны куточак свету. Змушалася галава дбаць Толькі пра выжыванне. Як вымушалася, Так з чалавечкам і сталася: Замест веры ў сябе — Толькі боль, боль у сэрцы, Абмежаваным смяротна.
1990
А ХТО ЗАМАХНЕЦЦА...
Мы – творства руіны. Мы любім руіну: і жывімся ёю ж бо, і пустацвецім, і хто замахнецца на нашу айчыну, хай мае на ўвеце: былое жыве – не бяскрыўдна блукае дзень-ноч самапасам па друзе зляжалым. Атругаю марыва засцерагаем, раздвоеным джалам: у блёкаце задзірванела ўзбуялым, правітым ажынай на сцежках вужыных, ніхто не зачэпіць тут беспакарана нас – творства руіны, нас – творцаў руіны.
НАКІДАЮЦЬ...
Вецер водарыць упарта Першацветаваю цнотай. ...Накідаюць мне пагарду. Свет не варты пашаноты.
На стаптаны поплаў выйду - У сіле шарону ранне. ...Накідаюць мне агіду. Свет не варт замілавання.
Што мінецца хмараў навісь - Суцяшэннейка слабое. ...Накідаюць мне нянавісць. Сэрца плача па любові.
НЕЎНІКНЁНАСЦЬ
Няпэўны час, Няпэўная душа. Зацемраных людзей нясцерпна шкода... Святое Слова, што было спярша, Не як Любоў у іх, А як выгода.