Выбрать главу

* Верх элегантнасці (фр.).

Пры гэтым не трэба забываць, што дваццаць гадоў назад, калі тут блішчала сапраўднае золата, шамацелі банкноты, звінелі напалеандоры, стукалі пяціфранкавыя манеты, казіно мела куды болей прывабны выгляд, чым навамодны пампезны ігральны дом, дзе ў нашы дні пошлыя турысты вяла спускаюць свае абязлічаныя жэтоны. Зрэшты, і тады ўжо мяне мала цікавілі абыякавыя твары гульцоў, пакуль мой муж, які захапляўся хірамантыяй, не паказаў мне свой спосаб назіраць, і ён сапраўды аказаўся куды больш цікавым і захапляючым, чым проста сачыць за гульнёю: зусім не глядзець на твары, а толькі на чатырохвугольнік стала, дый то адно на рукі гульцоў, прыглядацца да іх паводзін. Не ведаю, ці даводзілася вам глядзець толькі на зялёны стол, пасярэдзіне якога, як п'яны, ад лічбы да лічбы мітусіцца шарык рулеткі, і на квадрацікі палёў, якія, нібы густымі ўсходамі, пакрываюцца паперкамі, залатымі і сярэбранымі манетамі, і бачыць, як круп'е адным узмахам лапаткі зграбае ўвесь ураджай або частку яго падсоўвае шчасліваму гульцу. З такога пункту гледжання адзінае жывое за зялёным сталом - гэта рукі, мноства рук, светлых, рухавых, насцярожаных рук, якія, нібы з нор, выглядаюць з рукавоў; кожная - як драпежнік, гатовы да скачка, кожная іншай формы і афарбоўкі: адны - голыя, другія - закілзаныя пярсцёнкамі і поўныя бразгатлівых ланцужкоў, некаторыя - касматыя, быццам дзікія звяры, другія - вільготныя і вёрткія, як вугры, але ўсе напружаныя і дрыготкія ад страшэннага нецярпення. Мне кожны раз міжволі прыходзіла ў галаву параўнанне з іпадромам, дзе на старце з цяжкасцю стрымліваюць разгарачаных коней, каб яны не рвануліся раней часу; яны гэтак жа дрыжаць, ірвуцца наперад, становяцца на дыбкі. Усё можна даведацца па гэтых руках, па тым, як яны чакаюць, як яны хапаюць, марудзяць: прагнага - па скурчаных пальцах, марнатраўца - па нядбайным жэсце, ашчаднага - па спакойных рухах кісці, роспачнага - па дрыготкіх пальцах; сотні характараў маланкава выдаюць сябе манерай браць у рукі грошы: камячаць іх, нервова перабіраюць ці, знясілена, стомлена расціснуўшы пальцы, пакідаюць на стале, прапускаючы гульню. Чалавек выдае сябе ў гульні - гэта прапісная ісціна, я ведаю; але яшчэ болей выдае яго рука. Бо ўсе ці амаль усе гульцы ўмеюць валодаць сваім тварам - над белым каўнерыкам відаць толькі халодная маска impassibilite*, яны разгладжваюць маршчыны вакол рота, сціскаюць зубы, вочы іх хаваюць трывогу; яны ўтаймоўваюць нервовыя пацепванні мускулаў на твары і надаюць яму прытворны выраз абыякавасці.

* Бясстраснасці (фр.).

Але менавіта таму, што яны з усіх сіл намагаюцца валодаць сваім тварам, які перш за ўсё кідаецца ў вочы, яны забываюцца, што ёсць людзі, якія, назіраючы за іх рукамі, угадваюць па іх усё тое, што хочуць схаваць штучная ўсмешка і ўдаваны спакой. А між тым рукі бессаромна выдаюць самае запаветнае, бо непазбежна настае момант, калі з цяжкасцю ўціхаміраныя, быццам дрымотныя пальцы трацяць уладу над сабою: у той кароткі міг, калі шарык рулеткі пападае ў ячэйку і круп'е называе нумар, кожная з сотні ці нават пяці соцень рук міжволі робіць свой асаблівы, адной ёй уласцівы інстынктыўны рух. І калі навучыцца назіраць за гэтым відовішчам, як давялося мне дзякуючы мужавай схільнасці, то такое разнастайнае выяўленне самых розных тэмпераментаў захапляе мацней, чым тэатр або музыка; я нават не магу вам апісаць, якія розныя бываюць рукі ў гульцоў: яны і дзікія звяры з валасатымі скурчанымі пальцамі, што, як павукі, заграбаюць золата; яны і нервовыя, дрыготкія, з бледнымі пазногцямі, якія ледзь асмельваюцца дакрануцца да грошай; яны высакародныя і нізкія, грубыя і нясмелыя, хітрыя і разам з тым нерашучыя - але кожная рука своеасаблівая, кожная пара жыве сваім жыццём, акрамя чатырох-пяці пар, якія належаць круп'е. Гэтыя - сапраўдныя аўтаматы, іх рукі як шчоўканне стальных затвораў лічыльнікаў, яны адны абыякавыя і дзелавітыя, што асабліва добра відаць у параўнанні з тымі перабольшана рухавымі рукамі. Але нават гэтыя цвярозыя рукі робяць дзіўнае ўражанне якраз па кантрасце з іх прагнымі і азартнымі сабратамі; я б сказала, што яны, як паліцэйскія ў мундзіры, стаяць сярод шумнага, узбуджанага натоўпу. Асаблівае задавальненне давала мне знаёмства з прывычкамі і схільнасцямі гэтых рук; праз некалькі дзён у мяне ўжо былі сярод іх знаёмыя, і я дзяліла іх, як людзей, на сімпатычных і непрыемных: некаторыя былі мне так агідныя сваёю мітуслівасцю і прагнасцю, што я адводзіла позірк, як ад чагосьці непрыстойнага. Кожная новая рука на стале была мне новаю цікаваю падзеяю; іншы раз, калі я сачыла за здрадніцкімі пальцамі, я нават забывалася зірнуць на твар, які халоднаю свецкаю маскаю маячыў над крухмальнымі грудзямі смокінга або зіхоткім ад брыльянтаў бюстам.