* * *
Доўгі час міф аб непапулярнасці беларускіх тэкстаў трымаўся пераважна на наступным аргуменце: яны, у параўнанні з расейскімі, не адпавядаюць інтэлектуальным і эстэтычным патрабаванням сучаснага чытача. Але апошнія паўтара дзесяцігоддзя разняволення і ўлучанасці беларускай літаратуры ў еўрапейскі эстэтычны кантэкст яскрава засведчылі, што гэта быў не проста паганы міф, а міф наўмысна аблудны. Сёння мы можам канстатаваць, што абыякавасць да беларускіх тэкстаў тых, каго ў нас называюць «пашпартнымі беларусамі», звязаная не з уласна творчасцю беларускіх літаратараў і выдаўцоў, а з расейска-савецкай ментальнасцю.
Цягам некалькіх стагоддзяў расейская, а затым расейска-камуністычная імперыя ўсімі магчымымі сродкамі прымусу, ад фізічнага да інтэлектуальнага, выціскала культуру беларусаў на маргінэз, каб напоўніць вызваленае месца сваімі культурнымі знакамі. Натуральна, што цяпер «пашпартным беларусам» няўтульна ў прасторы беларускага Тэксту, бо тэкст — гэта перадусім сістэма знакаў, якія адсылаюць да тых ці іншых культурных рэаліяў. А калі гэтыя рэаліі сфармаваныя расейска-савецкай культурай, дык што можа знайсці для сябе такі фармальна беларускі, але па сутнасці расейска-савецкі чытач у беларускім Тэксце, які адсылае яго да малавядомых яму рэаліяў беларускай гісторыі, культуры ды ментальнасці?
* * *
Каб хоць нечым збалансаваць песімізм сваіх развагаў, мне, напэўна, трэба было б завяршыць іх нейкай аптымістычнай дэкларацыяй, кшталту: будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсё пераменіцца да лепшага. Але, на вялікі жаль, перш чым паставіць кропку, я мушу яшчэ больш заглыбіцца ў песімізм.
Рэч у тым, што я належу да тых, хто ў сваіх футуралагічных рэфлексіях не пазбягае думкі аб непазбежным (рана ці позна) канцы эры Тэксту. Ужо сёння Тэкст саступіў вершнасць іншым тэхналогіям вытворчасці інтэлектуальнай і эмацыйнай прадукцыі. І я не схільны сябе суцяшаць, што гэта часовае адступленне...
Натуральна, мяне як літаратара мала цешыць перспектыва зніжэння ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах жыцця. Але яшчэ больш трывожыць мяне перспектыва заняпаду Тэксту — як беларуса. Я ўжо даволі казаў, што беларусы як нацыя сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэнне ў сацыяльным і духоўным быцці чалавека, то ў нас, беларусаў, з-пад ног знікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль... І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?
* * *
Крыга беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз ХХ стагоддзе, на вачах драбнее — крышыцца па краях, худнее ў сярэдзіне... На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадварот — пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэкламаваць на развітанне штокольвек пафасна-рытарычнае. Ну, хаця б вось гэта:
Але як бы хто сёння сябе ні паводзіў, пэўна, ужо нішто не зможа ўтрымаць беларускі Тэкст у тым вялікім значэнні збіральніка Нацыі, якое ён выконваў да гэтага. І таму, вяртаючыся да пытання, што, калі не Тэкст, будзе трымаць нас як беларусаў, можна сказаць хіба адно: адказ залежыць толькі ад таго, што гэтае пытанне і спарадзіла. А менавіта ад таго, ці было апошняе стагоддзе беларускага Тэксту настолькі плённым, каб змусіць наступнае, інакш тэхналагічна арганізаванае быццё ўлічваць гэты плён і фармаваць новую парадыгму існавання, азіраючыся на пажоўклыя шматкі паперы, дзе рознымі словамі, але спрэс напісанае адно і тое самае: беларусам звацца.
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што ў цябе ёсць свая краіна! Пра нешта такое бадай кожнаму светла думаецца пасля вяртання з далёкага замежжа. Але усю кранальную пяшчоту гэтага здумлення можна адчуць адно тады, калі раней у цябе сваёй краіны не было…
Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага па-сутнасці жыў у нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто. Праўда, апошняе зусім не азначае, што я жыў ніяк. Паводле мовы тадышніх ідэолагаў, у мяне было «шчаслівае дзяцінства». А маладосць апынулася яшчэ больш багатай на радасць, бо я атрымаў напоўніцу ўсяго, чаго прагне чалавек у хлапечыя гады — сяброў, каханняў, вандровак, ведаў… За тую пару я абхадзіў лічы ўсе горы «адной шостай часткі зямной сушы» (метанімічны троп Савецкага Саюза), скончыў ці не самы прэстыжны інстытут камуністычнай імперыі (літаратурны ў Маскве) і зразумеў сябе як «трансцэндэнтнага суб’екта» (Кант), гэта значыць пачуў магутны покліч метафізічнай вусцішы і прыняў яе выклік.