Бо годны вызначаны шлях,
І ланцугі сарваны з духу,
І рух разгортвае абсяг
Бязмежжа
за вяршыняй скрухі...
Надарваецца ж гэткі міг!..
МІЖ КВЕЦІВАМ СНЕГУ Й ПЯШЧОТНАЙ СНЯЖНІЦАЮ ВІШНІ
Максіму Багдановічу
— Ен быў Тваім братам, —
сказала сястрыца Данута. —
Абыдзены шчасцем,
шчэ больш безнадзейны ў пакутах.
Скажы пра Яго!.. Памаліся. I будзеш пачута.
А мне — зацяло... Хоць сябе й пачуваю сястрою.
Самотай Паэтавай сэрца самотнае крою.
Між квецівам снегу й пяшчотнай сняжніцаю вішні
Адшчодрыў палёту Яму над юдоллю Ўсявышні.
Крылаты заўжды асмяецца бяскрылымі ўсімі,
Зняважыцца імі, адпрэчыцца імі, Максіме.
Мінецца зямное — і немач, і пыха, і зверства,
I стома змагання, і ў лепшую долю няверства.
Адно не міне, не замосціцца — прорва самоты
Духоўнай істоты ў шуканні Красы між марноты.
Ці ж толькі ад жалю да нашае нэндзы краёвай
Бог вусны Твае растуліў беларускаю мовай?!
Не на прамінанне блукае вярэдліва рэха
Між цёплай сняжніцаю вішні і квецівам снегу!..
1997
* * *
Асвойваем юдоль мы ненамарна:
у кожнага зярняці — пэўны шлях.
Нічога, што йшчэ так абложна хмарна:
вясны ўжо квет завязаны ў палях!
Не пойдзе ён у пустацвет;
не згіне
Узгадаваны працай
волі плод:
аддадзены адроджанай Айчыне,
саміх нас не аддасць на глум, на звод.
Здабудзем долю, радасцю багатай,
сагрэем душы ўсіх
цяплом сваім.
Яшчэ прыластаўчыцца наша свята,
Яшчэ прытульна будзе люду ў ім!
АДКАЗ "ПЕРШАЦВЕТУ" НА ЯГОНУЮ АНКЕТУ
— Што ўплывала на Вас, калі Вы пачалі пісаць на беларускай мове?
— Які свет Вы хацелі б стварыць у сваёй творчасці і якой Вы хацелі б стварыць сябе ў гэтым свеце?
Што ўплывала, калі пачала
Я пісаць беларускаю мовай?
Канаванай парою пчала
Назапашвае ўзятак мядовы.
Канаванай,
Наспелай парой.
Спела ў часе й маё шчыраванне...
Сёння поклік настойлівы той
Я акрэсліла б як павітанне
Усяго, што амыла душу
I жывою вадою, і мёртвай.
Перад істай, бадай, не зграшу,
Як скажу:
Змалку ведала цвёрда,
Што
Люблю непаўторны свой род
I яго анідзе не зракуся,
Як бы лёс ні падгорчываў мёд
Прыналежнасці да Беларусі.
Давялося ж бо павандраваць
Мне й па розных дарогах няблізкіх:
Свет умее ў палон сэрца браць,
I вязніцай не стала калыска
Майго голасу ў свеце зямным.
Дзячу долі за ўсе пуцявіны,
Дзе жаўронкавы час, і савіны
Мяне моцніў вяртаннем маім
У ціхмяны мой край, да жытла
Каля шэрага поля й балота,
Каб адчуць — зноў і зноў! — я магла
Наўзвышальную дзею тайноты
Ўласнай злітнасці з гэтай зямлёй,
З песні ейнае ладам смутлівым,
З той адвечнай гаворкай, якой
Свет шматстайняць і родныя Нівы
(мая вёска, мае карані).
Гадаванка палескае глебы,
Я папросту не мела патрэбы
З Музай мовай чужой гаманіць.
Хоць даніну і я аддала
Вершаваннем калісь па-расейску:
Беларуская ж мова была
Між "культурных",
Бы й сёння,
"Плебейской"...
Гарда гэтая, можа, найбольш
На мой выбар тады паўплывала:
Творства ўласнае стала маёй
Сталай формай пратэсту на боль,
На знявагу, пахлебства, хлусню.
Вопыт людства ды ўласны наш вопыт
Прымушаюць нас у глыбіню
Кожнай з'явы глядзець.
Ўсякі клопат
Чалавека
на пэўнай зямлі,
Ў пэўным часе ды ў пэўным суполлі
Ёсць высілкам на той араллі,
Дзе ўсёлюдская творыцца доля.
Дасканаліць самога сябе
Азначае спрыяць дасканаллю
Свету цэлага, дзе зноў за даллю
Толькі далеч пакліча цябе.
Усміхаюцца людзі ў адказ,
Калі часам з усмешкай зазначу,
Што й падлогі мыццё нам аддзячыць,
Калі мыем мы — не напаказ...
Свет любові, ладу, чысціні
Ва ўзаемінах чалавечых,
Свет павагі і дабрыні —
Толькі ён можа дух наш увечніць.
Як умела, стварала яго,
Як пасільвала, як патрапляла.
А які мне набытак з таго?
Спадзяюся, ў сабе ўтаймавала
Я хоць ноту гардыні зямной.
Навучаюся не мітусіцца,
Спакайнець, не ірвацца душой
Да таго, што не можа тут збыцца.
Як вучуся й дагэтуль святліцца,
Дзякуй верным сябрам за цяпло
На жыццёвых пранозлівых проймах:
Так хачу, каб ім вольна было!
Каб Святло іх трымала ў абдоймах!