Выбрать главу

У гэтых людзей быў апатычны і спакойны выгляд. На мяне яны не зьвярнулі ўвагі. Дзьверы падвалу з громам зачыніліся. На момант у іх мільганула барада начальніка турмы, да якога паляцела хрыплая лаянка і насьмешка зьняволеных падвалу. Я застаўся ў прыхлым змроку.

Гэта ня было падобна, чорт вазьмі на клюб — гэты падвал. Час цягнуўся ў ім доўга і вязка, сьціраючы розьніцу паміж днём і ноччу, топячы жыцьцё у лянівай злосьці, у расчосах ад кляшчэй і захлебваючымся лепяце нейкага скаванага паралітыка, які валяўся ў кутку. Падлога падвалу была закінута мокрай і гнілой саломай, па якой бегалі тлустыя турэмныя пацукі. Гэты падвал ня быў, аднак, усходняй турмой у поўным сэнсе слова, як абяцаў мне паважны рэзыдэнт. Гэта быў рэформаваны астрог. Раз у дзень прыходзілі стражнікі і давалі нам маркоўную паліўку з плаваўшымі ў ёй кавалкамі «чапаці» — тонкага як блін хлеба — і па дзьве прэсныя і сьпечаныя ў попеле ляпешкі. I два разы ў дзень варта, зьняўшы замкі з калодак, вадзіла астрожнікаў да парашаў, пабудаваных у двары цытадэлі пад самымі вокнамі «сіпай-саляра» — начальніка тарадзкой варты. Два разы мяне ізноў вадзілі на нудны і бескарысны допыт да рэзыдэнта, каб ізноў укінуць у паскудны падвал, да якога я амаль гатоў быў прывыкнуць.

Час ішоў у маўчаньні і стамляючай нудзе. Хадзіць ня было дзе — усюды сядзелі і ляжалі людзі. Іншы раз хто-небудзь прабаваў засьпяваць песьню або расказваў нейкія гісторыі аднастайным і ціхім голасам, ад якога яшчэ страшней і халадней здавалася турма. Я не гаварыў амаль ні з кім, таму што большасьць зьняволеных былі канджутцы, мовы якіх я не разумеў. Апрача іх, было некалькі сухотных індусаў, кашляўшых і адказваючых на мае пытаньні аднаскладна і няпрыветна.

Ад іх я ўсё-ж даведаўся, што зьняволеныя з нецярплівасьцю чакаюць дарбара, які наступае на днях. Дарбар — гэта прыдворны прыём, пышнае сьвята, без якога не абыйдзецца ні адзін раджа, хан або ўладар Індыі. На дарбары, звычайна, адбываецца суд, і здараецца, што хан аддае загад вызваліць каго-небудзь з зьняволеных.

Не магу сказаць, праз колькі дзён пасьля майго пасяленьня ў падвал наступіў нарэшце дзень дарбару. Зьняволеныя былі раскуты і выведзены на пыльны двор цытадэлі. Яны стаялі горбячыся і жмурачы аслабеўшыя вочы ў нязносным раньнім сьвятле. Я выйшаў апошнім, напружана ўдыхаючы рэзкую сьвежасьць паветра.

Нас акружыў з барабанным боем атрад салдат з туземным афіцэрам на чале, меўшы выгляд папугая з парабелумам і крывой срэбнай шаблей каля поясу.

— Стройся ў рады! — скамандаваў ён па-пэрсыдзку.— Мусульмане, радуйцеся: вы сёньня ўступаеце ў цень сьвятлейшага крыла гамаюна! Няверныя, дрыжыце: сёньня благаслаўляе вас прасьветлае крыло гамаюна! Вас, паганцы, граза народу, князь князёў, магутнасьць поўдня Сейд-Шыр Багадур-Хан, валадар Канджута, і яго отпрыск, пучок на магутным дрэве месяцападобны капарыс, сьвятлейшы Міраман-Мірза, насьледнік трону, зрабіў ласку дапусьціць сваіх нявольнікаў перад свой дарбар. Сьпяшайцеся, нягоднікі! Марш!

— Дама-ікбалу-хум! (Няхай працягнецца іх шчасьце!) — закрычалі зьняволеныя.

Канвой самкнуў рады і цэрэмоніяльным крокам пагнаў наш абадраны атрад да палацу хана.

Палац хана стаяў на высокім насыпаным кургане, фонам якога былі зьзяючыя сьнегамі цёмныя вышыні Каракаруму. Вакол палацу былі разьбіты густыя пладовыя сады, дзе, гледзячыся ў штучныя вадазборы, па дрэвах лёталі тлустыя сінія паўліны з крыкамі, напамінаючымі прыціснутае мяўканьне катоў. Над зьмятым дзярном былі разасланы стракатыя кашарскія шатры, на якіх сядзелі індусы-музыканты з лілёвым знакам касты на ілбе, разьдзіраўшыя і піліўшыя свае дзікія інструманты, падпяваючы ім пісклівым фальцэтам.

Нас увялі на шырокі квадратны двор. Па куткох двара на каляровых дрэўках разьвяваліся зялёныя і белыя сьцягі, над якімі быў расьцягнут абавязкова патрэбны брытанскі сьцяг. Зямля была пакрыта дыванам далікатнага і складанага ўзору, гаварыўшага аб старыне. Гэта быў «дарбаржа» — прыймовы двор хана.

Нас пакінулі на ганебным, паводле ўсходняга разуменьня, месьце каля брамы, дзе праходзілі тоўстыя канджуцкія чынушы, пагардліва паднімаючы полы вопраткі, каб не зачапіць нас. Увайшоўшы ва двор, яны, аднак, раптам трацілі сваю важнасьць, прыштурхоўваючыся да асобы хана.

Сам хан, які сядзеў пасярод двара на раззалочаным венскім крэсьле, меў выгляд тлусты, станоўчы і добрадушны. Ён быў апранут у Прадыцыйнае «вальгані» — доўгую шоўкавую сарочку, на якой спляталіся якіясьці ўзоры з залатых нітак, аздобленыя мутна-крывавымі рубінамі. Цюрбан яго, закручаны прыдворным вязальнікам чалм, быў пышна і далікатна ўзьбіт і горда блішчэў доўгім індзюшыным пяром, уткнутым у самы яго верх. Прыслухоўваючыся, можна было разабраць ято сіпаты басок, расказваючы нешта на ломанай англійскай мове. Побач з ім сядзела некалькі англічан. Я разглядзеў сярод іх канджуцкага рэзыдэнта і нейкую крывабокую даму ў бальнай вопратцы, штомінутна падносіўшую да носа лёрнэт. Яна вельмі ўважліва глядзела на зьняволеных. Мабыць у нас быў надзвычайна прыгожы выгляд. Асабліва эфэктны былі зьедзены наскурнымі балячкамі стары і варят індус, які кідаўся на зямлі ў гістэрычным прыпадку.