Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі наша свядомасць яшчэ не можа абысціся без ідэі гераічнага на вайне, дык няхай паспрабуе перанесці сваё ўяўленне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасць (як гэта зрабіла хрысціянства).
Спроба вылучыць з вайны ў якасці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент — ідэалагічная маніпуляцыя. Ніякі грамадскі інстытут не здольны быць больш маральным за маральнасць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе. Ён можа дэклараваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыццём. Этычны кодэкс хрысціянства застаецца нязменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытавання і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу — адным словам, падпарадкоўвалася этычнаму нарматыву рэальнага жыцця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, не тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасць. У вайну ўсе некага забівалі. Забівалі «немцы», забівалі «рускія», забівалі «паліцаі», забівалі «партызаны». Якое з забойстваў лічыць маральным, а — якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства?
Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай — усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю. Верагодна, такі утапічна-пацыфісцкі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэнне, бо ў маральнай тоеснасці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца здзек з самой сутнасці маральнасці. Але на вайне няма забойцаў, ці наадварот — на вайне ўсе забойцы. «Калі ты выбраў вайну, дык гэта твая вайна» (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставінаў, у якія патрапіў чалавек. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць — забіваў. І ўся розніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала, і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць). Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і партызанку, быў «завербаваны» ў савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнігсберг і Берлін? Натуральна, што для паспалітых жыхароў Нямеччыны ён быў акупантам, ворагам, забойцам. Гэта ідэолагі прыхарашылі ягоную ролю паганскім словазлучэннем «святая помста». Помста не бывае святой, прынамсі, яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узышоў на Галгофу.
Вайна — гэта паганства, вайна — гэта вяртанне чалавека ў задушлівае чэрава першабога, жорсткага і помслівага. Як быццам не было дзвюх тысяч год цярплівага гадавання этычнага імператыву, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.
Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызанаў ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленні бога помсты і чалавечых ахвяраў і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь...
Аднак, як гэта часта здараецца ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэтаў, неўзабаве ці пазней нечакана актуалізуецца ў радыкальна іншай перспектыве, часам зусім непажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовы пакласціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, мелі на мэце гэтым міфам яшчэ раз сцвердзіць вартасць сваёй Ідэі, але ніяк не высокую вартасць беларускага народа як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі... Ды атрымалася, што якраз дзякуючы гэтаму міфу Беларусь патрапіла ў кола заснавальнікаў ААН, а пазней змацавала на ім сваю незалежнасць...
У праблемы гераічнай беларускай партызанкі ёсць яшчэ адзін вельмі цікавы аспект. Згодна з натуральнай логікай, міф пра партызанскі народ мусіў распушыцца ў нішто адразу пасля дыскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога не здарылася (хаця на самым пачатку «дэмакратычных» дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю «гераічнай партызанкі», амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Між іншым, звернем увагу хаця б на той факт, што «партызанка» ў тых жа самых формах і не з меншай актыўнасцю ладзілася і ва Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыме, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводзін з гэтых рэгіёнаў не стаўся «партызанскім краем» і ніводзін з тых народаў не атрымаў мянушку «народ-партызан»...