Выбрать главу

Сталіцу Канджуцкага ханства мы ўбачылі перад сабой далёка ўнізе; яна выглядала прасторнай і квітнеючай лагчынай, дзе жаўцелі хаты, прыкрытыя двухспаднымі дахамі, мігацелі залітыя вадой чатырохвугольнікі рысавых палёў і ў густой садовай зеляніне, як маякі, падымаліся тонкія топалі. Стаяла сырая стомная гарачыня. Канвойныя сіпаі зьнялі боты і, падштурхоўваючы мяне, пабегла наперад з радаснымі, ажыўлёнымі крыкамі.

Амаль бегам мы ўвайшлі на вуліцу гораду. Па сутнасьці, гэта быў ня горад, а вялікае паселішча, з кучай хат, акружаных тапалямі і прысадзістыма платанамі, з хутка бягучай у разгароджаных канаўках вадой. Мы ўступілі на рынак, дзе рыжыя пенджабскія купцы гандлявалі ўсякай дробязьзю, накшталт люстэркаў, фарбаў і парафінавых сьвечак. Каля харчэўняў, дзе дыміўся рыс і смажаная бараніна, каля груд вінаграду і пэрсыкаў, сядзелі чорныя хлопчыкі, крычучы: «Ек пао адх анна» [1]. На кожным разе, каля маленькіх, страката размалёваных мусульманскіх мячэй з выразанымі драўлянымі колёнкамі, вар’яваліся махнатыя і голыя, як малпы, факіры, выпрашваючы грашовую падачку. Усё гэта аглушыла мяне сваім бязладзьдзем, нікчэмнай таўкатнёй, такой дзіўнай і непадобнай на сумнае адзіноцтва высокіх гор. Мае канваіры з праўвялічана ўрачыстым выглядам узялі стрэльбы на перавагу і, расштурхоўваючы натоўп, павялі мяне некуды ўперад. Убачыўшы нас, усе жыхары Бальтыту кідалі свае справы і беглі за намі крычучы: «Урус-ка, ўрус!» Яны беглі за мной і глядзелі на мяне з такім зьдзіўленым расчараваньнем, як быццам да гэтага думалі, што ва ўсіх рускіх на плячох лісьсі хвасты замест галоў. Як я ўпасьледку даведаўся, яны нібы аб гэтым і гаварылі.

Сіпаі спыніліся перад невялікім шырокатэрасным домам лёгкай паўдневай будоўлі, над якім быў паднят выцьвіўшы брытанскі сьцяг. Хавальдар [2] увайшоў у сярэдізну. У доме наступіла лёгкае замяшаньне, пачуліся нейкія крокі і галасы. 3-за жалюзы выглянула нейчая галава і, уважліва аглядзеўшы мяне, зьнікла. Нарэшце мяне ўвялі ў шырокі габінэт, адкуль даносіўся гураганны стук пішушчай машынкі. Каля стала, дзе пачцівы сакратар з лякіраваным прыборам адстукваў лісты, стаяў нейкі нізкарослы голены пан з тоўстай налітай крывёй шыяй. Ён паглядзеў на мяне ацэньваючы поглядам фотографа-моменталіста і ўказаў на крэсла рукой.

— Сядайце,— сказаў ён вельмі старанна на рускай мове, аддуваючыся, як ад цяжкой работы.— Я англійскі рэзыдэнт для граніц Расіі, Кітаю і Афганістану на тэрыторыі Канджуцкага ханства, Уолтер Дзьюрэньці. Ваша разуменьне мяне дае права выводзіць з гэтага сьвядомасьць у тым, што вы з СССР. Калі вы не прызнаваеце гэта факт, то я магчым гаварыць з вамі на рознай іншай мове, туземнай і іншакраіннай.

Я адказваў на гэту жвачку рашучым і гучным протэстам супроць гвалту, утворанага ў даным выпадку над грамадзянінам СССР, якога, парушыўшы ўсе прынцыпы міжнароднага права, укралі з тэрыторыі яго бацькаўшчыны, завёзшы на землі падлеглага Англіі ханства.

Рэзыдэнт слухаў мяне нахабна і няўважліва, пастукваючы па стале пальцамі, быццам усё, што я ні скажу, вядома яму ўжо раней і ён рашыў не зварочваць на гэта ўвагі.

— Вы,— адказаў ён кісла, калі увесь запас маіх довадаў прышоў к канцу,— кіньце гаварыць ваш хумдрум і нонсэнс (ерунду). Вы — сукін сын! Я магу выглядаць вашу справу толькі з аднаго пункту гледжаньня. Вас затрымаў на граніцы

Індыі пандыт [3] Матападья і для мяне вы ёсьць рускі шпіён. Калі вы папярова ня выкладзеце конструкцыйны плян вашай організацыі, то я вас адпраўлю ў Гільгіт, і вы будзеце павешаны. Гэта будзе оучен карашо. Цяпер я буду перадаць вас на рукі туземных улад, і вы прувіруеце усходняе турэмнае зьняволеньне да дня дарбара, (прыдворны прыём).

Вакол мяне ізноў вырас канвой, і мяне павялі праз рынак у кірунку да невялікай цытадэлі з глінянымі сьценамі, дзе каля акаванай жалезам брамы, накурыўшыся гашышу варта з бяссэнсным сьмехам дулася ў косьці. Забражджэла брама, змардаваны начальнік турмы адамкнуў нейкі люк, і я быў кінуты ў цесны і смуродны з мокрымі сьценамі падвал, у якім павольна корпаліся зьняволеныя.

РАЗЬДЗЕЛ IV

Рускі ў Індыі

Калі цемната падвалу перастала быць непранікальнай для вачэй, я ўбачыў невясёлыя рады людзей, бараньнімі тушамі расплыстаных ўсьцяж сьцен. Яны былі закуты ў ножную калодку, якая складалася з дзьвюх доўгіх драўляных дошчак, закляпаных адна над другой і недаваўшых ні ўстаць, ні сесьці. Сярод іх хадзілі нейкія абросшыя валасамі фігуры, голыя, з аднэй толькі паркалёвай павязкай на бедрах. Таксама як я, яны ня былі закуты і свабодна маглі рухацца на падвале.

вернуться

1

Адвін пао (мерка) — поў-анна (10 кап.).

вернуться

2

Хавальдар — прапаршчык.

вернуться

3

Пандытамі ў Індыі называюцца адукаваныя браміны, Англійскі ўрад шмат разоў скарыстоўваў іх для шпіёнскай і адміністрацыйнай работы на граніцах, у якой патрабуецца інтэлігэнтнасьць і веданьне туземнага насельніцтва. Пандыты складалі апісаньне Лхасы ў тыя гады, калі яна была забароненым для эўропейцаў горадам, пад выглядам купцоў вандравалі па Аўганістане і па Бухары, пранікалі як урачы да задумлівых і падкупных пагранічных раджаў.