- Галубка мая,
Шызакрылая,
Якая ўдалася
Ты журлівая!
Ой, ёсць у мяне
Семсот галубоў,
Лятай, выбірай
Па сэрцу любоў.
Ой, лятала я,
Выбірала я,
Нё знайшла такога,
Як страціла я...
А на старой бярозе за акном
Кажнюткі ліст імя тваё калыша;
А за парогам кожная сцяжынка
Звіваецца ў дарогу — да цябе:
I што ні міг, сваёй кажнюткай нотай
Святло і цень — табе — складаюць гімн.
1972
АМО ТЕ
«Аmо tе, аmа mе, fides immortals» - «Кахаю цябе, кахай мяне, вернасць несмяротная», — пісалі старажытныя рымляне на заручальных пярсцёнках.
З Рыма, з даўніх давён,
Праз стагоддзі-вякі,
У абрадавым звоне крыштальным
Прыкаціўся пярсцёнак
Да жаночай рукі,
Прыкаціўся пярсцёнак
Да мужчынскай рукі, —
AMO TE,
AMO ME,
FIDES IMMORTALES.
Блаславіў Гіменей,
Абяцаў Гіменей
Сонца, шчасце раскрыленых даляў.
І выстукваюць сэрцы
У цябе і ў мяне;
AMO TE,
AMO ME,
FIDES IMMORTALES.
Па жыцці не прайсці,
Каб не зведаць бяды.
Нам бы толькі пярсцёнкі шапталі
Праз вясну і слатэчу,
Праз гады і гады:
AMO TE,
AMO ME,
FIDES IMMORTALES.
* * *
Так часта пад гарачую руку
Натворыш нешта, нагародзіш нешта, -
Касуеш найдарожшае дарэшты
Так часта пад гарачую руку
Згрызоты – быццам совы на суку,
Атрутнай мукай – нечая бязгрэшнасць...
Так часта пад гарачую руку
Натворыш нешта, нагародзіш нешта...
1970
ВОСЕНЬ
Ластаўка вясну пачынае,
восень наклікае.
Народнае
Ляцелі ў святліцу.
А трапілі вязнямі ў цэлю.
О, сцены!
О, гэты злавесныя цені!
За кратамі
Восень трасе рызманамі стракатымі —
Мроівам шат.
Заўсёды так мала хацела я:
Святла ды цяпла.
А вось выяўляецца:
Хацела — заўсёды! — зашмат.
Напраўду зашмат.
Нераскайна
Высозную цэннасць
Надавала сама
І парыўнаму кроку насустрач,
І загойнаму слову.
Твайму.
Надавала шалёную цэннасць.
А спаўна заплаціць не магла.
Не ўмела.
Так імкліва
Пяшчотная ластаўка наша падворышча абляцела,
Каб даверліва нам перадаць абавязак свой —
На падвор'е наклікаць зіму.
* * *
На асамотненай кручы
Лёс не дае халадзець:
Радасна і балюча
У вочы твае глядзець.
Казкаю пакарана,
І ведама нам абаім:
Сонца не за гарамі —
Яно за болем маім.
СЯБРАМ
Я не ару, не сею і не жну,
як не праду, не тку і не будую.
Куды ні траплю — скрозь магу разлічваць
Калі не на свяцільнік — на лучынку,
Як не на белы хлеб — хоць на скарынку,
Як не на малако — хоць на ваду:
Людскога клопату хаця б расінку
Паўсюль знайду.
I не падлічваюць пры гэтым людзі,
А што за гэту ласку ім прыбудзе.
Я ж не ару, не сею і не жну я,
I не праду, не тку і не будую —
Выводжу толькі думкі на папас,
Над словам праўды зболенай шчырую.
Ці дарасту, ахвярнікі, да вас?
1987
* * *
Не хацела нічога ад вас,
А дары не прыняць не змагла.
Падзякуйце вашым ганцам:
Ветру з гор,
Што настойліва браў за плячо
І прымушаў азірнуцца,
Каб спаткаліся нашы пагляды;
Неспадзеўнаму ліўню, які
Вестуном жыццярадасным
Шчодрасці вашай з'яўляўся;
Ціхай хвалі марской —
Пра патрэбу пяшчоты
Са мной гаварыла яна;
І раскутай,
узбуранай хвалі падзякуйце
За дакладнасць высновы:
Немагчыма —
без бунту.
Не хацела нічога ад вас.
...I вамі — жывая.