Выбрать главу

Праўда, нялёгка было цяпер сустрэцца з ім, бо ўсё| ўчарашняе адбылося ў цемры, у нейкім віхры, быццам нечакана сутыкнуліся два камяні, скінутыя вадаспадам; мы ледзь ведалі адно аднаго ў твар, я нават не была ўпэўнена, што незнаёмы мяне пазнае. Учора гэта была выпадковасць, ап'яненне, вар'яцтва двух разгубленых людзей, а сёння мне давядзецца расказаць яму болей пра сябе, чым учора, бо цяпер, у яркім, бязлітасным святле дня, я мусіла паўстаць перад ім такою, якою была, - жывою жанчынаю, у якой ёсць свае асаблівасці і свой твар.

Але ўсё аказалася лягчэй, чым я думала. Ледзь толькі я ў дамоўлены час падышла да казіно, як нейкі малады чалавек ускочыў з лаўкі і паспяшаўся мне насустрач. Колькі радаснага здзіўлення, дзіцячай непасрэднасці было ў яго, як заўсёды, красамоўных рухах! Ён кінуўся да мяне, у яго вачах ззяла радасная і разам з тым пачцівая ўдзячнасць, і ён пакорліва апусціў вочы, улавіўшы маю збянтэжанасць ад яго прысутнасці. Так рэдка сустракаеш у людзей удзячнасць, і менавіта найбольш удзячныя не знаходзяць на яе слоў; яны няёмка маўчаць, саромеюцца свайго пачуцця і нярэдка паводзяць сябе нязграбна, калі спрабуюць схаваць гэта. Але гэты чалавек, якога бог, нібы таямнічы скульптар, надзяліў дарам пластычна, адчувальна і прыгожа выказваць душэўныя парывы, усёю сваёю істотаю выпраменьваў гарачую палкую ўдзячнасць. Ён нагнуўся над маёю рукою і ў глыбокай пашане схіліў далікатную хлапечую галаву; на імгненне ён знерухомеў, ледзь дакранаючыся вуснамі да маіх пальцаў, потым толькі зрабіў крок назад і спытаўся аб маім здароўі; у яго словах, у яго позірку было столькі сціплай пачцівасці, што ўжо праз некалькі хвілін усе мае трывогі развеяліся. І як бы адлюстроўваючы гэтае прасвятленне пачуццяў, усё навокал святкавала збаўленне ад злых чараў: мора, такое грознае ўчора, было цяпер ціхае і яснае, і кожны каменьчык пад лёгкім зыбам зіхацеў белізною; казіно, гэтае сапраўднае пекла, узнімала да чыстых, сталёвых нябёсаў свае маўрытанскія франтоны, а кіёск, пад павець якога загнаў нас учора хвосткі дождж, ператварыўся ў кветкавую лаўку, дзе ў маляўнічым беспарадку сярод зелені ляжалі кучы белых, чырвоных, стракатых кветак і бутонаў, якія прадавала маладая дзяўчына ў ярка-стракатай блузцы.

Я запрасіла яго паабедаць са мною ў маленькай рэстарацыі, і там гэты незнаёмы юнак расказаў мне сваю трагічную гісторыю. Яна цалкам пацвердзіла ўсё тое, пра што я здагадвалася, калі ўпершыню ўбачыла яго дрыготкія, нервовыя рукі на зялёным стале. Ён паходзіў са старога арыстакратычнага роду аўстрыйскай Польшчы, бацькі рыхтавалі яго ў дыпламаты. Ён вучыўся ў Вене і месяц назад выдатна здаў свой першы экзамен. Каб адсвяткаваць гэты дзень, дзядзька, у якога жыў, высокапастаўлены афіцэр генеральнага штаба, павёз яго ў Пратэр, і яны разам пайшлі на іпадром. Дзядзьку пашанцавала ў гульні, ён угадаў тры разы запар; з тоўстым пачкам выйграных грошай яны адправіліся вячэраць у дарагую рэстарацыю. Назаўтра, як узнагароду за паспяхова здадзены экзамен, бацька прыслаў будучаму дыпламату грошай, столькі, колькі ён атрымліваў у месяц; за два дні да гэтага ён палічыў бы гэтую суму вялізнаю, але цяпер, пасля лёгкага выйгрышу, яна здалася яму не вартаю ўвагі і нязначнаю. Адразу ж пасля абеду ён зноў паехаў на скачкі, ставіў неабдумана і азартна, і, па капрызе шчасця, ці, дакладней, няшчасця, пасля апошняга заезду пакінуў Пратэр, патроіўшы атрыманую ад бацькі суму. І тут ім авалодаў азарт гульні; ён гуляў на іпадроме, у кавярнях, у клубах, і гэты азарт паглынаў яго час, сілы, нервы і перш за ўсё грошы. Ён не мог болей нічога думаць, страціў сон, а галоўнае, ужо не валодаў сабою; аднаго разу, уночы, вярнуўшыся дадому з клуба, дзе ўсё прайграў, ён, раздзяваючыся, знайшоў у кішэні яшчэ адну забытую скамячаную паперку. Ён не ўстаяў перад спакусаю, зноў адзеўся і блукаў па вуліцах, пакуль не знайшоў у нейкай кавярні некалькіх гульцоў у даміно, з якімі і прасядзеў да світання. Аднаго разу яму дапамагла замужняя сястра, заплаціўшы даўгі ліхвярам, якія ахвотна пазычалі грошы спадчыну вядомай арыстакратычнай фаміліі. Пасля гэтага яму спачатку шанцавала ў гульні, але потым шчасце няўмольна адвярнулася ад яго, і чым болей ён прайграваў, тым больш патрэбны быў рашучы выйгрыш, каб пакрыць пратэрмінаваныя абавязацельствы і расплаціцца з даўгамі гонару. Ён даўно заклаў свой гадзіннік, гарнітуры, і, нарэшце, адбылося самае жахлівае: ён украў з шафы ў старой цёткі вялікія жамчужныя завушніцы, якія яна рэдка насіла. Адну ён заклаў за значную суму і ў той жа вечар выйграў у чатыры разы болей. Але замест таго каб выкупіць завушніцу, ён рызыкнуў усім і прайграў. Крадзеж яшчэ не выявілі, і ён заклаў другую; тут яму раптам прыйшло ў галаву паехаць у Монтэ-Карла, каб здабыць жаданае багацце за гульнёвым сталом. Ён ужо прадаў чамадан, вопратку, парасон; у яго не заставалася нічога, акрамя рэвальвера з чатырма патронамі і маленькага крыжыка з каштоўнымі камянямі, які яму падарыла хросная маці, княгіня Х., і з якім ён доўга не хацеў расставацца. Але і гэты крыж ён прадаў напярэдадні за пяцьдзесят франкаў, каб увечары апошні раз адчуць вострую асалоду ад гульні не на жыццё, а на смерць.