Натуральна, хлопцаў мая разгубленасць усмак пацешыла. Каб дадаць дзіва, яны пачалі выцягваць то з-пад адной, то з-пад другой купіны закаркаваныя паперай пляшкі.
— Тут самагонка сама расце, — патлумачылі. —
Галоўнае, каб потым не забыцца, дзе ты яе пасадзіў.
— Можа, першачку дачакаемся? — наіўна запытаўся я.
— Хто ж цёплую самагонку п’е? — здзівіліся хлопцы і ўключылі «Спідолу».
Я кінуўся сцішваць прыймач.
— Ты што? — спынілі мяне. — Іншыя з магнітафонамі і дзеўкамі прыязджаюць, феерверкі ладзяць... А мы цішком.
— Нічога сабе цішком, — абурыўся я. — А як ляснік пачуе?!
— Чаго яму слухаць, ён і так прыйдзе, — супакоілі мяне.
Ляснік сапраўды прыйшоў, але толькі пад вечар, калі саракалітровы бітон быў амаль поўны. Колькі гаёваму з бітона адлівалі, я не глядзеў. На тую пару мяне ўжо мала што цікавіла і нічога не палохала. Ачмурэлы ад самагонкі ды заедзі, а найбольш — ад саладжавага паху выпаранай бражкі (ён слупом стаяў да самага неба), я і думаць забыўся на свае ранейшыя страхі. Што там ляснік! Цяпер я ўжо не баяўся ні дзікоў, якія прыходзілі да гэтай балаціны ласавацца адпрацаванай бражкай, ні нават амапаўцаў, якіх гады ў рады пасылалі на зачыстку пушчы, каб яны, не шкадуючы аўтаматных куляў, рабілі з жалезных бочак альтанкі для скразнякоў.
Зрэшты, на страхі і лішняга часу не заставалася. Трэба было секчы і цягаць сухамліны, а потым пілаваць іх на дровы, трэба было вёдрамі насіць з балаціны ў бочкі халодную ваду, а з бочак выбіраць гарачую і зліваць у іншую балаціну, трэба было сачыць за вогнішчам і гатаваць абед, а яшчэ і халодную самагонку трэба было спажываць, што таксама адымала і час, і сілы.
Дарэчы, працы было б значна больш, ды хлопцы прыладзіліся замест дроваў паліць салярку. З прымацаванай на дрэве каністры яна па тонкай трубцы самахоць цякла ў фарсунку, а тая пырскала па дне самай вялікай бочкі роўным і моцным полымем. Таму дровы мы падкладвалі адно ў вогнішча пад той бочкай, з якой празрыстым струменьчыкам цвыркаў у вядро гатовы прадукт. Толькі мне на яго нават глядзець было млосна, не кажучы пра тое, каб каштаваць ды ласавацца. Я быў настолькі правэнджаны алкагольнай парай, што каб сёння патрапіў на вячэру канібалам, дык назаўтра яны не ўніклі б апахмелкі.
Ужо добра сцямнела, калі мы разбоўталі ў бочцы з вадой мех мукі на новую порцыю бражкі, пасеялі пад купінамі некалькі пляшак цёплай самагонкі (хай астываюць да наступнага разу) і, сяк-так упарадкаваўшы начынне, пацягнулі праз балота паўнюткі бітон з-пад малака.
Як мы ехалі дахаты (і як даехалі) — гэта асобная гісторыя, але нават пасля лазні я і сам ад сябе нос вярнуў. Цяпер я добра разумеў, чаму мой дзед, які жыў на хутары за кіламетры тры ад бліжэйшай вёскі, мог некалькі начэй запар чакаць ветру ў пусты далягляд, каб паставіць на агонь бражку з цукровых буракоў. Бацька ж, наадварот, пільнаваў ціхай пагоды, бо ў мястэчку суседзі з усіх бакоў. Ужо на пенсіі ён зрэдзьчас «ціснуў» сабе на летняй кухні некалькі літраў таксама «цукроўкі», толькі не з буракоў, як дзед, а з кубінскага рафінаду.
А вось як вырашаюць праблему смуроду ў горадзе, я і дагэтуль не ведаю. Адзін з маіх гарадскіх сяброў, хімік па адукацыі, падчас гарбачоўскага рушэння за агульную цвярозасць рабіў на гаўбцы такі напой, што яго і піць было шкада, хіба адно замест дэзадаранту на сябе пырскаць...
Дарэчы, якраз з гэтым сябрам мы добра насёрбаліся ў Туве самагонкі з малака. Дзён дваццаць наш спартовы хаўрус бадзяўся сам-насам высока па гарах, а як спусціўся ніжэй у даліну, дык сустрэў пастухоў, і яны вынеслі нам з юрты тазік (пазней дакладна ў такі будуць грукаць бумбамлітаўцы), поўны нейкай бляклай вадкасці. Самагонка была слабенькая, як нашае піва... Зрэшты, пасля трох тыдняў голаду і холаду мацнейшая нам была б і залішне.
Разумею, што апошняя згадка не мае ніякага дачынення да беларускага досведу ў гэтай адмысловай справе. Толькі я яе не абмінуў наўмысна, каб у адначассе сказаць, што самагонку можна рабіць з чаго заўгодна і як заўгодна — і на тым спыніцца. Бо далей яшчэ трэба паспець запытацца: з чаго беларусы гэтак адданыя самагонцы?
Похапкам здаецца — ясная рэч: дзе ж тых грошай набярэшся на крамную халеру. Але ж ці ўсё так проста? Яно і ў іншых краях не кожнай людзіне заробку хапае ўдосыч, аднак там чамусьці не хаваюцца па лясах і сутарэннях дзеля таннай гарэлкі.
Бачыце, каб рабіць самагонку, трэба не толькі ўмець, а яшчэ і любіць хавацца. Зразумела, не кожнаму такое даспадобы. А вось беларусам няма большай прыемнасці, чым знікаць у нікуды, бо хованкі — наша нацыянальная гульня, якой мы бавімся адвеку... З таго ў нас і «партызанка», што заўсёды раней, што за немцамі, была як нідзе, ды і падпольшчыкаў у гарадах хапала... Так яно і дасюль вядзецца. Прыкладам чаму тыя сціжмы самагоншчыкаў, што сёння хаваюцца па лясных нетрах і гарадскіх сутарэннях. Яны і ёсць нічым іншым, як часткай нашага адвечнага партызанскага руху. А тое, што цяпер на іх ладзяць аблогі не іншаземныя карнікі, а родныя ўлады, па сутнасці, нічога не іначыць.