Выбрать главу

Па вялікаму рахунку раней наш край ніколі не меў цэнтра (сталіцы). Тыя месцы, што ім пазначаліся, сутнасна, ды і зместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя ўсяго іншага, сведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка, пэўна, і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку даводзілася браць да выканання многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае «цэнтр».

Найбольш паглядна аблуду намінатыўнасці люструе Вільня — горад-падман, горад-пастка, фатальны горад з яшчэ, здаецца, напоўніцу не вычарпанаю для беларусаў згубаю.

Вільня стагоддзямі дражніла нас надзеяй, што яна можа быць для нас Мінскам, і мы ўва ўсе тыя стагоддзі, забыўшыся на іншыя магчымасці, ляцелі на святло яе ліхтароў — і натыкаліся на нябачную перашкоду... а тыя, хто не адступаўся перашкоды, як Каліноўскі ці Аляхновіч, абпальвалі тут крылы і ападалі мёртвымі на дол.

«О, Вільня, крывіцкая Мекка! Ці варта прарока ты стрэць?» — сумняваўся паэт. Але вядома, што рытарычнае пытанне — гэта форма адказу на зусім не рытарычнае пытанне: дзе Медына, а дзе Мекка?

Вільня не была вартая сваіх прарокаў, і яны, завабленыя туды падманам, неўзабаве пачалі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да каго б ні было места і кідаліся прэч... Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства)...

Забыцца, як мага хутчэй забыцца на гэтага «гораду чароўныя прынады», пакінуць Вільню для сантыментаў, экскурсіяў, эміграцыі, архіву няспраўджаных праектаў, дзе найвялікшы з няспраўджаных — яна сама.

Няма Мінска, акрамя Мінска. У 1918 годзе Мінск у якасці цэнтра этнанацыянальнага дыскурсу мог яшчэ падацца выпадковасцю хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэнні спрабавалі здзейсніцца іншыя месты (Смаленск, тая ж Вільня), але сёння ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ, як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі не змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тым самым урэшце перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва ідэі Мінска паўз перыметр краю...

Нарэшце этнаграфічная прастора намацала і зацвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасць раней нічым не збалансаванага змесціва, якое адсюль даволі хутка пачало набываць форму з плёну крышталізацыі структуры, абумоўленай сістэмнымі ўзаемадачыненнямі цэнтра і перыферыі.

Беларусь як цэласнае культурнае, сацыяльнае, палітычнае і метафізічнае ўтварэнне немагчымая без фармулюючага гэтае ўтварэнне Мінска. Але тут адразу ўзнікае пытанне: а ці магчымы Мінск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Мінск у наканаваным яму месцы і наканаванні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцвінаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер мянуем словам Беларусь?

Калі я пачынаю так думаць, дык пакрысе ніцуецца здагадка, што Мінск не мог стацца Мінскам, пакуль пашкамутаная і шмат дзе прагнілая прастора бытавання этнічных папярэднікаў беларусаў не згарнулася ў нешта цэлае згодна новай таясамасці, якая ўжо і заклікала гэтае месца абазнацца ў значэнні яе цэнтра. З апошняга вынікае, што я, можа, дарэмна містыкаваў абыякавасць Мінска да свайго кону ў папярэднія эпохі, як, магчыма, не зусім карэктна ўшчуваў іншыя месты ў іхніх вымогах хапацца не за сваю ношку.

Усяму свая пара. Дамо веры гэтаму адвечнаму мудраслоўю і ў згодзе з ім заўважым, што, нягледзячы на кагадзе ўжытае слова «таясамасць», пару нашага існавання верагодна было б слушна падзяліць на дзве эры і другую, якая пачалася пасля татальнага мораку ХVII–ХVIII стст., чытаць не толькі як новую гісторыю адной і той самай нагоды, але і як гісторыю новага этнасу, бо, пэўна, беларусы — гэта ўжо нешта іншае ад крэваў, русінаў, ліцвінаў... узятых як кожны паасобку, так і агулам. А Беларусь — нешта зусім адрознае ад усяго, што табарылася раней на гэтых абшарах.

Мінск — сталіца Беларусі.

Паспрабуем паставіць у прапанаванай сінтаксічнай фігуры на месца Мінска што заўгодна: Полацк, Гродна, Магілёў, Смаленск, Вільню...

Да прыкладу:

Гродна — сталіца Беларусі.

Няпраўда, — першае, што прыйдзе да галавы і выгукнецца сэрцам. — Няпраўда. Так быць не можа, бо так не можа быць. Мы гэта, як звяры бяду, адчуваем нутром. Занадта шмат на гэтай прасторы ладзілася канструктыўных хімераў, якія асыпаліся, здавалася б, без дай прычыны, калі гэткай не лічыць адсутнасць повязяў з поклічам сакруму.