Выбрать главу

Але што найперш скажа вернік, калі адшукае сцежку да Бога? — Падзячыць Богу за прытулак у вечнасці.

А што перадусім зробіць жабрак, калі трохі набярэцца грошай? — Прыдбае сабе катух.

А чым зоймецца вызвалены ад прыгнёту, як толькі набудзе свабоду? — Пабудуе ўласны Дом.

Чалавек не птушка. Ён не любіць бясконцасць прасторы і беспрытульнасць волі. Таму чалавек увесь час будуе сцены і акрэслівае межы.

Мяжа — гэта зусім не тое, што раз’ядноўвае людзей, мяжа — гэта тое, што атуляе чалавека ад скразнякоў бязмежжа.

Чалавек можа знайсці сабе прыстанак дзе заўгодна, але кожны, хто здалёк вяртаўся на радзіму, ведае, што адразу за памежным слупом робіцца і зацішней і цяплей, нават калі ён вяртаецца ў непагадзь...

І што б там ні казалі іншыя, але нашая прага незалежнай краіны паходзіць не з любові да свабоды, самастойнасці ці чаго там яшчэ, а з патрэбы беспрытульнага сэрца, што прагне, як уласным домам, атуліцца Беларуссю ад скразнякоў бязмежжа.

Ганьба

— Не лезь, жаба, туды, дзе коней куюць, — не аднойчы казаў мне бацька. Слушна казаў, толькі хто ў наш век слухае старых? Але калі шыхты АМАПа насунуцца на людзей, якія выйшлі на плошчу абараняць Бацькаўшчыну, і ўжо няма куды ім падзецца, я адразу згадваю бацькаву параду. Ды позна. Бачна, што зараз адлупцуюць як мае быць. Зразумела, не толькі мне аднаму бачна. І таму мы ўсе (беларусы, расейцы, габраі, палякі) напрамілы Бог пачынаем лямантаваць: «Ганьба, ганьба...».

Паразумецца чалавеку з чалавекам можна на якой заўгодна мове, а вось супрацьстаяць гвалту магчыма адно на мове таго краю, у якім цябе гвалтуюць. І таму цалкам натуральна, што ў супраціве размаіты натоўп галосіць па-беларуску. Але хто б мне сказаў, чаму ён енчыць менавіта «Ганьба»? Ці мала ў нашай мове цяжкіх словаў, якімі добра кідацца замест камянёў?

Можа, таму гэтае слова першым патрапляе пад руку, што мы яго заўсёды маем «за пазухай»?.. Ганьба за знявечаную долю і пабраны край цяжкім каменем ляжыць на сэрцы кожнага, хто адважыўся на супраціў. І нам няма патрэбы нагінацца і шукаць камяні пад нагамі, мы іх проста бярэм з крушні свайго сэрца і шпурляем у шыхты, што перагарадзілі нам шлях ад сораму ў сабе да гонару за сябе...

Дарэчы, неяк мой бацька сказаў:

— Сорам яшчэ нікому вочы не выеў, а з вялікага гонару ўжо не адзін рызыкант на шыбеніцы язык высалапіў.

Так то яно так, мой абачлівы і мудры бацька, але колькі можна трываць гэты цяжар на сэрцы, імя якому — «Ганьба»?!

Прыпынак

На прыпынку ля жытла ці працы гарадскі чалавек бывае часцей, чым дзе-кольвек яшчэ, акрамя жытла ці працы. З гэтага бліжэйшы прыпынак абжываецца як свой уласны і неўпрыкмет становіцца своеасаблівай прыватнай тэрыторыяй. І хаця на прыпынку зазвычай шмат людзей, аднак кожны з іх тут застаецца сам-насам, быццам на бязлюднай выспе.

Між іншым, нідзе яшчэ, акрамя як на прыпынку, урбанізаваны чалавек не бачыць штодня незашклёнае неба, дыхае хай і засмуроджаным, але не працэджаным форткамі паветрам, цешыць вока зяленівам травы, а слых — шапаценнем лістоты. Толькі тут, на прыпынку, ён хоць на момант далучаецца да адкрытай прасторы сусвету, ад якога ва ўсе астатнія часы яго адсланяюць тунэлі і катухі тэхнакратычнай цывілізацыі.

Але ў сярэдзіне дзевяностых прыпынак займеў яшчэ адну, на гэты раз цалкам адмоўную ролю... Не ведаю, як у іншых гарадах Беларусі, але ў Мінску шмат каго з актыўных удзельнікаў апазіцыйных мітынгаў і шэсцяў так званыя «людзі ў цывільным» хапалі якраз на прыпынках альбо паблізу іх. Можа, гэтак адбывалася менавіта таму, што нідзе чалавек надалей не адасоблены ад людзей, нідзе ён настолькі не адзінотны, як на прыпынку?

Неяк пасля «гарачай вясны» дзевяноста шостага года я міжволі прыслухаўся да размовы двух хлопцаў, бо яны сумоўнічалі па-беларуску.

— Дык, кажаш, на якім прыпынку цябе хапанулі? — запытаўся адзін.

— На Чырвонаармейскім, — адказаў другі і ў сваю чаргу пацікавіўся:

— А цябе?

— Аж на Варвашэні.

Дарэчы, гэтая размова адбывалася таксама на прыпынку каля станцыі метро «Усход», і я, пакуль падыходзіў тралейбус, паспеў падумаць: «Для многіх людзей майго пакалення той ці іншы прыпынак назаўжды застаўся ў памяці як месца першай сустрэчы з каханай дзяўчынай, а гэтыя хлопцы ўжо ніколі не забудуць ні прыпынак Чырвонаармейскі, ні — Варвашэні, бо тут іх, відаць упершыню, зняволілі за любоў да Бацькаўшчыны».

Алергія

Некалі ў мяне быў сябар, карачаевец Махці. Сталін выселіў яго народ у Казахстан, дзе Махці нарадзіўся і асталеў сярод стэпавых прастораў. Калі карачаеўцам было дазволена вярнуцца на радзіму, хлопец не змог там застацца з суайчыннікамі, бо сярод гораў і далінаў пакутаваў на алергію.