Выбрать главу

У гэтым наўсцяж чалавечым свеце ўсё амаль як і ў тым, нерукатворным... З адной толькі розніцай. Бог стварыў белы свет для птушак, звяроў, зораў, Адама і Евы, а чалавек выштукаваў Цывілізацыю выключна для самога сябе.

Шэсць мільярдаў людзей штодня завіхаюцца ля камбайна сусветнай Цывілізацыі, каб забяспечыць хлебам і камфортам адно толькі чалавека. Дзеля яго дзень і ноч працуюць заводы, фабрыкі і электрастанцыі, грукочуць цягнікі і круцяць коламі машыны, плывуць караблі і кружляюць касмічныя спадарожнікі... Пэўна, з гэтага можна цешыцца. Ах, што за асілак гэты маленькі чалавек, які агораў такую магутную Цывілізацыю...

Але хай кожны сам сябе запытае: а ці варты я таго, каб асабіста дзеля мяне, дзеля майго кароткага і няўцяннага існавання, гіганцкі молах цывілізацыі без роздыху перамолваў на друз той жыццядайны сусвет, што аднойчы быў створаны Богам для ўсяго бытнага?

Я таксама запытаўся ў сябе — і мне адразу зрабілася вусцішна...

Меліярацыя

Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя збольшага ўкладваецца ў шэсць словаў: Рэвалюцыя, Вайна, Міграцыя, Меліярацыя, Чарнобыль і Незалежнасць. За кожным з гэтых словаў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, але я наважуся сцвярджаць, што найвялікшая з іх пазначаная словам Меліярацыя. Бо пасля татальнай меліярацыі ў нас няма і ўжо ніколі не будзе той краіны, якую Багушэвіч колісь назваў жаночым імем Беларусь...

Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе на абшарах нашай бацькаўшчыны штодня ўлягаліся ў працу адзінаццаць тысяч трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус не змог бы нагэтулькі змяніць ландшафт Беларусі, як змяніла яго меліярацыя. Раней сарамліва схаваная за хмызамі, балацінамі ды купамі дрэваў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай, як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсленыя прамыя лініі канаваў.

Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым? Не!

Меліярацыя не была адно касметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па змене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасля яе завяршэння Беларусь развіталася са сваёй жаночай сутвай.

Медыцына ўжо досыць даўно мяняе пол чалавеку, але, здаецца, упершыню падобнае было прароблена з цэлай краінай. Толькі ці ўлічылі рэфарматары, што хаця праз пластычныя маніпуляцыі жанчына можа прыдбаць сабе чэлес (а мужчына — цыцкі), але жаночы чэлес не здольны апладніць улонне (як з цыцак мужчыны не выціснеш і кроплі малака)...

Напэўна, сяго-таго мае апошнія словы трохі збянтэжаць. Буду шчырым, мяне таксама бянтэжыць метафара Беларусі як істоты з чэлесам, якая звонку выдае на жанчыну, але не здольная ні вывергнуць жыццядайнае семя, ні прыняць яго ў сябе... І я б вокамгненна змяніў яе на іншую, каб цераз перамену метафары можна было вярнуць плоднасць знявечанаму чэраву краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь.

Нядзеля

У Бібліі сказана: «І завяршыў Бог да сёмага дня справы Свае, якія Ён рабіў, і адпачываў у дзень сёмы ад усіх справаў Сваіх, якія Ён рабіў». А паколькі чалавек створаны па вобразу і падабенству Бога, то ў сёмы дзень тыдня людзі таксама адпачываюць, іншымі словамі — нічога ня дзелаюць. Верагодна, адсюль і — нядзеля...

Адпачывае Бог, адпачывае чалавек, але нехта ж мусіць рупіцца, каб трымаць быццё і ў нядзелю. Імя гэтага рупліўцы дакладна назваў Ніцшэ: «Д’ябал ёсць адпачынкам Бога ў сёмы дзень тыдня».

Ужо ж напэўна, менавіта ў нядзелю, калі спрацаваны Бог прыдрамаў у ціхамірным забыцці, д’ябал спакусіў Адама і Еву ўчыніць першародны грэх, каб ад іх нарадзіўся чалавек.

Усе мы дзеці Нядзелі, і Грэх — наш бацька. Таму

ў сёмы дзень тыдня мацней, чым звычайна, звоняць званы і святары ў сваіх казаннях як ніколі палымяна заклікаюць да чысціні і цноты.

Але чалавек цнатлівы толькі ў працы, а ў нядзелю працаваць грэх. І гэта зусім слушна, бо грэх патрабуе вольнага часу. А яшчэ — багата пладоў з Дрэва ведання і ліха.

З гэтага ў нядзелю на стале чарка і скварка, а за чаркай і гулянка, і юр, і, здараецца, сварка. Пакуль Бог адпачывае, мы святкуем Нядзелю, свята першароднага граху, самую вялікую падзею з усіх, што здарыліся пасля таго, як Усёмагутны Творца аддзяліў святло ад цемры.

Утульнасць

Чалавеку толькі здаецца, што ён прагне Бога, грошай, свабоды... Насамрэч ён усюды і заўсёды прагне аднаго — утульнасці. Іншая справа, што нехта пачувае сябе няўтульна без Бога, нехта без грошай, а хтосьці — без свабоды.