Я ўжо казала, што хачу расказаць толькі пра адзін дзень майго жыцця, - усё астатняе здаецца мне цяпер нязначным і, мусіць, будзе нудна другім. Пра тое, як я жыла да сарака двух гадоў, можна расказаць хутка - яно не выходзіць за межы звычайнага. Мае бацькі былі багатыя лендлорды, нам належалі вялікія фабрыкі і маёнткі ў Шатландыі, і, як усе тамашнія старыя дваранскія сем'і, мы большую частку года праводзілі ў сваіх маёнтках, а зімні сезон - у Лондане. У васемнаццаць гадоў я пазнаёмілася з будучым мужам, малодшым сынам у радавітым сямействе Р., які дзесяць гадоў праслужыў афіцэрам у Індыі. Неўзабаве мы павянчаліся і павялі бесклапотнае жыццё людзей нашага асяроддзя: тры месяцы ў Лондане, тры месяцы ў маёнтках, астатні час - у падарожжах з прыпынкамі ў гатэлях Італіі, Гішпаніі і Францыі. Ніякая хмарка не азмрочвала нашага сямейнага жыцця. Абодва мае сыны даўно ўжо дарослыя людзі. Калі мне было сорак гадоў, муж раптоўна памёр. Ён нажыў у тропіках хваробу печані, ад якой я страціла яго за два жахлівыя тыдні. Старэйшы сын ужо служыў тады, малодшы быў у каледжы, і вось за адну ноч я адразу асірацела, і гэтая адзінота пасля гэтулькіх гадоў жыцця разам з блізкім чалавекам была для мяне нясцерпна пакутлівай. Заставацца яшчэ хоць дзень у апусцелым доме, дзе ўсё напамінала аб нядаўняй смерці каханага мужа, было мне не пад сілу, і я вырашыла правесці бліжэйшыя гады, пакуль сыны нежанатыя, у падарожжах.
З гэтага моманту жыццё зрабілася мне бяссэнсавым і непатрэбным. Муж, з якім дваццаць тры гады я дзялілася ўсімі сваімі думкамі і пачуццямі, памёр, дзеці не адчувалі патрэбы ўва мне. Я баялася азмрочыць іх маладосць сваім смуткам і журбою. У мяне не было ні надзей, ні імкненняў. Я паехала спачатку ў Парыж, хадзіла там з нуды па крамах і музеях, але горад і рэчы нічога не гаварылі мне, людзей я пазбягала, - я была ў жалобе і не выносіла іх пачціва-спачувальных позіркаў. Я не магла б расказаць, як прайшлі гэтыя месяцы бязмэтных бадзянняў; я як бы атупела і аслепла, я помню толькі, што ў мяне ўвесь час было жаданне памерці, але не было сілы паскорыць жаданы канец.
На другі год майго ўдаўства і на сорак другім годзе жыцця, не ведаючы, як змарнаваць час, і ратуючыся ад нязноснай адзіноты, я апынулася ў сакавіку ў Монтэ-Карла. Сказаць па праўдзе, я паехала туды ад нуды, мяне гнала пакутлівая душэўная пустата, якая, быццам млосць, падступала да сэрца і патрабавала хоць нязначных знешніх уражанняў. Чым мацней было маё душэўнае здранцвенне, тым больш цягнула мяне туды, дзе хутчэй круцілася кола жыцця; на тых, у каго няма сваіх перажыванняў, чужыя пачуцці ўздзейнічаюць гэтак жа ўзбуджальна, як тэатр або музыка.
Таму я нярэдка заглядвала ў казіно. Я адчувала задавальненне, калі бачыла радасць або расчараванне гульцоў; іх хваляванне, трывога хоць часткова разганялі маю страшэнную нуду. Да таго ж, не будучы легкадумным, мой муж усё-такі ахвотна наведваў ігральную залу, а я з нейкім неўсвядомленым піетэтам пераймала ўсе яго былыя прывычкі; вось там і пачаліся тыя дваццаць чатыры гадзіны, якія былі больш захапляючыя, чым любая гульня, і на доўгія гады азмрочылі маё жыццё.
У той дзень я абедала з герцагіняй М., маёй сваячкай; пасля вячэры я адчувала сябе яшчэ недастаткова стомленаю, каб легчы спаць, і пайшла ў казіно. Сама я не гуляла, а толькі блукала паміж сталамі, па-асабліваму назіраючы за людзьмі. Я гавару: па-асабліваму, бо гэтаму навучыў мяне нябожчык муж, калі аднаго разу, засумаваўшы, я паскардзілася, што мне надакучыла глядзець увесь час на адны і тыя твары зморшчаных старых жанчын, якія гадзінамі сядзяць тут, перш чым адважацца зрабіць стаўку, вопытных прафесіяналаў і сталых какотак - усю гэтую падазроную, разнашэрсную публіку, значна меней маляўнічую і рамантычную, чым у дрэнных раманах, дзе яна паказваецца як fleur d'elegance* і эўрапейская арыстакратыя.