Выбрать главу
Эсэ пра эсэ

Калі цябе хвалюе жанчына — ты пішаш верш.

Калі цябе трывожыць чалавек — ты пішаш раман.

Калі цябе вярэдзіць быццё — ты пішаш філасофскае эсэ.

А так бывае кожны раз, як толькі нешта ўжо незваротна скончылася: сяброўства, каханне, надзея... А наноў яшчэ нічога не распачалося.

Эсэ — гэта востраў, куды можна патрапіць адно пасля караблекрушэння. Вось чаму эсэ заўсёды пачынаецца з вусцішнай адзіноты. Ты стаіш на пустэльным беразе і пакрысе ўсведамляеш: каб не знікнуць дазвання разам з тым, што цябе цешыла і бавіла раней, трэба самому ўсё вынайсці і стварыць наноў — і сябрука Пятніцу, і гліняны збан.

І ты рушыш у глыб вострава, скуль няхутка вернешся да людзей, каб распавесці ім гісторыю свайго вяртання...

Менавіта з вусцішнай адзіноты пачынаецца і лепшае беларускае эсэ, якое Ігнат Абдзіраловіч прароча назваў «Адвечным шляхам».

Паслухаем аўтара:

«Нашы часы — часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў і іх канечнага зьніканьня праз недаўгі час... Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым».

* * *

Нікому невядома, хто прыдумаў драму, паэму, раман. А вось у жанру эсэ ёсць канкрэтны аўтар — Мішэль Мантэнь. Гэта яму першаму, яшчэ ў ХVІ стагоддзі, надакучыла хавацца за літаратурных герояў, і ён ад уласнага імя сам распавёў праўду пра сябе як пра чалавека з усім, так бы мовіць, «залішне чалавечым».

Эсэ — мужны жанр. У апавяданні аўтар распранае на людзях героя — у эсэ ён распранаецца сам. Толькі каб напісаць эсэ, адной адвагі мала. Трэба яшчэ мець ахвоту здумляцца. Без мыслення эсэ ператвараецца ў замалёўку, эцюд, нарыс... У што заўгодна, але не ў эсэ.

Усе ведаюць знакамітае выслоўе Рэнэ Дэкарта:

«Я мыслю — значыць, існую». Дык вось, першая частка гэтага выслоўя («Я мыслю...») і ёсць формулай эсэ.

Няма эсэ без твайго ўласнага «Я» перадусім, але і няма эсэ без «Я», якое мысліць.

Разам з тым не трэба залічваць эсэ толькі да інтэлектуальнай літаратуры. Бо калі быць больш дакладным, дык эсэ — не зусім мысленне, а вольнае дыханне мыслення. Гэта значыць, што эсэ мысліць не мысленнем, а ўсёй сваёй дрогкай субстанцыяй. Як, скажам, у яшчэ адным вялікім беларускім эсэ — паланезе «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.

* * *

Эсэ — самы еўрапейскі літаратурны жанр. І не толькі таму, што яно нарадзілася ў Францыі. Славуты еўрапейскі індывідуалізм не ў малой ступені сфармаваны менавіта еўрапейскай эсэістыкай. Бо гэта якраз эсэ наперад калектыўнага «мы» высунула персанальнае «Я» і тым самым звярнула ўвагу на чалавека ўпаасобку ад Бога і Дзяржавы.

Калі заўгодна, ва ўлонні эсэ чалавек нарадзіўся як каштоўнасць. А без апошняга не магло быць ні Вялікай французскай рэвалюцыі з яе мэтай «Свабода. Роўнасць. Братэрства», ні дэмакратыі, якая пазней апанавала чалавецтвам па ўсёй зямной кулі.

Неяк Людовік ХІV ганарліва сказаў: «Францыя — гэта я». Пасля з’яўлення эсэ кожны адукаваны паспаліты займеў трыбуну, каб амбітна заявіць:

«Я — гэта сусвет».

* * *

Эсэ — палігон свабоды. На ягонай тэрыторыі кшталтавалі свой досвед не толькі свабода слова і мыслення, але і воля да годнага жыцця. Прынамсі, там, дзе яна была, гэтая воля... Невыпадкова вялікая расейская літаратура не мела жанру эсэ і нават назву кнігі Мішэля Мантэня «Essais» расейцы перакладалі як «Опыты».

Дэспатыя ведае толькі адно «Я» — «я» самадзержцы, і адну свабоду — свабоду дэспата.

Да самага апошняга часу амаль не было эсэ і на

Беларусі. Хаця распачыналася наша літаратура не з вершаў і не з прозы, а з геніяльнага эсэ Францішка Багушэвіча, якое чамусьці лічаць усяго толькі прадмовай да паэтычнага зборніка «Дудка беларуская». Гэта адтуль вусцішныя словы: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі!»...

Дарэчы, і сама Беларусь пачыналася з гэтага эсэ. Вось чаму эпітэт «геніяльнае» тут абсалютна да месца... Але адпаведнага працягу гэты вялікі пачатак не меў. Станаўленне беларускай літаратуры спалучалася з фармаваннем нацыі, і таму перадусім бралася пад увагу не персанальнае «я», а калектыўнае «мы»: мы — беларусы.

А пазней эсэ на Беларусі не было таму, што тут пачалася эпоха бальшавіцкага таталітарызму.