Выбрать главу

Нарэшце! Схапілі мы гэтага адмыслоўца з-пад

Мазыра і давай на руках падкідваць. Кідалі-кідалі, а потым пачалі думаць, што будзе, як мы адно нараджацца будзем. Калісьці нам сваёй зямлі не хопіць, і апалоняць беларусы ўсю зямную кулю.

— І тады ўсюды па-нашаму размаўляць будуць! —усцешыўся я.

— І ў Маскве па-нашаму? — здзівіўся нехта.

Мы азірнуліся па баках і пачалі адзін аднаго пераконваць, што гэткае нашэсце беларусаў на сусвет да дабра не давядзе. Рана ці позна пагоняць нас усіх назад у балоты, дзе мы і патопчам адзін аднаго.

Тады падкінулі мы таго чалавека з-пад Мазыра апошні раз, а лавіць ужо не сталі...

Між тым з розных месцаў пачалі чуткі даходзіць, што нябожчыкаў цяпер нават не хаваюць, бо як ты ні пільнуй, а нейкая сіла ўсё роўна труну на грудок выпіхвае і крыжы на трэскі ламае.

Натуральна, у народзе разгубленасць. Па ўсіх прыкметах набліжаўся канец свету, прынамсі, гэтага, а што ў такім выпадку рабіць — ніхто не ведаў, бо раней канца свету яшчэ не здаралася. Таму нам нічога не засталося, як на ўсялякі выпадак вымыць сподняе і чакаць.

Невядома, колькі трэба было б нудзіцца ў чаканні, але раптам усхапіўся той, надта разумны:

— Загіне свет ад нашай нерашучасці, і што потым пра беларусаў скажуць?

— Сораму ад людзей не абярэшся, — дадаў нехта збоку.

І, напэўна ад сораму, мы неяк у адзін момант вырашылі: калі няма ў нас згоды, каго куды выпраўляць, дык пойдзем без перабору ўсе разам у апраметную, абы толькі белы свет цалкам не ляснуў.

Праўда, вайсковец з ветэранамі нас не падтрымалі.

— Вы нам не закон, — кажуць. — Як Масква палічыць патрэбным, гэтак і станецца.

Але іх ужо ніхто не слухаў, бо тут зноўку вылузнулі з нябёсаў тыя самыя анёлкі. Яны памарудзілі хвілінку, а затым паведамілі, што за нашу ласку да ўсяго белага свету мы ў пекле будзем мець выгоду. На святы нам будуць кіно пра рай паказваць.

— І вайскоўцам з ветэранамі? — пацікавіўся я. Ды запозна. Бо яны адразу як вераб’і пырхнулі.

Толькі мы тых анёлкаў і бачылі.

Споведзь апошняга інквізітара

Бог даў чалавеку ўсё, што яму трэба. Звера ў лесе, рыбу ў вадзе, зерне ў полі, агонь, жонку і дзіця ў хаце. І калі б Бог лічыў, што чалавеку патрэбныя крылы, — Ён даў бы яму крылы.

Вось чаму, як толькі нехта хацеў перарабіць на лепшы заведзены Богам парадак, мы раскладвалі вялізнае вогнішча на выгане за вёскай і з дымам выпраўлялі авантурніка ў нябёсы...

Гэты хлапчук яшчэ бегаў у кашулі, а я ўжо прыглядаўся да самых спелых бярозаў, якія мы некалі падсячэм, каб яго спаліць. І аднойчы сэрца маё залямантавала: гэта страшней за буру, страшней за пярун і боскую кару.

Я ўкленчыў перад людзьмі і пасыпаў галаву попелам — аднак мяне не паслухаліся.

— Чаму цябе бянтэжыць пляскаты кругляк, які падлетак выштукаваў з кавалка галамня? Кажы! — патрабавалі адусюль.

Але як я ні намагаўся перакласці лямант сэрца на відушчыя словы, у мяне нічога не атрымалася. Бо я ж таксама не ведаў, якая бяда хаваецца ў пляскатым кругляку, што так шпарка коціцца ўніз па сцежцы, смешна падскокваючы на рытвінах.

Людзі паволі разышліся, а кола падхапілі дзеці і доўга бавіліся, пакуль яно не выкацілася за селішча.

Першы раз кола вярнулася да нас фурманкай, з якой гандляр прадаў нам колькі сякераў і адну кніжку.

Другі — карэтай з панам, які сказаў, што будзе намі апекавацца, бо цяпер мы ягоныя халопы.

Трэці — цягніком, куды неўзабаве паселі лепшыя з нашых хлопцаў.

Чацвёрты...

Чацвёртага разу не было.

Толькі самалёты праляцелі над намі — і кіравалі тымі самалётамі нашыя хлопцы. Мы яшчэ махалі ім рукамі, а ў небе далёка на захадзе і далёка на ўсходзе, далёка на поўначы і далёка на поўдні ўжо выраслі да самых аблокаў паганыя грыбы.

І мы ўсе памерлі.

І калі мы паміралі на ахутанай гарачым попелам зямлі, дзе яшчэ зусім нядаўна было столькі людзей і вёснаў, я ўспомніў, што гэты пякельны агонь пачаўся з аднаго нераскладзенага вогнішча на выгане за нашай вёскай.

ПРЫПАВЕСЦЬ

Сум на тэму вяртання

Чалавек доўга блукаў па свеце, а як прыстаў да берага айчыны, дык адразу спатыкнуўся аб свой цень.

— Хіба цябе не было са мной? — здзівіўся чалавек.

— Я тут чакаў.

— Можа, таму я і вярнуўся?

— Пайшлі, — адказаў цень.

Яны паволі падняліся на пясчаную выспу, адкуль пабачылі мястэчка, дзе гэты чалавек нарадзіўся і асталеў.

Чалавек балюча пасміхнуўся і шморгнуў носам. Потым прамармытаў нешта з агідай да самога сябе, і яны рушылі далей. Цень бег паперадзе, як сабака.