Мінск — падстава як легалізацыі, так і гарманізацыі этнанацыянальнай прасторы. У гэтай якасці ён застанецца і будзе — да таго часу, пакуль нацыя і дзяржава будуць хоць нешта значыць для чалавека. А як толькі гэтае значэнне страціць сваю актуальнасць, Мінск зноў перакінецца ў Менск, змарнее, сцішыцца, атухне ў марудзе штодзённых турботаў... Зрэшты, гэтую сумную перспектыву цяпер нават марна выглядаць — залішне яна адцягненая і паэтычная. Лепей абернемся да яшчэ блізкай мінуўшчыны і звернем увагу на міграцыю
50–70-х гадоў, калі ў насцеж расчыненыя брамы места пацягнулася беларуская вёска і яе коштам Мінск упершыню за апошнія колькі там стагоддзяў стаўся горадам, дзе жывуць пераважна беларусы. Згаданы факт надзвычай важкі ў нашым аповедзе, бо без гэтага «сена на асфальце» і ў аб’яўленым значэнні сакральная роля Мінска заставалася б толькі дэкларацыяй, і невядома, калі і як з гэтага дэкларавання атрымалася б нешта вартае...
Мы перабіраліся ў Мінск з вёсак і мястэчак зусім не дзеля таго, каб тут гуртаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася ў «шолаху моўкнасці» гэтай прасторы...
Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцаў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад спех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобны да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі, і, па сутнасці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Свіслачы, Докшыцах, Коўзунах... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля паўстала запатрабаванае логікай пытанне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое — Мінск?
У пошуках тлумачэння не магла не з’явіцца думка: а можа, Мінска як Мінска няма, можа, ёсць толькі нейкая прастора, адслоненая ад усяго топасу Беларусі межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасць горада, якая была пакліканая сюды, каб вымкнуць з кантынууму ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе збегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасці?
Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексавання, з эмбрыёна «Мы» мусіла паўстаць самотнае «Я» ў якасці апазіцыі ідэальнай універсаліі ды адначасна горада, што некалі будзе...
Мінск — места адзінотных самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач — усяго толькі прыкрая недарэчнасць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала пільнаваць вярэду адной, усё той самай, думкі: навошта я сам сабе патрэбны?
Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць пэўным, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані міфаў, прывіды ідэалагемаў, сляды слядоў... Цені трансцэндэнтнага будуць гуснуць, цяжэць, усё больш шчыльна класціся на покрыва каардынатаў, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца сэнсамі, што некалі задзіночацца ў таго другога, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялог, каб такім няспешным чынам у рэшце рэшт зрабіцца горадам, які ёсць.
На палітычнай мапе Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена не толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам. Аднастайная фарба на мапе не супярэчыць дзяржаўнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Аднак калі б нехта ўвішны і дасведчаны паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе Беларусь насамрэч беларуская, гэта значыць тыя месцы, дзе актыўна ці хаця б заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да Беларусі як да непазбежна тваёй Бацькаўшчыны, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады мы ўбачылі б нешта накшталт Архіпелагу — унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданыя астравы і астраўкі беларушчыны, а між імі неабсяжнае мора расейшчыны: расейскай культуры, расейскай свядомасці, расейскай мовы... І хаця гэтая расейшчына наўсцяж скажоная намі, спрэс дэфармаваная і ад таго трохі фарсавая, але тым не менш менавіта яна пануе на Беларусі, калі не ў сэнсе якасці, дык у значэнні колькасці.
* * *
Але колькі б яе ні было — той расейшчыны, гэтым разам не пра яе гаворка, а пра нас, зажураных тубыльцаў Архіпелагу Беларусь, якія ўвесь час выглядваюць бел-чырвона-белы ветразь на даляглядзе, каб хоць на момант унікнуць самоты. І, бадай, адзінае, што заўсёды звязвае нас між сабой і трымае ў віртуальным агуле — гэта тэкст. Толькі на прасторы беларускага Тэксту мы, насельнікі гэтых, далёка параскіданых адна ад адной выспаў, можам сустрэцца разам і такім архаічным чынам, натуральным хутчэй для ХІХ стагоддзя, чым для ХХІ, пераадольваем усё, што нас раз’ядноўвае, — ад каланіяльнай гісторыі да зрусіфікаванай дзяржавы.