Не заўсёды і зусім не абавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Расейская культура з уласнай волі да панавання знішчыла іншых культураў болей, чым усе войскі Расейскай імперыі знішчылі іншых войскаў.
Мілажальнасць культуры — гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіўныя, чым іх носьбіты — народы (гэтая тэза аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае.
Дык вось, калі запытацца, чаму сёння большасць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе з беларускай культураю, то адказ будзе наступным: таму што на нашых землях ужо безліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай і беларускай культураў, у выніку якой апошняя апынулася амаль усцяж пераможанай. І, бадай, найтрагічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.
Мова — той азонавы слой, які дазваляе ўстойліва функцыянаваць, развівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыннікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёння шмат дзірак, але ў нас ён знішчаны амаль цалкам, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнай культуры як ад сцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касмічнага холаду метакультуры камунікатыўна адкрытага грамадства.
Адсюль, з перамогі расейскай культуры (на штыках і без штыкоў), і была зманіпуляваная прыдумка, што беларусы вельмі падобныя да рускіх — ну, амаль што блізнюкі... Падабенстваў з расейцамі, найперш праз агульную прыналежнасць да славянства, у нас, відавочна, даволі. Да таго ж істотную ролю ў прыпадабненні народаў адыграла і праваслаўе — апошнія некалькі стагоддзяў дамінавання «рускай» царквы на нашых землях добра прыклаліся да «русіфікацыі» беларусаў... Але ўсё гэта разам (і шмат чаго іншага) не дае нам права забывацца, што мы два зусім розныя народы з апрычонымі шляхамі і адметнымі гістарычнымі лёсамі — і будзем такімі да таго часу, пакуль будзем. (Чамусьці ніхто не лічыць «братамі» французаў і немцаў толькі таму, што яны належаць да аднаго раманскага свету.)
У сувязі з навуковымі і не надта навуковымі тэарэтызаваннямі на тэму аб’яднання двух братніх народаў (мне гэта нагадвае аб’яднанне ўдава з кролікам) успомнім колькі словаў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: «Некаторыя думаюць, што пазнейшае засваенне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека... Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаванні? Зніштожыць адметнасці разумовага жыцця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зніштожыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананні народа не прасцей, чым адцягненай думкай перасунуць косці маладога арганізма».
Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культураў. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і «перасунуць» беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык — у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад «гістарычнай бацькаўшчыны», аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртання. І тут не лішне будзе падкрэсліць, што вяртанне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасцяў не ёсць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамаццю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там «карэнныя перакананні народа», нават калі сам народ «у сілу гістарычных абставінаў» забыўся на гэта.
Вяртанне Беларусі ў Еўропу — гэта шлях, ад якога «мы не маем права адмовіцца» і ад якога «мы не здолелі б адмовіцца, нават каб гэтага захацелі».
Расея — наш фатум, але не наш кон. Пра фатальную ролю Расеі ў лёсе Беларусі ўжо даволі казалася вышэй. Аднак Расеяй мы толькі спутаныя, а зацугляныя Еўропай. Усім сваім целам мы ўпісаныя ў прасторавую фігуру Еўропы, больш за тое, у сваю пару (Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая) продкі беларусаў былі не апошнім стваральным чыннікам гэтай фігуры і яе цывілізатарскім фарпостам у славянскім свеце. І хаця пазней гэты «фарпост» лязом расейскай экспансіі на Захад быў адсечаны ад свайго вялікага цэлага, яго натуральнае месца заўсёды застаецца за ім. І менавіта згаданым фактарам найперш абумоўлена тое, што нават больш чым два стагоддзі каланізацыі, русіфікацыі і мэтаскіраванай асіміляцыі не далі рады з гэтай зачараванай на ўласную ролю прасторай, якая сёння зноў патрабуе сабе статусу суб’екта еўрапейскай гісторыі.
Вось чаму наастачу тэмы я хацеў бы паўтарыць: Расея — наш фатум, але не кон.