Выбрать главу
Крывавы блеф

Нацыя як «уяўная супольнасць» набывае сваю рэальнасць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя — гэта нішто іншае, як міф пра Нацыю.

Савецкая партызанка (па афіцыйных звестках — звыш 440 тысячаў партызанаў і падпольшчыкаў) — першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Але, разумеючы ўсю каштоўнасць згаданага міфу для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць Вялікае паданне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць не дзеля забаўкі — маўляў, што там спадысподу, а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасць, на якой ён паўстаў.

Як гэта ні дзіўна, аднак у праблеме беларускай «партызанкі» звычайна застаюцца ўбаку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытанні гэтай падзеі, і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі — штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытанне ўтрымлівае ў сабе шмат аспектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызвалення ад акупацыі ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэалагічных патрэбаў?

На пачатак паспрабуем давесці, што ідэя змагання з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле не-беларускага паходжання, бо ў праекцыі на беларусаў яна не мае гістарычна пацверджанага генезісу, прынамсі, ужо не мела яго на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХVII стагоддзя («крывавы патоп»). Яе пазнейшая як бы наяўнасць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненнем вылучыць гераічную плынь у бытаванні беларускага народа і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1830, 1863 гадоў, паўсталым на парэштках традыцыі шляхецкай вольнасці, надаецца значэнне ўстойлівай тэндэнцыі, што і «сацыялагічна» і «агіяграфічна» ніяк не адпавядае агулу рэальнасці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.

Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова негераічны. Масавы збройны гераізм народа — аксюмаран. Калі б гэтая з’ява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыння, дык народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм — з’ява больш небяспечная, чым адсутнасць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом смяртэльнай хваробы, за якой крыецца страта народам найважнейшага з інстынктаў — інстынкту самазахавання.

Невыпадкова ў мове беларускага народа няма слова, якое акрэслівала б гэтую тэндэнцыю, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, «герой» у жывым вымаўленні беларусаў гучыць няйнакш, як іранічна.

Няма слова — няма і з’явы. У лакальным змесце падобнае сцвярджэнне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасць, не можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народа, дык у нас з’яўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык?

Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з Масковіяй, Беларусь была ўжо ў нейкай ступені «акупаваная» Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а напачатку, у прамежку і потым — расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.

Зноў жа звернем увагу, як факт татальнай залежнасці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за саветамі... Мова народа ўжо не ўтрымлівала граматычных катэгорый самастойнага бытавання на сваёй зямлі.

Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць год назад?

Адказ, лічы, навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХVІІ стагоддзя зведалі толькі паспешлівы «візіт» Напалеона, чужынец са зброяй у руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змагання да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленне да акупацыі вынікала не толькі з ментальнасці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсведамлення моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага. А з адваротнага боку — з адмаўлення Расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасці за жыццём асобнага чалавека.