Натуральна, у наш час, калі кожная кватэра напханая радыёпрыймачамі, тэлевізарамі ды кампутарамі, карыстацца Тэкстам як асноўным начыннем нацыянальнага задзіночання — відавочны архаізм. Аднак тут ужо нічога не паробіш: і радыё, і тэлебачанне ў нас калі не па форме, дык па сутве — антыбеларускія, і яны не лучаць між сабою насельнікаў аддаленых выспаў, а толькі раз’ядноўваюць.
З усяго гэтага мы на Беларусі маем досыць парадаксальную сітуацыю. Калі ў нацыянальна і дэмакратычна сфармаваных постіндустрыяльных краінах Тэкст губляе сваё цэнтрапалеглае месца ў функцыянаванні грамадства, якое ён займаў цягам многіх стагоддзяў, дык у недэмакратычнай і нацыянальна знямоглай Беларусі нацыянальны Тэкст паранейшаму дамінуе, хаця вынікі гэтага дамінавання досыць сціплыя, бо і на выспах сёння — эпоха камунікатыўна адкрытага грамадства, а гэта азначае, што хаця Тэкст знаходзіцца ў цэнтры культурнага жыцця Архіпелагу, але знаходзіцца ён там усяго як цэнтрапалеглая маргіналія.
Цэнтрапалеглым месцам Тэксту адпаведна вызначаецца і роля беларускіх грамадска-культурных выданняў ды кнігаў. Незалежна ад сваёй ідэалагічнай, эстэтычнай і тэматычнай скіраванасці, беларускія выданні, нават паўз сваю волю, толькі таму, што яны прэзентуюць беларускі тэкст, выконваюць сёння і палітычную, і асветніцкую, і адукацыйную функцыі... Менавіта так — нават адукацыйную, бо беларускай мове сёння не вучаць дзяцей ні бацькі, ні школа (у належнай меры), ні вуліца. Вось чаму на Беларусі літаратура ўсё яшчэ больш чым літаратура, а кніга — больш чым кніга.
Натуральна, нічога добрага ў гэтым няма. Калі літаратура бярэ на сябе і іншыя, акрамя ўласна літаратурных, функцыі, дык гэта напэўна азначае, што грамадскія інстытуцыі, якія мусяць рэалізоўваць гэтыя «іншыя функцыі», альбо яшчэ не сфармаваныя, альбо зняволеныя ўладай.
Пачынаючы з «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага і віленскай «Нашай Нівы» (пачатку ХХ стагоддзя) усе беларускія выданні наўпрост ці ўскосна выконвалі ролю адсутных грамадска-палітычных інстытутаў, якія мусілі б вырашаць адпаведныя патрэбы беларускай Беларусі. Больш за тое. Менавіта на прасторы грамадска-культурных выданняў і кнігаў беларусы сфармаваліся як нацыя. І сёння мы застаемся нацыяй не дзякуючы палітычным рухам і як бы незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе беларускі Тэкст. Вось чаму адказнасць за лёс Беларусі шмат у чым ляжыць на кожным з тых, хто гэты тэкст персанальна фармуе...
* * *
Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што нам ужо робіцца амаль невыносным цяжар адказнасці за існаванне мовы, нацыі, дзяржавы, які больш за стагоддзе ніхто не здымае ні з літаратараў, ні з рэдактараў, ні з выдаўцоў. Мы стаміліся. Мы страшэнна стаміліся ад трагічнага цяжару апошняга беларускага стагоддзя. А разам з намі стаміўся і наш чытач. Уласна кажучы, ён зусім і не чытач у звыклым разуменні гэтага слова. Мы з ім не пішам і не чытаем літаратурныя тэксты, а праз пісанне і чытанне літаратурных тэкстаў удзельнічаем у сакралізаванай містэрыі, галоўнай мэтай якой ёсць нарошчванне астральнага цела нацыі.
Адсюль і праблема чытача нашых выданняў паўстае ў досыць спецыфічным ракурсе. Яна кардынальна адрозніваецца ад той звычайнай праблемы, якая ёсць у кожнага выдання ў кожнай краіне. Фармулюючы гэтае адрозненне, перадусім заўважым, што ў нас праблема чытача не вырашаецца праз якасць і актуальнасць саміх тэкстаў. Для нас яна найперш звязаная з пашырэннем Архіпелагу Беларусь і з павелічэннем колькасці яго насельнікаў. Рэч у тым, што, каб стаць чытачом хоць якога з нашых выданняў, спачатку трэба зрабіцца беларусам. А каб зрабіць з шараговага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — беларуса, патрабуецца шмат часу і высілкаў. Тым больш, што дзяржава Беларусь у «вытворчасці беларусаў» амаль не ўдзельнічае. Кожны свядомы беларус — гэта штучны артэфакт, створаны на подзе беларускага Тэксту самаахвярнымі намаганнямі прыватных асобаў...
І вось толькі тады, калі з’яўляецца чарговы беларус, настае пара яго прылучэння да таго ці іншага выдання — гэты акт па яго значнасці я гатовы параўнаць з пасвячэннем у рыцары нейкага сярэднявечнага ордэну ці ў сябры масонскай ложы.