Выбрать главу

Пакінуўшы слоўныя мудрагельствы, сфармулюем гэта гранічна проста: быў асабіста ты альбо цябе не было і ніколі не будзе — усё адно. І таму ў светапоглядным сэнсе менш за ўсё мяне цікавіць маё Я, а калі цікаўнасць усё ж узнікае, я адразу бачу, як з-пад яе покрыва вытыркаюцца рожкі эгаізму.

Я — голы чалавек на скразняках часу, і калі шукаць нешта вартае ў звязку з маёй асобай, то гэта не я сам, а мой Этнас ува мне.

Я — гэта колькі там тысяч год і колькі там соцень каленаў майго роду, і ўся мая каштоўнасць — гэта каштоўнасць скарбонкі, у якую ссыпаныя здабыткі, набытыя нястомнай працай на працягу невядома якога часу. І калі я нарэшце ўсведамляю, што я — усяго толькі месцішча, дзе мой Этнас працягвае існаванне з усімі сваімі тысячагоддзямі і каленамі, дык амаль міжволі вымаўляю: мой Бог — мой Этнас.

Мой Бог, у адрозненне ад трансцэндэнтнага, мае пэўны абрыс і логіку быцця. Ён спакваля перайначвае рэальную гісторыю ў крышталёвы эйдас. І ўжо як міф доўжыць маё існаванне да рэшты чалавечай бясконцасці.

Мне любы мой Бог сваёй дваістасцю, сваім сімбіёзам рэальнага і ідэальнага, але я здагадваюся, што сапраўдныя вытокі маёй любасці ў іншым. Без яго я нішто, камяк жывога рэчыва, адзінае прызначэнне якога — вялічыць аб’ём біясферы на зямной кулі. А прыстаўшы да яго, я сам раблюся ім.

Этнас — гэта я, памножаны на ўсю гісторыю майго народа. Этнас — гэта мой адзіны прытулак пасля смерці, апошняя, хай сабе і даволі ўмоўная, надзея на несмяротнасць. Так я толькі памру, а калі знікне ён, дык знікну і я.

(Памерці — гэта мая натуральная функцыя, усяго толькі драма майго асабістага жыцця. Знікнуць — трагедыя.)

Вось чаму мне моцна карціць, каб мой Этнас застаўся назаўсёды, бо тады застануся і я, як адна з незлічоных прычынаў яго.

Мяне вабіць магчымасць тварыць творцу мяне. Трансцэндэнтны Бог статычны, ён — дадзенасць, завершаная і непахісная ад пачатку да канца. А мой бог — несупынны рух і разгортванне ў часе ды прасторы, ён тоесны працягласці аб’ектыўнай гісторыі, шматкроць памножанай на экзістэнцыйныя парыванні. Але гэта яшчэ нічога не тлумачыць у маім выбары, і далей я мушу сказаць, чаму мяне не задавальняе звыклы Бог. Тым болей, што тая безаблічная вечнасць, якую прапануе мне Этнас, значна саступае ў прывабнасці райскаму прытулку ягонага канкурэнта.

Справа тут да смешнага празаічная — я не веру ў Яго існаванне. Я не магу даць веры існаванню Бога, якога здолеў перамагчы эгаізм чалавека. Калі не Бог, а чалавек — найвялікшая каштоўнасць, калі семдзесят кіло гуманістычна заклапочанай арганікі крочыць наперадзе, а духоўная ідэя валачэцца ў яе за спінай, як цень на сыходзе дня, дык мяне немагчыма пераканаць, што гэты даўжэзны цень ёсць прычынай мяне, а не наадварот. Ён мяне толькі палохае, калі я часам азіраюся.

Ува ўсёй неверагодна складанай сістэме ўзаемадачыненняў паміж Я і Этнасам (для беларусаў да таго ж заблытанай амаль фатальна) найперш мяне цешыць магчымасць быць далучаным да анталагічнай ідэі, у святле якой мой эгаізм у фанабэрыстых строях найвялікшай каштоўнасці робіцца да смешнага мізэрным, дробненькім і ўвогуле чэзне. Бо гэтаксама, як трансцэндэнтнаму Богу, я не магу даць веры гуманізму, з-пад квятаста размаляванай маскі якога выглядае бляклая пыса панылай экзістэнцыі.

Экзістэнцыялізм (светапогляд, філасофія, мастацтва) — гэта жах сямідзесяці кіло жывога рэчыва перад сваёй бессэнсоўнасцю. Вылучаны з Этнасу, завершаны, сам-насам чалавек — безумоўна абсурд. Ён мае персанальную логіку, але пазбаўлены ўласнага сэнсу. Шматлікія спробы на падставе логікі вызначыць сэнс чалавека не мелі поспеху, бо няможна знайсці тое, чаго няма.

Сам-насам я — ніхто, адно вось гэтая панылая пыса, засяроджаная на двух-трох эгаістычных хаценнях, а з Этнасам у сэрцы я — ягонае сэрца, якое б’ецца ўва мне. Я — жывое сэрца Этнасу, які стварыў мяне, і ніякай каштоўнасці ўва мне няма і не можа быць, калі б праз мяне не працякала плынь вечнасці майго народа.

Зрэшты, усё гэта — патэтыка (спроба вымавіць невымоўнае праз гіпертрафію эмацыйнага). Таму хопіць палымяна краснасловіць. Тым болей, што ў звязку з развагамі пра эгаізм і Этнас мяне насамрэч цікавіць зусім іншае. Этнас — вынік збегу гістарычных падзеяў ці непазбежнасць, прадумоўленая нейкім сакральным сэнсам? Гэта надзвычай важна. Бо ў першым выпадку мой Этнас мог і не быць, на ягоным месцы магло быць нешта іншае. У другім — ён акрамя сэнсу самадастатковасці мае нешта значна большае, і тады ў Этнасу з’яўляецца пазагістарычная (сакральная) задача. А ў мяне — магчымасць пазбегнуць патэтыкі, калі я кажу: мой Бог — мой Этнас.