Выбрать главу

— Што яны робяць на зямлі Горнабадахшанскай вобласьці? Ці даўно яны вандруюць тут? Яны перавандравалі назаўсёды?

— Яны ня робяць нічога. Прышлі, бо горы-ж не належаць нікому. Хіба ваша дзяржава пабудавала гэтыя горы? Для нас няма граніц, Індыя, Кітай, Коканд, увесь сьвет — гэта лугі, дзг могуць пасьвіцца які. Там, дзе ня жыве як, няма для нас зямлі. У мінулым годзе на пашах Верхняга Шымшалу быў джут — галалёд. Выпала шмат сьнегу, і ён растаяў і ізноў замёрз. Усё іх стада загінула-б, калі-б яны не перайшлі на новыя лугі. Яны перайшлі ў нашы землі — на Козьзі валун і халодныя лугі Жоўтага возеру. Джут прайшоў — яны ідуць назад.

Пачуўшы аб такой нязвычайнай падзеі, як пераезд цэлага племя цераз граніцу, я, зразумела, адразу-ж рашыў, што я павінен што-б там ня было бачыць іх. Колькі мне вядома, племя індыйскіх кіргізаў, або гурама, адкрытае англійскім географам Т. М. Фэрстэрам у 1896 г., яшчэ ня было дасьледвана ні адным савецкім работнікам. Зразумела, я ня мог упусьціць такога спрыяючага моманту і ў той-жа дзень адлажыў перапіс Кізыл-рабацкай воласьці, выехаў ў кірунку пагранічнага вурочышча, насіўшага дзіўную назву Козьзі валун. Мяне суправаджаў 16-гадовы кіргіскі хлапчук паказваючы мне дарогу.

К вечару мы дасягнулі вурочышча. Сьцежка ўвесь час падымалася па роўным шырокім схіле кудысьці ўверх. Ва ўрочышчы былі раскінуты прысадзістыя і нізкія, рваныя лямцавыя юрты іншакраінных гасьцей. Навокал, пашчыпваючы траву, хадзілі нізкарослыя, шырокарогія худыя, аблезлыя які. У той момант, калі мы пад'ехалі да самай вялікай юрты, каля ўваходу ў якую вісеў «туг» — бунчук, аздоблены чорным конскім хвастом, з усіх бакоў нас абкружылі людзі ў белых аўчынах і з куцымі крэмнёвымі карабінамі ў руках. Пазнаўшы, што я рускі, яны закрычалі: «Мамур! Мамур!» (чыноўнік) і хутка аб нечым загаманілі. Мне цяжка было прасачыць за сэнсам іх слоў. Мова іх была грубая, цьвёрдая і вельмі адрозьнівалася ад звычайнага дыялекту горных кіргізаў.

Я запытаўся, дзе галоўныя роду, кіруючыя справамі іх стаянкі. Зараз-жа ўваход ў юрту расчыніўся, і адтуль выйшаў згорблены старык у выцьвіўшым лісьсім малахаі, з тонкімі рукамі і вострай хітрай бародкай.

— Вось ён! — закрычалі людзі ў белых аўчынах. Гэта Шыха-Буры-Татар, Горны Воўк, галава нашага роду.

Убачыўшы яго, я адразу зразумеў што нам не згаварыцца. Вышаўшы з юрты, стары спыніўся і раптам загаласіў, размахваючы шчуплымі рукамі і пырскаючы сьлінай ва ўсе бакі. Ён крычаў, глытаючы словы, і тыцкаў мне ў твар неккай доўгай паперай з каляровай пячаткай.

— Паспурт, глядзі нам паспурт! — галасіў ён.— Мы ня ваш райат, ня вашы даньнікі. Мы райат англійскага караля. Паглядзі на гэту паперу, тут усё напісана. Мы заплацілі даніну англічаніну, які зьбірае даніну з кіргіскай жывёлы каля перавалу Вахджыр. Гэты сын грэху ўзяў з нас 500 рупі. Больш мы ня хочам ніякіх чыноўнікаў. Мы прыйшлі на вашы землі за травой для якаў. Вось наш паспурт. Цяпер голад скончан. Мы варочаемся назад.

Папера, якую ён трымаў, была напісана на індыйскай і на англійскай мовах. Гэта быў тыповы пашпарт, спэцыяльна для вандроўных плямёнаў выданы яшчэ ў часы намесьніцтва Керзона. Аб гэтым гаварылася ў пачатку: «Мы, Джордж Натанісль, граф Керзон, маркіз-оф-Кедльстан, галоўны сакратар яго вялікасьці па іншакраінных справах, віцэ-кароль Індыі і інш. і інш.... «Пашпарт быў выдан усяму роду, на імя яго галавы — Шыха-Буры. Я спрабаваў растлумачыць, што я ня чыноўнік, які зьбірае подаць і што не пайду ад іх, пакуль не перапішу ўсіх юрт і людзей, якія ў іх ёсьць. Яны знаходзяцца на зямлі нашай дзяржавы, і мы павінны ведаць, колькі іх. Выслухаўшы мяне, стары адвярнуўся і зноў пайшоў у юрту. Мяне апанавала няпрыемнае маўчаньне. Зьнешне, аднак, на мяне амаль перасталі зварочваць увагу, аддаўшы мяне самому сабе.

Я сеў каля вогнішча, каля якога прыгожыя і брудныя дзяўчаты зьбіралі вячэрні ўдой якаў у сьмярдзючыя казіныя бурдзюкі. Вецер, якімучыў нас увесь дзень, нарэшце трохі сьціх. Ударыў мароз, скаваўшы лужыны вады ломкім лёдам. Мне выразна ўспомнілася ў гэты момант, што зараз чэрвень месяц, лета, у Расіі, гарачыня і камары.

Я дастаў з клунка «пасяленыя» блянкі і запісаў на паперу наступныя весткі: «Паселішча Шыха-Буры. Лік хат — 12 пераносных юрт. Месцапалажэньне — канцовая лінія ўсьцяж граніцы Вялікага Паміру. 37о 23’ п. ш., 42о 7’ у. д. ад пулкоўскага мэрыдыяну».

Вогнішча разгаралася і рэзкім бліскучым полымем паліла мне твар. Тым ня менш у ногі і сьпіну было холадна, і я варочаўся, корчыўся і мёрз, як цыган у пекле. Кіргізёнак, з родзічаў валаснога старшыні, падсеў да мяне, зьдзіўлена сочачы за рухам алоўка ў маёй руцэ.