Выбрать главу

Дарэчы, знакамітая беларуская «талака» сведчыць якраз не за калектывізм, а зусім наадварот. Разбэрсаныя рэлігійна і сацыяльна людзі сыходзіліся разам на дзень-другі, каб зладзіць непад’ёмную для кагосьці аднаго справу, і зноў разбрыдаліся кожны ў сваю паасобкавасць. Гэтую сітуацыю не змяніла і прымусовая калектывізацыя, якая толькі фармальна паяднала натуральна раз’яднаных паміж сабой беларусаў.

Таму Беларусь для беларусаў і па сёння задзіночваецца ў кансалідаванае цэлае толькі (і выключна) праз інстынкт тэрыторыі, а не праз ідэю калектыўнага «я».

Усё радыкальна інакш у расейцаў. У анталагічным сэнсе паміж беларусамі і расейцамі — ментальная бездань. Расейцы ніколі не ведалі (і не шукалі) сваіх «этнаграфічных межаў», ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору «ад Брэста да Камчаткі»). Наўрад ці хоць у які перыяд Расейскай імперыі расейскі шараговец больш-менш дакладна ўяўляў яе геаграфічную фігуру. Праблема ўласнай геаграфічнай прасторы паўставала перад ім толькі ў момант чарговага ваеннага канфлікту, звязанага з абаронай ці пашырэннем межаў імперыі. («Расея, як вядома, вяла ў ХVІІІ– ХІХ стагоддзях трыццаць тры вайны, галоўным чынам захопніцкіх». Генры Мілер.) А ў астатнюю пару яму дастаткова было ведання пра цэнтр улады і яе персаналізаванае імя (месца імперыі знаходзіцца не ў дыскурсе топаса, а ў дыскурсе ўлады). Зрэшты, у іншым выпадку (лакалізаваная канкрэтным топасам) «руская ідэя» ніколі б не набрыняла месіянізмам і «сабор» не ператварыўся б са звычайнай культавай забудовы на пагорку ў «саборнасць» як патэнцыйную (віртуальную) тэрыторыю для Града Божага на зямлі.

«Да д’ябла ўсе! Расея апрычоны свет» — гэтая версіфікацыя Пагодзіна на тэму чаадаеўскага азарэння засведчыла, што ў расейскім грамадстве сакральная ідэя месіянства ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя скаланізавала і прастору прафаннага. Таму далей на яе аднолькава будуць абапірацца ў сваім адбыванні быцця што звычайны шараговец, што апрычоны інтэлектуал: «Расея — адметная краіна, не падобная ні на якую краіну свету» (Бярдзяеў).

Расея не Азія, Расея — не Еўропа, Расея — сёмы мацярык, адным словам — «адметны» ад усіх астатніх свет.

Падазраваць місію Расеі як вызначальную для лёсу ўсяго чалавецтва пакрысе сталася натуральна і нават «обыденно» для рускай свядомасці. «Мала таго — за ёю (Расеяй. — В. А.) прытоена нейкая боская задума, ад якой мы не маем права адмовіцца і ад якой мы не здолелі б адмовіцца, нават калі б гэтага захацелі...» (І. Ільін).

* * *

Хоць якая кансалідаваная ідэя можа стацца ментальнай рэальнасцю адно тады, калі ў досведзе народа актыўна і сістэмна прысутнічаюць падзеі кшталту «богаабранасці», «саборнасці», «абшчыннасці» і да т. п. У беларусаў нічога падобнага (сістэмна) ніколі не было. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як гэбраі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы) агульную для ўсяго чалавецтва канструкцыю светабудовы. Яны такое і прысніць не змаглі б — не тое што ўцялесніць. А вось што ў іх заўсёды добра атрымлівалася, дык гэта здаваць прастору свайго бытавання ў арэнду пад розныя месіянскія і проста глабалісцкія канцэпты ды праекты.

Паганства, хрысціянства (ва ўсіх ягоных версіях), мусульманства, іудаізм, рэнесанс, рэфармацыя і контррэфармацыя, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, камунізм, глабалізм... Усё, што мела хэнць і волю займець месца на гэтых абшарах, знаходзіла тут сабе ўтульнае месца. Талерантнасць беларусаў, безумоўна, мацнейшая за інстынкт самазахавання, з чаго так і карціць яе звузіць. Але, здаецца, апошняе якраз і немагчыма. На немагчымасці звузіцца ў талерантнасці тут заўсёды будзе спатыкацца кожная татальная ідэалогія — і нацыяналістычная таксама. Ідэя сябе ў нацыі, а не нацыі ў сабе, ідэя гамагеннай нацыі, адгароджанай ад іншых нацыянальнай дзяржаўнасцю, наўрад ці калі пераадолее ўстаялую ментальнасць беларусаў, зарыентаваную фатальным светапоглядам на паасобкавыя, але пры гэтым спавітыя талерантнасцю, саматоеснасці.

Мы — Францішак Скарына, а не Сімяон Полацкі, хаця Сімяон Полацкі — гэта таксама мы. Дзве велічныя постаці зямлі беларускай — гэта два нашыя шляхі, аднак не трэба быць асабліва відушчым, каб зразумець, куды вёў нашых продкаў першы шлях і чым стаўся для нас другі.