І вось мы апынуліся побач на вузкай сухой палосцы; за спінаю ў нас былі зачыненыя аканіцы кіёска, над галавою - занадта малы навес, і несуцішны лівень абліваў халоднымі пырскамі наша адзенне і твары. Становішча рабілася невыносным. Я проста не магла болей стаяць побач з гэтым наскрозь прамоклым чужым чалавекам. Але, прыцягнуўшы яго сюды, я не магла і пакінуць яго без ніводнага слова на развітанне. Штосьці павінна было адбыцца, і я прымусіла сябе цвяроза зірнуць на ўсю гэтую справу. Лепш за ўсё, падумала я, завезці яго ў экіпажы дадому, а потым вярнуцца ў свой гатэль; заўтра ён ужо сам знойдзе выйсце. І я спыталася ў чалавека, які нерухома стаяў побач са мною і пільна глядзеў у цемру:
- Дзе вы жывяце?
- У мяне няма кватэры... Я толькі ўвечары прыехаў з Ніцы... да мяне нельга...
Апошнія словы я зразумела не адразу. Толькі пазней мне стала ясна, што ён прымаў мяне за... какотку, за адну з тых жанчын, якія гуртам бадзяюцца ўночы каля казіно, спадзеючыся вывудзіць грошы ў шчаслівага гульца або ў п'янага. Дый што мог ён яшчэ падумаць - бо толькі цяпер, калі я гэта вам расказваю, я адчуваю ўсю неверагоднасць і фантастычнасць майго становішча; сапраўды, бесцырымоннасць, з якою я адарвала яго ад лаўкі і пацягнула за сабою, зусім не адпавядала паводзінам прыстойнай жанчыны. Але пра гэта я тады не падумала; толькі пазней, занадта позна здагадалася пра яго жудасную памылку. Бо іначай я ніколі б не вымавіла тых слоў, якія маглі адно павялічыць непаразуменне. Я ж сказала:
- Тады трэба наняць пакой у гатэлі. Тут вам нельга заставацца. Вам трэба дзе-небудзь знайсці прытулак.
Тут толькі я зразумела ягоную непрыемную мне памылку, бо ён нават не павярнуўся да мяне, а неяк насмешліва адказаў:
- Не, мне не трэба пакой, мне наогул нічога не трэба. Не турбуйся, з мяне нічога не выціснеш. Ты звярнулася не ў адрас, у мяне няма грошай.
Гэта было сказана з такою жахліваю абыякавасцю; гэты прамоклы, ушчэнт спустошаны чалавек стаяў як нежывы, бяссільна прыхіліўся да сцяны, і я не паспела нават дробязна, па-дурному пакрыўдзіцца, настолькі моцна я была ашаломлена. Мною авалодала пачуццё, якое ўзнікла ў першы момант, калі ён, хістаючыся, выйшаў з залы, і не пакідала ўсю апошнюю фантастычна недарэчную гадзіну: жывая істота, юная, дыхаючая, асуджаная на смерць, і я павінна выратаваць яе. Я падышла бліжэй.
- Не турбуйцеся за грошы, хадземце. Тут вам нельга заставацца, я як-небудзь уладкую вас. Не турбуйцеся ні пра што. Толькі хадземце хутчэй.
Ён павярнуў галаву - дождж глуха барабаніў навокал, і з вадасцёкавай рыны да нашых ног збягала вада, - і я зразумела, што ён упершыню спрабуе разглядзець мой твар у цемры. Ён паварушыўся, мусіць, паволі прачынаючыся ад свае летаргіі.
- Ну, як хочаш, - здаўся ён нарэшце. - Мне ўсё роўна... Зрэшты, чаму б і не пайсці? Пойдзем.
Я раскрыла парасон, ён падышоў бліжэй і ўзяў мяне пад руку. Гэтая раптоўная фамільярнасць была мне непрыемная, яна нават спалохала мяне, сэрца сціснулася ад страху. Але я не асмелілася абарваць яго, бо калі б я цяпер адштурхнула яго, ён бы загінуў і ўсе мае намаганні прапалі б дарма. Мы прайшлі некалькі крокаў, якія аддзялялі нас ад казіно. Тут толькі я падумала: як жа мне быць з ім далей? Лепш за ўсё, хутка прыйшло мне ў галаву, завезці яго ў які-небудзь гатэль і сунуць у руку грошы, каб ён мог пераначаваць і заўтра паехаць дадому; што будзе далей - я нават не думала. Да казіно раз-пораз пад'язджалі экіпажы, я паклікала адзін, і мы селі. Калі вазак спытаўся, куды ехаць, я спачатку не ведала, што адказаць. Я разумела, што майго прамоклага да ніткі спадарожніка не прымуць у дарагім гатэлі, і была настолькі нявопытная ў такіх справах, што, не падумаўшы пра двухсэнсавасць становішча, крыкнула:
- У які-небудзь гатэль прасцей.
Вазак, які ўвесь час быў пад дажджом, абыякава пагнаў коней. Мой сусед не гаварыў ні слова; колы грукаталі, і дождж шалёна барабаніў у шкло; зачыненая ў гэтай цеснай, падобнай на труну скрыні, я адчувала сябе так, быццам везла нябожчыка. Я старалася сабрацца з думкамі, знайсці словы, каб перарваць дзіўнае, цяжкае маўчанне, але мне нічога не прыходзіла ў галаву. Праз некалькі хвілін экіпаж спыніўся; я выйшла першая, і, пакуль мой спадарожнік машынальна, нібы спрасонку, зачыняў дзверцы, я расплацілася. Мы апынуліся каля пад'езда маленькага незнаёмага гатэля; вузенькая шкляная павець бараніла нас ад дажджу, які з шалёнаю ўпартасцю рваў і крэмзаў непраглядную цемру.
Мой незнаёмы спадарожнік, нібы знясілены ад цяжару свайго цела, прыхінуўся да сцяны; вада капала з яго мокрага капелюша і змятай адзежы. Як тапелец, якога толькі што выцягнулі з вады і яшчэ не апрытомнілі, стаяў ён там, і каля ног утварыўся ручай вады, якая сцякала з яго. Ён нават не спрабаваў атрэсціся, зняць капялюш, з якога кроплі падалі на твар і на лоб. Ён стаяў, абыякавы да ўсяго, і я нават апісаць вам не магу, як уразіў мяне гэты надлом.