— Сякеру з сабой возьмеш?
— На халеру яна здалася? Яшчэ зваліцца каму на галаву.
— Ну, тады ляці.
— Можа, дзе жонку сустрэну...
— Жанчыны на неба рэдка трапляюць.
— Хто ведае? Людзі чаго толькі не чаўпуць, а як яно на самай справе бывае, хто ведае?
Сонца было лагодным, а далеч — празрыстай. У накірунку выраю шуганула ладная сціжма ластавак і зноў запанаваў спакой.
«Каб восень была заўсёды, паміраць было б лёгка», — думаў ён, напрасткі прамінаючы пожню.
Ад хутара дзеда засталіся толькі састарэлая дзічка і мураваны склеп. Падчас вайны ў ім хаваліся людзі з суседніх вёсак, а ў мірную пару на доўгіх паліцах берагліся да вясны антонаўкі і каштэлі.
— Бомбы — гэта яшчэ не самае горшае,— сказаў склеп.
— Ці бывае што горшае за вайну?
Не дачакаўшыся адказу, ён па ацалелых сходах сышоў у нетры. У даўкай цемры пахла не яблыкамі, а невараццю.
Ён запаліў сярнічку, каб агледзецца і прайсці аж да тыльнай сцяны, дзе звычайна клаліся каштэлі. Падшыванцам ён заўсёды чакаў зручнага моманту, каб крадком праслізнуць туды і з пахкай цемры выхапіць салодкі, як грэх, яблык.
— Не хадзі туды, — сказаў склеп.
І ён паслухаўся, ды і сярнічка ўжо згасла.
На сонцы ціха назвоньвала цішыню срэбра павуты. Удзірванелая зямля была спрэс усланая драбнюткімі грушамі. Ён падумаў перапытацца пра вайну яшчэ ў дрэва, але адразу расхацеў. Калі восенню на гарышча не ссыпаюць дзічкі, а ў склеп яблыкі — дык што там у каго пытацца. Ён толькі назбіраў поўную торбу дзічак і пайшоў. Але ўжо не напрасткі праз пожню, а па ледзь прыкметнай сцежцы да гасцінца.
Яна карміла курэй, ён стаяў пад яблыняй і спадылба пазіраў на нізкае сонца. Неўзабаве сонца асела ў гушчар старых могілак, а куры разбрыліся па завуголлі. Трэба было развітвацца, аднак яны марудзілі. Жанчына азірнулася і знайшла сабе зграбаць бацвінне, а ён глядзеў на яе і думаў, што іхнія хаты амаль кранаюць адна адну стрэхамі і гэта, напэўна ж, не выпадкова.
— Вам трэба паставіць плот, — сказала яна. — Неабгароджаная хата — як голая дзеўка...
— Тады давядзецца хадзіць да вас праз вуліцу.
— Можна зрабіць брамку.
— Брамка будзе рыпець.
— У дбайнага гаспадара брамка не рыпіць. Раптам зашумела неба, і над імі прыпыніўся вазок. Сусед схіліўся долу і радасна паведаміў:
— Цяпер я ведаю, чым ёсць вецер. Гэта такія дробненькія вусякі, можа ў сто разоў драбнейшыя за вош. Яны збіраюцца натоўпамі і лётаюць абыкуды, а мы кажам, што гэта дзьме вецер. Раней я ўсё дзівіўся, як можа дзьмуць тое, чаго няма, бо калі вецер не дзьме, дык яго няма...
— Ты часам не бачыў там двух анёлкаў? — перапыніла яго жанчына. — Такія ружовенькія, з маркотнымі вачыма...
— Там шмат хто сноўдаецца, хіба ўсіх згадаеш? — сцепануў плячыма сусед і пакіраваў на свой падворак.
Над імі зноў расхінулася настылае шэрае неба, і яны доўга ўглядаліся ў гэтую шэрань, спрабуючы разгледзець прыкметы тамтэйшага жыцця. Але адсюль нічога не было відаць. Яны ўнурыліся кожны ў сваё і моўчкі разбрыліся па хатах.
Каторы дзень таўсматыя хмары наплывалі на мястэчка, каб тут апрастацца ад сцюдзёнага друзу. Гурбы снегу падымаліся на вачах і ў нейкі момант перапынілі ўсялякі рух. Нават трактары кінулі грукатаць, каб не захлынуцца снегам. Свет знерухомеў, і што ні рэч, што ні істота — усё апынулася сам-насам, як быццам ужо выспела вечнасць. Быццё страціла свой пакрыёмы змест, які раней трымаўся на повязях усяго з усім, і прысутнасць кожнага цяпер высвятлялася адно яго ўласным сэнсам. «А калі ўва мне ніякага сэнсу няма, — сам у сябе запытаўся чалавек, — а яго напэўна няма, дык што можа акрэсліць мой змест? Хіба толькі вось гэтыя дзверы, гэтая лава, гэтая столь над галавой. Ці не таму чалавек выгароджвае сабе месца ў прасторы плотам, сценамі, фіранкай, што без хоць якой агароджы ён адно рухомая цень на пялёстках быцця?»
Чалавек глядзеў на засмечаную снегам шыбу і слухаў, як запавольваюць хаду ходзікі. Неўзабаве яны зусім спыніліся. У хаце запанавала цішыня. Сэрца таксама ўтаймавалася. Гэтай хвіліны ён чакаў шмат гадоў, на яе прышласць абапіраўся, прымаючы будучыню. І вось яна настала. Свет белы ад снегу, і ён у сваёй хаце лашчыцца спінай да выпаленай печы.
Вецер вымеў з нябёсаў увесь ледзяны хлуд, і жанчына з мужчынам зноў перастрэліся ля студні.
— Вы яшчэ тут? — як бы здзівілася яна.
— Можа і няблага, што я вярнуўся на зіму. Пакуль растане снег і высахнуць дарогі, можа, абвыкнуся. Зімой хочацца быць там, дзе ты ёсць, а ўлетку — там, дзе цябе няма.
— У нас тут добра.
— Адзін чалавек раіў: ніколі не вяртайся туды, дзе табе некалі было добра. Цябе там сустрэне нуда.