Я ішоў па пояс у вадзе, хапаючыся за вострыя каменьні і разьбіваючы каленьні ў кроў. Я ня ведаў, колькі гадзін гэта цягнулася. Мне стала холадна. Я бег, падаў, уставаў на ногі, падаў, поўз на чацьвярэньках над ручаём, зрываўся, падаў і ўвесь час рухаўся ўверх. Нарэшце ручай скончыўся. Каля вытоку яго кіпеў бурлівы ключ. Я апынуўся на нейкай палянцы, пакрытай мяккай травой. Блізка забрахалі сабакі.
Уначы непраходнай чарнатой цямнелі дрэвы. Тут быў пасёлак раскіданы, які грамазьдзіўся вузлаватымі каменьнямі і ценямі садоў да вялікай гары, засьцілаўшай палову начнога неба. Побач са мной і ўперадзе заліліся азьвярэлыя сабакі. Са змроку залапаталі разбуджаныя галасы. Мне здалося, што гавораць на таджыкскай мове.
— Што там за лай? — данеслася да мяне старэчае бурчэньне.— Ах, божа, што за новыя госьці.
— Памажыце! — закрычаў я ў адказ.— Адганіце сабак! Прыдзіце на дапамогу!
На мой покліч у гары, проста перада мной, адчыніліся дзьверы, і я ўбачыў уваход у пяшчэру, асьветленую ўторкнутымі ў зямлю чорнымі лучынамі. У пяшчэры сядзелі і паўляжалі нейкія людзі. Гэта было ўбогае памяшканьне паўдзікіх горцаў, астатняя ступень у тым кругу выраджэньня, якое заканчвалі плямёны, загнаныя ў горныя нетры Індыі.
Я зрабіў крок наперад. У твар мне пахнула салодкім і прыкрым пахам. Падлога пяшчэры была заслана разарванымі зьвярынымі скурамі. Пасярод, на каменным ачагу, тлелі вуглі. Паветра было поўна жоўтага дыму, і я адразу ня змог нават разабраць, колькі чалавек сядзела і ляжала на падлозе. Яны курылі опіум.
Разьбіты, стомлены, я кінуўся на зямлю пяшчэры.
— Я — падарожнік. Мой конь і клунак уваліліся ў ваду,— сказаў я па-таджыкску.— Я з далёкіх месц. Еду на Памір. Заблудзіўся ў горах. Дапамажыце мне. Заўтра я пайду далей.
Усе маўчалі. Гэтыя людзі глядзелі на мяне, і я ня мог зразумець па іх тварах, ці было гэта маўчаньне варожым ці прыяцельскім. Затым адзін з ляжаўшых на зямлі, рэдкабароды стары сказаў мне, выскробваючы перагар з опійнай трубкі:
— Ты заблудзіўся? Для чаго на табе жоўтая сарочка, адзеньне палонных? Для чаго на нагах чырвоныя кругі, сьляды калодак?
Я не адказваў.
— Ты не абмануў нас,— прадаўжаў стары,— хто-б ты ня быў, нам усёроўна. Мы не пашлем цябе да праклятых салдат канджуцкага хана. Ён наш вораг. Ён адабраў нашу зямлю, спрадвечную зямлю індыйскіх таджыкаў, загнаў нас у горы. Ты хочаш на Памір? Мы дамо табе правадніка. Ці ёсьць у цябе грошы?
Я адмоўна паківаў галавой.
— Нічога няма ў мяне,— сказаў я,— у мяне ёсьць толькі запас яды на дарогу.
Я разьвязаў мяшок, які я зьняў з каня. У сярэдзіне ляжаў нейкі чамаданчык. Чорт вазьмі! ў цемнаце я зблытаў мяшкі пераметнай сумкі і захапіў пакунак субалтэрн-афіцэра. Гэта быў маленькі чамаданчык, дзе ляжалі люстэрка, шчоткі і залаты брытвенны набор выслаўленай лёнданскай маркі «Фрэнсіс Дэйк».
Бедны субалтарн Бірк! Як ён павінен быў праклінаць мяне, калі толькі ён ня трапіў на вячэру ваўкам! Яму не давядзецца галіцца да самага Пешавару. Во, гэтыя цырульні ўсходніх гарадоў, дзе голяць бяз мыла, плююць на лязо і, усунуўшы ў рот свой брудны і смуродны палец, адцягваюць губу чыстакроўнага брытанца.
Раніцой, абходнай сьцежкай, я ізноў набліжаўся да граніцы.