Выбрать главу

Мабыць, апошняе вымагае невялікага тлумачэння. Ідэя Мінска — гэта спрадвечная мара лагатопу нашага краю аб выяўленым значэнні самога сябе, калі ў быційных праявах сфармулюецца і ўвасобіцца ідэальнае адлюстраванне таго сакральнага сэнсу, з якога ўзнікла наканаванне гэтай прасторы. Але сама па сабе прастора можа адно ўтрымліваць і гадаваць ідэал, а каб ён бачна паўстаў над быційнай роўняддзю, патрэбны цэнтр (у іншай тэрміналогіі — сталіца), які б паклаўся на пачатак узросту парадыгмы значэння.

Блуканне ідэі Мінска — гэта намацванне этнанацыянальнай прасторай свайго цэнтра, росшукі сэнсатворнай сярэдзіны самой сябе, таго месца, дзе, як адбітак умомант зніклага сакральнага віхру, будзе несупынна кружляць вір гістарычнага быцця.

Наўрад ці хто даведаецца, скуль пачаўся шлях ідэі Мінска, але летапісна ён перадусім быў занатаваны лёсам Рагнеды. Збудаваны для яе сына горадзень Ізяслаў быў ці не першай бачнай нам спробай вылучыць акраец быційнага значэння трансцэндэнтнай задумы.

Князь Ізяслаў пакінуў месту сваё імя і вярнуўся на айчыну маці, каб у Полацку трымаць далей дынастыю Рагвалодавічаў. Аднак ужо ягоны ўнук, шалёны Усяслаў, будзе шукаць няўважна страчанае дзедам, гойсаючы па абшарах свету ад Тмутаракані да Дудутак.

Не розумам, дык чуйным звярыным нутром Усяслаў здагадваўся: ні княскі пасад, ні нават Сафійка не дапамогуць Полацку стаць тым месцам, дзе можа быць ускрыленай ідэя Мінска; і зноў ды зноў кідаўся шукаць патрэбу. «Усяслаў... на кані паімчаў да горада Кіева і даткнуўся дзідаю да кіеўскага залатога пасаду. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белграда ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак».

Нечалавечая відушча Усяслава ўрэшце вызначыла каардынаты Нямігі... але, падобна, не ў той дзень, не ў той час прыскакаў ён на гэтыя берагі. Не было яму калі агледзецца, прыслухацца, сокалам шнырнуць у астральныя нябёсы, кратом абмацаць трывалішчы катакомбныя, каб пераканацца: тут... Трэба было адразу кроў праліваць. «На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць снапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх».

Вялікая кроў заўсёды сведчыла пра невыпадковасць, абранасць таго месца, дзе яна пралілася. Толькі не прамінем іншага: берагі Нямігі «не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі...». Ці не гэтая крывавая багна, ці не гэты буралом касцей на шмат стагоддзяў сталіся патаемнай прычынаю забароны, рашучага табу на здзяйсненне ідэі Мінска там, дзе ёй было наканавана калісьці здзейсніцца?

Увогуле я скептычна стаўлюся да містыкі і таму не маю намеру разгортваць гэтую выпадковую тут тэзу. Аднак разам з тым не магу зусім пазбегнуць думкі аб нейкай ірацыянальнасці таго, што далей будзе адбывацца з Мінскам: на працягу стагоддзяў у ягонай ролі паспрабуюць сябе не Полацк, Наваградак, Вільня, Гродна... і толькі Мінск не выкажа аніякай ахвоты пачуць голас наканавання, што гучаў побач. Мінск стаіўся ў марудзе штодзённых турботаў, і нават статус губернскага горада Расейскай імперыі не вызваліў яго ад звыклай перасцярогі да магчымасці незнарок вытыркнуцца з роўні звычаёвасці. Ужо ў ХХ стагоддзі, калі яму відавочна не было куды падзецца ад абавязку вызначыць інтэграл беларускага шляху, ён паспрабаваў ухіліцца гэтай мітрэнгі на карысць Вільні, Смаленска, Віцебска і нават Магілёва (дзе на запас быў збудаваны яшчэ адзін Дом урада).

Такое ўпартае не-хаценне магло б сведчыць пра неадпаведнасць места той місіі, што на яго ўскладаецца, каб не ўвесь папярэдні гістарычны досвед, які люструе марнасць намаганняў іншых вылучыцца ў гэтай якасці. Здаецца, пытанне паўстала рубам: альбо Мінск, альбо — ніхто.

Няўдалыя спробы каго б там ні было раней спраўдзіць ідэю Мінска, пэўна, можна растлумачыць на грунце розных падставаў: містычнай (наканаванне), гістарычнай (логіка падзеяў), дыялектычнай (перманентнае адпрэчванне), адной з культуралагічных (смерць пасіянарнасці) і другой (смерць культуры), а да таго ж эканамічнай, палітычнай і г. д. Запрапануем у суплёт да іх версію белетрыстычнагеаграфічную. Полацак, Вільня, Смаленск... не маглі настала замацавацца ў якасці «легітымнага» прадстаўніка гэтай прасторы таму, што адбываліся на перыметры этнаграфічнага дыскурсу; яны намагаліся стацца цэнтрам, уладкаваўшы сабе месцішча на мяжы, ускрай абшару жыццядзейнасці этнасу. З чаго замест гарманізацыі той прасторы, ад імя якой яны выступалі, атрымлівалася яе дэфармацыя, сцягванне цэнтра з належнага яму месца на перыферыю, амаль у замежжа. Таму, натуральна, цягам бытавання яны выяўлялі не экзістэнцыю прыналежнага да іх абшару, а морак нічыйнай мяжы.