Выбрать главу

У пэўным сэнсе крапіва, прынамсі па лютасці пакарання, не саступае гароху. І адпаведна ўжываецца адно тады, калі злыдзень сваім свавольствам давядзе чалавека да такога шаленства, што той, не шкадуючы ўласных рук, выдзера з-пад плота пук крапівы, дагоніць нягодніка, куды б ён ні схаваўся, і адлупцуе па голай срацы, каб аж скура курэла.

Час, вядома, ляціць імкліва. Не паспееш азірнуцца, як малеча вымахала ў бэйбуса — з бацьку ростам. Ясная рэч, што такога доўбню лашчыць дубцом — адно людзей весяліць. І тут ужо ніяк не абысціся без папругі. Па-першае, яна заўсёды пры бацьку, гэта значыць у кожны патрэбны момант якраз пад рукой. Па-другое, у залежнасці ад наробленай шкоды можна хвастаць скурай, а можна і жалезнай спражкай. А па-трэцяе (і гэта, бадай, самае істотнае), папруга — сакральны атрыбут мужчыны. І таму хоць і крыўдна, і балюча, калі бацька лупцуе папругай, але і ганарова, бо тым самым цябе ўжо як бы ў мужчыны прысвячаюць.

Звычайна папругай і канцуецца складаны працэс штукавання спраўнага беларуса. Бо калі не ўзяў чорт малога, то і вялікага не возьме. А як узяў, дык ужо таўчы потым гэтага доўбню ў каршэнь — не таўчы, а толку ўсё роўна не будзе...

* * *

Зусім верагодна, што некага мае папярэднія развагі моцна абураць. Маўляў, можна падумаць, быццам гадаваць дзяцей па-беларуску — гэта ўсяго толькі круціць ім вушы, трымаць па кутах на каленях, сцёбаць дубцом і лупцаваць папругай... І абураныя будуць мець рацыю. Бо хіба ж мы вылюдкі якія? Аніяк не горшыя за хоць каго! А што да дзяцей, дык беражэм і песцім іх, бадай, нават і залішне, бо з уласнага досведу ведаем, што доля беларуса гаротная — дык хай хоць у маленстве з жыцця пацешыцца.

Дарэчы, і караем неслухаў досыць рэдка, часцей абыходзімся адно віртуальнымі пагрозамі кшталту: от ты ў мяне зараз заробіш, якія зазвычай пустым гукам чэзнуць у паветры. А яно і навошта без патрэбы рукамі махаць? Галоўнае, каб гадаванец трымаўся межаў чалавечага і як пацеры ведаў, што калі самахоць перакрочыць у нялюдскае, дык тады хай сам на сябе і наракае.

І апошняе. Народная педагогіка беларусаў надзвычай багатая як на прыватныя парады, гэтак і на канцэптуальныя прапановы, але асабіста мяне найболей чаруе кранальная прастата і геніяльная завершанасць наступнага выслоўя:

— Да пяці год пястуй дзіця, як яечка, з сямі — пасі як авечку, тады і выйдзе на чалавечка.

Праца

Беларус альбо працуе, альбо п’е гарэлку. А як няма ні працы, ні гарэлкі — ён нудзіцца. Аднак доўга нудзіцца яму не выпадае, паколькі справаў звычайна хапае, а калі ёсць работа, дык знойдзецца і нейкі грошык, каб сябе падвесяліць.

Працаваць беларусу гэтаксама звыкла, як дрэву расці, а каменю ляжаць. Але памыляецца той, хто лічыць, быццам мы шмат працуем, бо мала зарабляем. Зусім наадварот: мы мала зарабляем, каб болей працаваць. І ведаеце, чаму так? Інакш давядзецца альбо піць гарэлку, альбо нудзіцца. Толькі не трэба думаць, што беларусы занураныя ў працу адно з перасцярогі да сваіх заганаў. Усё куды больш сур’ёзна.

Бачыце, шмат працаваць — гэта не доля беларуса, гэта ягоны лёс. А лёс, як вядома, на кані не аб’едзеш.

З чаго нам выпаў гэткі лёс — ніхто напэўна не ведае. Затое вядома, што без меры працуе той, хто нічога болей рабіць не ўмее: ні ваяваць, ні гандляваць, ні забаўляцца.

Нехта імкнецца ўзножыць Вавілонскую вежу ці збудаваць камунізм, нехта высільваецца, каб заваяваць альбо забавіць увесь свет, а беларусу абы мазоль не сыходзіў з рукі.

Жыць з мазаля — вось наш таемны гонар. Жыць дзеля мазаля — вось наш таемны сэнс. І таму адно ў нас могуць у роспачы сказаць: Бог працу бачыў, а мазаля не даў.

— На чым палягае гэты таемны сэнс мазаля? — часам пытаюцца нашых людзей чужаніцы.

І чуюць у адказ:

— Рабі, што робіш, і хай будзе, як будзе. Натуральна, хоць чаго зразумець з гэтых словаў старонняму чалавеку немагчыма. Таму многія лічаць нас недарэкамі і раз-пораз спрабуюць перайначыць на свой капыл.

За палякамі беларуса спрабавалі адвучыць ад гарэлкі, але паколькі ў нас заставаліся праца і нуда, дык нічога ў палякаў не атрымалася.

За расейцамі беларуса спрабавалі адвучыць ад працы, але паколькі ў нас заставаліся гарэлка і нуда, дык нічога ў расейцаў не атрымалася.

Магчыма, нехта паспрабуе ў адначассе збавіць нас і ад працы і ад гарэлкі, але ў яго таксама нічога не атрымаецца, бо няма ў свеце такой сілы, якая магла б вызваліць беларуса ад ягонай нуды, калі ён без анічога ў руках застаецца сам-насам...

З іншага боку, ніяк не выпадае казаць, быццам мы лішне зацятыя працай. Беларус зусім не працаголік (гэта значыць той, хто і ад дурной работы атрымлівае асалоду). Хутчэй наадварот — звычайна наш чалавек працуе як бы цераз прымус. Адсюль і мноства прымавак, кшталту: «У Бога дзён многа»,