Сказаць, што для Беларусі «праблема Расеі» сягае ў сівую даўніну, — значыць нічога не сказаць. Верагодна, мы з ёю і нарадзіліся, як, бывае, нараджаецца чалавек з нейкай генетычна абумоўленай апрычонасцю, якая ў такім выпадку становіцца ягонай нормай. І трэба ясна ўсведамляць, што выдаліць з сябе гэтую праблему ў нас ніколі не атрымаецца, нават калі знадворку Расея перастане адыгрываць хоць якую ролю ў нашым лёсе. Бо Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея — усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея пэўным сваім контурам (як і Еўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасці.
Але было б вялікай памылкай лічыць, што з гэтага мы часткова «Расея», а часткова «Еўропа» (ці хай сабе нават сума папярэдніх складнікаў). Ні першае, ні другое, ні трэцяе...
Мы — беларусы. Іншымі словамі, у нечым надзвычай істотным мы рашуча адрозныя ад усіх астатніх (як і ўсе астатнія міжсобку). І складнік
«Расеі» ў самасці беларусаў ёсць якраз адным з чыннікаў нашай адрознасці. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі.
Апошняе зусім не ёсць парадоксам. Гэтаксама «Азія», «азійства» ў целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а перадусім адсланяе — у супраціўным экспансіянізме і непераадольным антаганізме.
Хапала і ў нас гэтага «экспансіянізму і непераадольнага антаганізму». Ні з кім нашыя продкі столькі не ваявалі, як з тымі, каго сёння мы называем расейцамі. Толькі ў сярэдзіне семнаццатага стагоддзя падчас «крывавага патопу», арганізаванага «маскалямі», загінуў кожны другі жыхар нашага краю — было 4,9 мільёна, засталося 2,5 (між іншым, цягам вайны з нямецкім фашызмам, якая чамусьці лічыцца самай крывавай у нашай гісторыі, загінуў кожны чацвёрты беларус)...
...Тады і пагасла сонца над Вялікай Літвой і ўзышло над Вялікай Расеяй.
Вядома, і да гэтай падзеі ў расейцаў (маскоўцаў) ужо была ідэя Трэцяга Рыму і Града Божага на зямлі, але канчатковае замацаванне ў расейскай свядомасці месіянскай ролі адбылося не раней, чым Юры Пераможца на ўздыбленым кані працяў дзідай сэрца Рэчы Паспалітай і двухгаловы арол распасцёр крылы над усёй Усходняй Еўропай.
«Я памятник себе воздвиг нерукотворный...», і далей самы вялікі паэт тады маладой і яшчэ вясёлай імперыі пералічвае пабраныя народы, што прыйдуць схіліцца перад ягоным помнікам за тыя добрыя пачуцці, якія ён лірай абуджаў у сэрцах людзей.
«Я не паэта, крый мяне Божа...», і далей пра тое, што паколькі беларусы нікога не маюць, дык хай будзе хаця б Янка Купала.
У гэтых «помніках» двух нацыянальных геніяў куды больш сугестыўна, чым у лічбах, прачытваецца адказ на пытанне: каму якімі здабыткамі ды стратамі (фізічнымі і духоўнымі) адгукнулася эпоха тых войнаў.
Гэта надзвычай істотны момант, на які ніколі не варта забывацца, бо менавіта на памянёных «здабытках» (расейцы) і «стратах» (беларусы) далей будуць фармавацца (у супрацьлеглых вектарах) ментальнасці рускага і беларускага чалавека.
Верагодна, тут нехта заўважыць, што не зусім слушна (а можа, і зусім няслушна) звязваць выспяванне этнічнага светапогляду з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі. Я і сам гэтак мяркую, але ў дадзеным выпадку мне падаецца досыць верагодным, што катастрафічны вынік супрацьстаяння з Расеяй шмат у чым паспрыяў замацаванню ў свядомасці беларусаў філасофіі стыхійнага фаталізму.
Фаталізм — глыбока індывідуалістычны светапогляд, ён вымагае не толькі добраахвотнага падпарадкавання фатуму (кону), даверлівай згоды з тым, што ёсць і якім яно ёсць, але і тоеснасці суб’екта з самім сабой. На апошняе трэба звярнуць асаблівую ўвагу, паколькі сэнсавы цэнтр беларускага варыянта фатальных стасункаў з рэальнасцю менавіта тут. Імкненне да тоеснасці з самім сабой, да нявыхаду за межы гэтай тоеснасці ў знешні, духоўна іншы кантэкст сталася вызначальным у светапоглядзе беларусаў.
Але, вызнаючы істотную ролю «крывавага патопу» ў рассыпанні беларусаў на адзінкавыя саматоеснасці, пагодзімся, што гэтаму спрыяла і ўся астатняя гісторыя краю. Беларусь ужо ў пару фармавання ВКЛ была шматрэлігійнай і шматканфесійнай краінай. Які агульны сабор (і якая саборнасць) можа быць у праваслаўных, уніятаў, каталікоў, пратэстантаў, іудзеяў, мусульманаў, паганцаў?.. І якую «абшчыну» з іх можна скласці, калі яны і працуюць і святкуюць у розныя дні, да таго ж робяць усё гэта кожны па-свойму?
Сур’ёзна паўплываў на дэкалектывізацыю і такі сацыяльны феномен, як беларуская шляхта. Па некаторых ацэнках навукоўцаў, яе колькасць сягала 15 адсоткаў ад агульнага складу насельніцтва. Натуральна, у абсалютнай сваёй большасці шляхта была «дробнай», збяднелай і матэрыяльна часам амаль не рознілася ад сялянаў, аднак пры гэтым радыкальна асобілася і ад простага люду і паміж сабой. І хаця ў фармаванні ўжо ўласна беларускага этнасу (не блытаць з нацыяй!) шляхта, лічы, не ўдзельнічала, але ў фактары сацыяльнай дэкалектывізацыі яе роля была досыць значнай.