Выбрать главу
Знішчае брата ўладалюбны брат, Сястра зняслаўліваецца сястрою, Пыхлівай самасці барвовы чад Зацьміў усе іх зоркі над зямлёю.
Але яны гараць, яны гараць, Не сцерці іх з касмічнае разлогі! Святло іх прыме — змушана прыняць!— У мілажалю ўскрэслы люд убогі!
I чыстым сэрцам ясна ўбачыць ён Сябе гаспадаром ва ўласным доме, I ў муках знойдзецца і сэнс, і плён, I ўжо на збыткі не аддасца доля.
1992
МАЛІТВА ЗА ЎСІХ
О, каб далося і мне Стацца для вас травою, Той травой, Што на горка-зняможлівай, Сцюдзенай вярсце Рызыкоўна праточваецца Праз кару буралісту, Цвіце Ацаляльнаю барваю Зеляною.
О, каб далося і вам Стацца нямарнай надзеяй, Што, як бы ні мэнчыў усіх Злыбедны турботаварот, Вы будзеце помнІць, што вы ~ БЕЛАРУСКІ НАРОД Жывы на нябёсах, Які і на прахлай зямлі Не згібее.
Усемагутныя Сілы Ўсявышнія! Вамі трыманая і прасвятляная, Сёння за ўсіх малю: Уздольніце нас, Коснаязыкіх і запамарочаных, Прамаўляць ачышчальнае і найлучлівейшае:
"Люблю!
ВЯЧОРНАЯ МАЛІТВА
Даруй мне, Госпадзе, мой цяжкі грэх: Сягоння я з сабой не саўладала, Не ўтаймавала каламуты шалу, Нянавісці да чалавека З мазгамі хворымі. Даруй мне, Божа: Упершыню ў жыцці аж так варожа Смяротны выдыхнуўся мной праклён... Я помню запавет: "Не асудзі". Я ведаю: Табой судзіма буду, — Няхай жа воля здзеецца Твая! - Але даруй, што поскудзь гэту, Юду, Адродка гэтага любіць не здольна я! Калі ён з роднай мацеры, маньяк, Па-сатанінску здзекуецца, дужы, Ірве язык ёй, адцінае вушы, Вымае вочы, гвалціць памяць, — Як, О Госпадзе, як розуму не страціць, Гэта ўсё бачачы, Бяссілы Суняць, ацяміць, здаць дактарам яго?! Хоць лек ніякі ўжо тут не паможа... Даруй мне, Божа,
* * *
Любоў мая, укрый мяне Хоць позіркам замілаваным: Хай, зноў табой паратаваная, Душа хоць трохі адпачне.
Нікчэмны свет, аблудны свет Агідзеў да ванітавання: За ўладу подлае змаганне — I сцяг яго, і запавет.
I гінуць праўды светлячкі Пад выштукаваным абцасам, I людзі з цемрай зноў сам-насам, Ужо, здаецца, на вякі...
Укрый мяне, любоў мая, Хоць позіркам замілаваным, Каб, зноў табой паратаваная, Жыццё як ёсць прымала я.
1989
БУДЗЕМ!
Не знемагайма ў адчаі, сябры, Не знемагайма. Сцюжа люцее на нашым двары: Пры вогнішчах духу чувайма.
Не ўпершыню зліхадзеены мор Так пагражае Краю прыкляклых братоў і сясцёр, Беларускай дзяржаве.
Не ўпершыню "спагадае" сусед, Хочучы ў сплату Нашы - за свой дабрачынны абед — Спрадвечныя мову і хату.
Будзем адхукваць зынелую рунь, Колькі магі ёсць, Дзеля ўмалоту і шляху ў зару Вольнасці, а не ў магілу. Будзем!
* * *
Калі б замовіла свой страх, Калі б яго я пазбылася, Душа не чэзла б у мурах, Душа купалася б у ясі.
Надарваецца ж гэткі цуд: Бы збоч самой сябе стаю я, А ўсё, што мне балела тут, Як падаліст, ля ног шумуе.
Не вусцішна ні за сябе, Ні за радню, ні за сябрыну, Ні за бяссілую Айчыну: Хіжак ёй печань не дзяўбе.