Выбрать главу

«Колькі ні рабі, а ўсяго не пераробіш», «З кута ў кут, і вечар тут»...

Адным словам, не надта мы любім улягацца ў работу, толькі няма ў нас іншага выйсця. Рэч у тым, што для беларуса праца — гэта не тое, што забяспечвае чалавека жыццём, а само месца жыцця.

З чаго так сталася — патлумачыць проста.

Ні свая хата, ні свой падворак ніколі не будуць тваімі, пакуль ты не маеш сваёй краіны, якая заслоніць цябе ад хцівага вока чужаніцы. А як мы не мелі гэткага заступніка, то ўсялякі прыхадзень у кожны момант мог адабраць у нас хату, выгнаць з падворка і засеяць уробленыя палеткі сваім пустазеллем.

Аднак ёсць нешта, чаго ніводзін рабаўнік не зможа пазбавіць чалавека, пакуль той жывы, — гэта ягонага мазаля...

Калі гэбраяў выгналі з гістарычнай радзімы, яны абралі сабе айчынай нябёсы. Калі беларусам не далі быць гаспадарамі на сваёй зямлі, яны абралі сабе бацькаўшчынай працу...

«Рабі пільна — і тут будзе Вільня», — кажуць беларусы, маючы на ўвазе, што праца сама з сябе ёсць і Вільняй, і Ерусалімам, і усім астатнім.

Праца — дом быцця беларуса. Вось чаму мы адразу пачуваемся выгнанцамі з роднай краіны, як толькі рукам няма справы (і тады ўмомант пачынаем альбо нудзіцца, альбо гарэлку піць).

Між іншым, пра рукі. У маёй бабулі, даўно нябожчыцы, я бачыў іх нерухомымі толькі на фотаздымках. І потым яшчэ аднойчы — у труне. Дык вось, неяк сядзелі мы з ёй на ганку яе хаты. Яна абірала бульбу і нешта распавядала, я цешыўся з яе цудоўнай беларускай мовы. Сёння ўжо не ўзгадаць, пра што вялася гаворка, толькі між усяго іншага яна мімаходзь прамовіла: «Як паміраць — дык дзень губляць».

Мяне аж скаланула. На схіле доўгіх гадоў, калі гэтымі ўкарэлымі, спрэс парэпанымі рукамі перацярэбленая гара працы, шкадаваць не жыцця, а той работы, з якой яна не зможа ўправіцца ў дзень сваёй смерці!..

Натуральна, тады я і думаць не думаў, што праз гады паспрабую распавесці пра тое, як беларусы працаваць умеюць. Разважаючы над абранай тэмай, я вельмі хутка зразумеў: ніякім асаблівым умельствам мы тут не вылучаемся. Што ўжо там казаць пра сем велічных цудаў свету, калі нават драбнюткую вош не мы падкавалі. Але разам з тым я зразумеў, што мы ўмеем рабіць нешта куды больш істотнае за хоць які цуд — мы ўмеем рабіць саму працу! І ўмеем як мала хто яшчэ, сведчаннем чаму нашае доўгае прамінулае, дзе нас ад злыбяды гісторыі баранілі не замкі, не войскі, не грошы, а толькі нашыя мазалі. Між іншым, колькі за гэтую пару народаў і царстваў, што некалі ганарліва апалоньвала свет, пазнікала дазвання, а мы, якія за працай свету не бачылі, лашчымся сонейкам ужо трэцяга тысячагоддзя ад Раства Хрыстова.

Таму не палічыце за пустую рыторыку і мае наступныя словы: беларусы не для свету створаныя, яны створаныя для працы. Якраз апошняга я і не разумеў, калі скалануўся ад словаў любай бабулі: «Як паміраці — дык дзень губляць».

Але цяпер і я последам за ёй кажу: не ведаю, калі мяне прычакае мой апошні дзень, затое ўжо наперад мяркую, што гэта будзе самы лайдацкі дзень у маім жыцці.

Бровар

Яшчэ была ноч, а мы ўжо ўсхапіліся і паехалі. Ад грукату двух матацыклаў прачнулася ўсё мястэчка. Прынамсі, мне так здавалася. Вядома, у страху не толькі вочы, але і вушы вялікія. А баяцца было чаго — мы ехалі ў Белавежскую пушчу гнаць самагонку.

Увогуле я законапаслухмяны грамадзянін. Нават вуліцу пераходжу выключна на зялёнае святло. Ды надта цікава было, як мае сябрукі робяць тое, што забаронена рабіць, але дазволена спажываць. І аднойчы я напрасіўся да хлопцаў у хаўрус, уяўляючы сабе, як мы крадком зашыемся пад густое кустоўе, сцярожка раскладзем цяпельца бяз дыму, паставім на яго ладны чыгунок са змеевіком і, слухаючы цішыню, будзем чакаць, каб хутчэй зацурчэў першачок...

Ужо добра развіднела, калі мы спынілі матацыклы ў гушчары і пехатой рушылі скрозь непралазныя нетры.

— Трохі далей Віскулі, — паказалі мне рукой. — Тут Брэжнеў любіў паляваць.

На тую пару Брэжнева ўжо не было, аднак яшчэ і далёка было да снежня 1991 года, калі блізу гэтай глухой балаціны Ельцын, Шушкевіч і Краўчук паставяць крыж на Савецкім Саюзе. А потым добра хапануць адмысловай белавежскай самагонкі за спачын імперыі...

Неўзабаве мы выплюхалі на сухую выспачку, і я ледзьве не абамлеў. Якое там кустоўе, якое цяпельца?! Тут быў сапраўдны бровар, адно што без даху і сценаў. На добра ўтаптаным лапіку сушы там і cям стаялі вялізныя бочкі (хіба іх з верталёта сюды скідвалі?), злучаныя паміж сабой гнутымі трубамі і гумовымі шлангамі. Ля дбайна ўпарадкаванага кастрышча былі ўкапаныя козлы для пілавання дроваў, трохі ўбаку — стол і лаўка, а пад невялічкай паветкай ляжалі розныя прылады ды начынне...