Выбрать главу

Па сутнасці, беларусы ўсё яшчэ застаюцца Народам Чужых Радасцяў. І гэткая сітуацыя не зменіцца, пакуль мы не навучымся ганарыцца за сябе і за свае справы.

Радасці без гонару не бывае.

Няма

Парменід сцвярджаў, што ёсць адно тое, што ёсць, і ніякага няма — няма, але чалавек на свае вочы бачыць, як усё былое пакрысе некуды знікае. Вось чаму ў кожнай мове значыцца слова «няма», але, бадай, ніводнае з іх не параўнаецца з нашым... І не спяшайцеся мяне ўпікаць за местачковы патрыятызм. Залішне шмат беларускае «няма» ўвабрала ў сябе таго, што не здарылася, не адбылося, не знайшлося. Залішне шмат у ім таго, што добра распачыналася, але спакваля знікла дазвання ў невараці.

Пакуль іншыя народы прырасталі здабыткамі, мы мацаваліся стратамі. І цяпер мы багатыя на «няма» як ніхто. У нас няма гісторыі, няма мовы, няма свабоды, няма ладу і, магчыма, зноў не будзе сваёй дзяржавы. Ды і пра саміх беларусаў хто ўпэўнена скажа: ці то яны ёсць, ці то іх няма?..

Аднак хто ведае, можа, слова «няма» ўвабрала ў сябе не толькі нашу долю, але і наш лёс? Можа, самім лёсам нам наканавана адбыцца праз Няма, якое мы выношваем у сярэдзіне саміх сябе ўжо цэлае тысячагоддзе. Колькі за гэты час вусцішнае Нішто праглынула імперыяў, народаў, культураў, якія ганарліва раскашавалі сярод сваіх здабыткаў і перамогаў? Ад іх ужо даўно і знаку не засталося, а мы, збіральнікі стратаў і паразаў, затуленыя сваёй адсутнасцю, перакрочваем у трэцяе тысячагоддзе, магчыма, якраз дзеля таго, каб засведчыць нашае Вялікае Няма як самы надзейны шлях праз час і быццё.

КРАЙ ЗДЗІЧЭЛЫХ ЭЙДАСАЎ

Мой Бог — Этнас

Мне кажуць (сёння я чую гэта з усіх бакоў), што Я — найвялікшая каштоўнасць. Большая за дзяржаву, нацыю, рэлігію і, магчыма, нават за самога Пана Бога. Не ведаю, можа, які іншы чалавек і з’яўляецца такой значнай цацай, толькі не я. Бо я не бачу асаблівай цаны ў нейкай колькасці арганікі, выдзеленай з агульнага зместу «жывога рэчыва» даўно набытымі нагавіцамі і зацыраваным швэдрам.

Я — гэта восемдзесят кіло костак, тлушчу, цягліц і вадкасці чырвонага колеру, змешчаных у колькі там квадратных метраў бляклай скуры. Дадайце сюды трошкі нерваў, два-тры хаценні, некалькі запазычаных думак... Вось і ўсё. А мне і згэтуль і адтуль: ты цэнтр сусвету, апірышча быцця і, зусім верагодна, ягоны сэнс.

Я торгаю вуха, ушчыкваю клуб і, як той андэрсенаўскі хлопчык, толькі не весела, а з сумам, пярэчу: «Чалавек голы».

Я ганарлівы, як засцянковы шляхцюк, але гэта ўжо занадта. Што, я сябе не ведаю? З якой такой ласкі — найвялікшая каштоўнасць, за што такая пашана?

Магчыма, іншых гэта не цікавіць, а мяне дык надта: як раб Божы стаўся самакаштоўнай цацай? Калі гэта чалавек спрычыніўся да сэнсу быцця і чаму ссунуў на сябе гэты сэнс?

Ідэя, сэнс і сутнасць быцця знаходзіліся па-за асобай да той пары, пакуль не ўзнікла пытанне: ці вольны чалавек у сваім зямным выбары, ці пан ён над сваімі немудрагелістымі ўчынкамі?

З гэтага пытання спакваля і выспеў гуманізм. Гуманізм — гэта чалавек, вылуплены з-пад шкарлупіны Бога.

Сэнс чалавека эпохі гуманізму — чалавек. Сам дзеля сябе, сабою цалкам і абсалютна завершаны. Найвялікшая каштоўнасць.

Але, але... Рэч у тым, што асабіста я не хачу быць месцішчам абсалютнага сэнсу, бо не бачу ў сабе, з якога боку ні глядзеў, адпаведнага абсалюту зместу. Больш таго, з кожным днём для мяне робіцца выразнейшым разуменне канчатковай бессэнсоўнасці асобнага чалавека, якая вынікае з яго неабавязковай прысутнасці ў быцці.