Выбрать главу

Вы дазволіце мне не расказваць, што адбылося ў тым пакоі ў тую ноч; я ўсё помню і нічога не хачу забываць. У тую ноч я змагалася з чалавекам за яго жыццё; паўтараю - справа ішла пра жыццё і смерць. Вельмі выразна я адчувала, што гэты чужы, ужо амаль асуджаны на смерць чалавек прагна і палка хапаецца за мяне, як тапелец за саломінку. Ужо падаючы ў бяздонне, ён чапляўся за мяне з усёю ўтрапёнасцю роспачы. Я ж усімі сіламі, усім, што мне было дадзена, змагалася за яго выратаванне. Такія гадзіны выпадаюць на долю чалавека толькі раз у жыцці, дый то аднаму з мільёнаў; каб не гэты жахлівы выпадак, і я б ніколі не даведалася, як палка, з якою шалёнаю і неўтаймаванаю прагнасцю апошні, прапашчы чалавек упіваецца апошняю кропляю жывога гарачага жыцця; апошнія дваццаць гадоў я жыла ў поўным няведанні цёмных сіл быцця і ніколі б не зразумела, якая магутная і вычварная прырода ў адным дыханні пераплятае спёку і холад, жыццё і смерць, захапленне і роспач. Гэтая ноч была так насычана барацьбою і словамі, палкім пачуццём, гневам і нянавісцю, слёзамі ўпрошвання і ап'янення, што яна здалася мне тысячагоддзем. І мы, у злітным парыве кідаліся ў бяздонне, адзін - раз'юшана, другі - неўсвядомлена, і выйшлі з гэтага смяротнага паядынку другімі, змененымі, з новымі думкамі, з новымі пачуццямі.

Але я не хачу гаварыць пра гэта. Я не магу і не буду нічога апісваць. Скажу толькі пра першую хвіліну свайго абуджэння. Я прачнулася ад свінцовага сну, скінула з сябе аковы такой бяздоннай ночы, якой ніколі раней не ведала. Я доўга не магла расплюшчыць вочы, і першае, што ўбачыла, была чужая столь у мяне над галавою, потым абрысы чужога, незнаёмага, агіднага пакоя, у якім я невядома як апынулася. Спачатку я пераконвала сябе, што гэта сон, толькі больш лёгкі, больш празрысты, у якім я забылася пасля таго ўдушлівага сумбурнага кашмару; але за вокнамі было яркае, рэзкае сонечнае святло, святло раніцы, знізу даносіўся вулічны шум, грукат колаў, трамвайныя званкі і чалавечыя галасы. І тут я зразумела, што не сплю, што гэта ява. Міжволі я прыўзнялася, спрабуючы ўспомніць, дзе я, і раптам ўбачыла - мне ніколі не перадаць вам жаху, які ахапіў мяне, - чужога чалавека, ён спаў са мною на шырокім ложку... чужога, чужога, чужога, паўголага, незнаёмага чалавека...

Не, гэты жах не паддаецца апісанню; ён так нечакана зваліўся на мяне, што я бяссільна апусцілася на падушку. Але гэта была не выратавальная непрытомнасць, не страта прытомнасці, наадварот - я імгненна ўспомніла ўсё страшнае, розуму недаступнае, што здарылася са мною; у мяне было адно жаданне - памерці ад сораму і агіды. Як магла я апынуцца ў нейкай падазронай трушчобе, на чужым ложку, з абсалютна незнаёмым чалавекам! Я выразна помню, як у мяне перастала біцца сэрца: я затрымлівала дыханне, быццам гэтым магла спыніць жыццё і пагасіць памяць, гэтую ясную, страшна ясную памяць, якая ўсё разумела, але нічога не магла асэнсаваць.

Я ніколі не даведаюся, ці доўга я гэтак праляжала анямелая - мабыць, вось так ляжаць нябожчыкі ў труне; ведаю толькі, што я заплюшчыла вочы і малілася богу, нябесным сілам, прасіла, каб гэта было няпраўда, выдумка. Але мае абвостраныя пачуцці ўжо не дапускалі падману, я чула ў суседнім пакоі чалавечыя галасы і плёскат вады, у калідоры шорганне крокаў, і тыя гукі гаварылі, што ўсё - праўда, жорсткая, няўмольная праўда.

Цяжка сказаць, колькі часу працягвалася гэтае невыноснае становішча: такія імгненні маюць другую працягласць, чым спакойныя адрэзкі часу. Але раптам мною авалодаў іншага роду страх, пранізлівы, халодны страх; а раптам гэты чалавек, імя якога я не ведала, прачнецца і загаворыць са мною! І я адразу ж зразумела, што мне застаецца толькі адно: адзецца і ўцякаць, пакуль ён не прачнуўся, больш ніколі не трапляцца яму на вочы, не гаварыць з ім, ратавацца ўцёкамі, пакуль не позна. Хутчэй прэч адсюль, у сваю жыццёвую каляіну, у свой гатэль, і з першым цягніком прэч з гэтага праклятага месца, з гэтай краіны! Больш ніколі не сустракацца з ім, не глядзець яму ў вочы, не мець сведкі, абвінаваўцы і саўдзельніка! Гэтая думка дала мне сілы: вельмі асцярожна, крадком, як злодзей, цаля за цаляю (толькі б не шумець) прабіралася я ад ложка да сваёй адзежы. Вельмі асцярожна я адзелася; я дрыжала ўсім целам і кожную хвіліну чакала, што ён прачнецца, - але ўсё ўдалося, я ўжо гатова ісці. Толькі капялюш мой ляжаў з другога боку, у нагах ложка, і калі я падыходзіла на дыбачках, каб узяць яго, тут... я проста не магла зрабіць інакш; я мусіла яшчэ раз зірнуць на твар гэтага чужога чалавека, які зваліўся ў маё жыццё, як камень з карніза; толькі адзін раз хацела я зірнуць на яго; і што болей за ўсё мяне здзівіла: гэты малады чалавек, паглыблены ў сон, быў сапраўды чужы; у першы момант я нават не пазнала яго твару. Быццам сцерліся ўчарашнія, перакрыўленыя пачуццём, зведзеныя сутаргаю рысы смяротна ўзбуджанага чалавека, - у гэтага юнака быў зусім другі, зусім дзіцячы, хлапечы твар, які ззяў яснасцю і чысцінёю. Вусны, учора закушаныя і сціснутыя, былі пяшчотна, летуценна раскрытыя і, здавалася, усміхаліся; хвалістыя бялявыя пасмы мякка падалі на разгладжаны лоб, і роўнае дыханне лёгкімі хвалямі ўзнімала грудзі.