Выбрать главу

Ясная рэч, эсэ і таталітарызм — з’явы несумесныя. Пры таталітарызме аўтар можа і мусіць пісаць не пра мітрэнгі ўласнай душы, а толькі пра тое, што мацуе паноўную ўладу. Да таго ж таталітарызм не дапускае нават магчымасці свабоднага мыслення. А без незацуглянага мыслення якое там можа быць эсэ?

І вось што яшчэ цікава. Як сітуацыя прыгнёту задоўжыцца, дык нават потым, калі маналіт таталітарызму распушыцца ў парахню, літаратар ужо не ўяўляе сабе, што можна пісаць не дзеля грамадскіх патрэбаў, а чаго самому схочацца. Па прыклады няма чаго далёка хадзіць. Старэйшыя беларускія пісьменнікі да гэтай пары так і не адважыліся скінуць парадныя мундзіры, каб распрануцца да галізны і ўвайсці ў сцюдзёную ды празрыстую плынь эсэістыкі.

* * *

У Францыі эсэ аднойчы выбухнула свабодай, у Беларусі, наадварот, свабода выбухнула эсэістыкай. З пачатку дзевяностых (прыдбання незалежнасці) эсэ запанавала ўсюды: у філасофіі, літаратуры, гісторыі, журналістыцы... Але нашыя літаратуразнаўцы не зважаюць на гэты феномен. Яны паранейшаму шукаюць плён айчыннага красамоўства ў паэзіі ды прозе — і не знаходзяць. Што натуральна. Бо ўсё самае вартае, што адбылося ў беларускай літаратуры за апошнія паўтара дзесяцігоддзя — адбылося ў жанры эсэ.

Ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы момант, што да эсэ на Беларусі...

Ужо колькі стагоддзяў таму на прасторах нашай бацькаўшчыны сутыкнуліся і з тае пары існуюць у супраціве дзве ментальнасці. Адна з іх, уласна еўрапейская, вызнае за асноўную каштоўнасць індывідуум. Другая, расейская, аддае перавагу «саборнасці» — калектывісцкаму «мы».

Няма сумневу, што беларуская літаратура і надалей будзе падзеленая адпаведна менталітэту яе аўтараў. Але калі чалавек сам заблытаецца, да якога свету ён належыць (еўрапейскага ці расейскага), папытайцеся ў яго: ці піша ён эсэ?

* * *

Эсэ ўжо болей як чатырыста год, але і па сёння дакладна ніхто не ведае, што гэта такое. Таму пра эсэ заўсёды можна казаць, што яно ёсць, але ніколі нельга сказаць, чым яно ёсць.

Рэч у тым, што выразнай мяжы паміж эсэ і якім іншым тэкстам няма — прынамсі, вонкі. Адрозненне палягае не ў форме і нават не ў змесце, а ў прычыне, якая кліча эсэ аб’явіцца.

Артыкулы, нарысы, трактаты ёсць рэхам на нейкія з’явы ці падзеі. І таму яны не могуць быць не напісанымі — не тым, дык іншым аўтарам.

Не так у эсэ. Нішто з таго, што дзеецца знадворку, само па сабе не змушае яго адбыцца. У прыклад згадаю хаця б яшчэ адно геніяльнае беларускае эсэ —«Чорны квадрат» Казіміра Малевіча.

Эсэ — гэта падзея, раптам народжаная вярэдзівам сэрца і спавітая здумленнем. Вось чаму пра кожнае сапраўднае эсэ можна сказаць, што яно магло быць не напісаным.

Напісаць эсэ — гэта зачарпнуць жменяй з вірлівай плыні быцця і нейкі момант глядзець, як быццё празрыстымі цуркамі сцякае паўз твае пальцы...

Калі вы напісалі эсэ, вы не напісалі нічога.

СКРУШНЫЯ СЛОВЫ

Слова

Слова, што тут казаць, — Бог. Цуд маўлення — найвялікшы на гэтай скрані быцця. У параўнанні з ім нішто нават само стварэнне свету. Не вымаўлены і праз маўленне не выяўлены свет — нешта настолькі жахлівае, што не можа мець свайго слова... Узнікаюць і гінуць галактыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над снягамі аблокі, туляцца ў пушчах звяры, а ў карчах рыбы... Толькі ўсяго гэтага дзіва ніхто не заўважае, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця свішча вецер, трушчацца камяні, рыкае звер, але вусцішная моўча пануе ўсюдна.

Усё ёсць і нічога няма. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр...

Інакш кажучы, пакуль свет быў адно сам для сябе, яго як не было. І толькі Адам, надаўшы істотам ды існасцям імёны, вызваліў іх з вязніцы саміх сябе. І ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсці.

Таму слова — Бог. І яно было напачатку. Гэта бясспрэчна.

Напрыканцы слова зноў не будзе. Гэта напэўна. Апакаліпсіс — не енк, лямант, мальба... Апакаліпсіс — той дзень, калі ўсім нам разам адыме мову.

«Гэта канец свету», — паспее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе нават сам сябе.

Цывілізацыя

Чалавек аб’явіўся і стаў жыць у свеце, створаным Богам. А вось Божае Царства на зямлі ён мусіў стварыць сам.

Колькі тысячагоддзяў чалавек старанна ўлягаўся ў працу, але замест Царства Божага ў яго атрымалася Цывілізацыя. Цывілізацыя — гэта калі куды вока ні кінь, усюды бачна не створанае Богам, а зробленае рукамі чалавека. У дваццаць першым стагоддзі зямная куля, як цесны пакой, спрэс застаўленая людскім наробкам. І гэты рукатворны свет ужо мае сваю веру — тэхнічны прагрэс, свайго бога — атамную Бомбу, свой судны дзень — ядзерны Апакаліпсіс.