Выбрать главу

Так я працаваў да 17 жніўня, калі адбылася падзея, якая зьмяніла ўвесь ход майго далейшага жьцьця.

РАЗЬДЗЕЛ II

Крадзеж

У гэты дзень я канчаў перапіс у раёне Кізыл-Рабата. Баі давалі зьвесткі неахвотна і глядзелі на мяне з падазрэньнем. Асабліва цяжка было праводзіць улік колькасьці юрт. Старшыны роду не дапускалі мяне падлічваць іх, сьцьвярджаючы, што сёлетні год нешчасьлівы для перапісу. На самай-жа справе як я разумею, яны баяліся ўвядзеньня на Паміры якога-небудзь падатку, чуткі аб якім пранікалі ў горы ў вельмі вялікай колькасьці. Тым ня менш перапіс праходзіў досыць удала. На паўночным беразе возера Зор-Куль мне ўдалося выявіць некалькі новых юрт, якія належылі кіргізам роду Найман. Апошнім месцам, дзе я павінен быў працаваць, аставаўся раён Кізыл-Рабата, які ўклініўся вострым рогам у падэшву бацькі гор — храбата Мустаг, там дзе сходзяцца граніцы трох дзяржаў — СССР, Кітаю і Афганістану.

Я падышоў да Кізыл-рабацкага валаснога савету, які знаходзіўся прыблізна ў 80 кілёмэтрах ад чырвонаармейскага пасту, юрта старшыні была раскінута на халодным схіле гары, заросшай рэдкімі кусьцікамі травы «бубук», якую любілі які. Дзьмуў рэзкі, ледзяны вецер круцячы ў паветры сухія рэдкія сьняжынкі, якія павольна апускаліся на травяны луг. На гэтай «крышы сьвету» ніколі ня бывае дажджоў і нават у летнія месяцы ападкі выпадаюць у выглядзе сьнегу. Іншы раз здаецца зусім незразумелым, як маглі кіргізы пасяліцца ў такой краіне, чаму не ўцякалі яны на поўнач, да сваіх стэпавых сабратоў, не перасяліліся нарэшце на Заходні Памір, дзе жывуць таджыкі, якія засяваюць палі пшаніцай і гімалайскім жытам. Пачынае здавацца, што ў іншым месцы яны-б і не маглі жыць што ім патрэбен холад, камень, вецер.

Старшыня вандроўнага валаснога савету ў Кізыл-рабацкім нагор’і меў выгляд каранастага шырокатварага таўстуна, з высунутымі ўперад скуламі і маленькімі вачыма, якія гнояцца ад хваробы трахомай. Як я чуў, ён быў абраны ў старшыні пад націскам родавых старшынь, да якіх належыў і ён сам. Усё гэта — спадчына старых ханскіх і бэкскіх часоў. Супроць нас, работнікаў, ведаючых мясцовыя мовы і знаёмых з бытам насельніцтва, часта выступае магутная родавая організацыя, якая ня церпіць замахаў на сваю уладу.

Старшыня па-эўропейску падаў мне руку, хрыпла пазнаёміўшыся:

— Бурханэдзінбай.

Жонка яго, доўгавязая і старая, узяла ў мяне каня і, зьняўшы з сядла клунак з маімі рэчамі і рэгістрацыйнымі ліюткамі, адкінула ўваход у юрту, адкуль шугаў салёны і смачна пахнуўшы дым. Юрта была поўна народу. Навакол раскладзенага пасярод юрты вагнішча, дзе на нізкіх трыножках кіпеў вялікі кацёл з разваравай баранінай, сядзелі грубыя шырокаплечыя кіргізы. Яны былі ў брудных і стракатых вопратках як не апранаюцца памірцы, якім уласьцівы толькі чорны і жоўты колеры. На галавах іх былі разьлезлыя сінія трывухі з футровай аблямоўкай, увешаныя бліскучымі амулетамі са скуры і срэбра. Іх чакмені былі расшыты рознакалёрнымі тасемкамі, а шырокія паясы зроблены з бледна-ружовага паркалю, падобнага на той, з якога шыюць сабе кажухі жанчыны Мунджана і Зейбака. Гэта былі, як відаць, ня тутэйшыя людзі.

Я сеў на карачкі каля катла, грэючы скачанелыя рукі над роўнай парай, якая клубілася ў юрце і выходзіла праз дымавую адтуліну. Маё зьяўленьне прымусіла ўсіх змоўкнуць і абмяняцца зьдзіўленымі поглядамі. Старшыня расьсеяў нялоўкасьць і замяшаньне.

— Гэта чыноўнік савецкай улады,— сказаў ён хмура і строга,— чыноўнік перапісу. Перапісвае жывёлу і чалавечыя душы. Ён хутка будзе і ў вас, і вы скажаце яму, колькі вы прывезьлі золата і кашмірскіх дыванаў пад кошмамі, хоць ў нас няма і анучкі. Ён запіша, колькі ў вас жонак, колькі баранаў і нават блох у вас у сяньніку. Усё яму трэба ведаць.

— Іншэле,— адказваў яму адзін з гасьцей,— калі захоча бог, то і чыноўнік нас не зачэпе. I чыноўнік знаходзіцца ў руках яго і пакараецца яго законам.

Затым ізноў усе змоўклі. Старшьшя сказаў кароткую малітву, госьці крыкнулі «амін» і пасьпешна ўзяліся цягаць з катла тлустыя кавалкі мяса. Паеўшы, госьці, ня згінаючыся, шмыгнулі за шырокую кашму, якая закрывала ўваход у юрту. Я пацікавіўся, хто яны.

— Аб іх ты не клапаціся, таварыш,— прабурчэў старшыня,— рабі сваю справу. Гэтыя людзі — падданыя англійскага цара, кіргізы з ракі Шымшал. Апошняе насеньне нашага народу ў горах. Ад іх далей на поўдзень, да самаго Вялікага акіяну, ня жыве ні адзін кіргіз.