Карацей кажучы, за пару маладосці я займеў сабе ў падставы даволі ўсяго, каб паўнавартасна пражыць астатняе жыццё. І, пэўна, пражыў бы яго не горш за іншых, а пасля сыйшоў бы з дымам у нябёсы праз комін маскоўскага крэматорыя (напрыканцы вучобы мне настойліва прапаноўвалі прапіску і літаратурную працу ў Маскве)...
Цяпер, калі я згадваю, што так яно і насамрэч магло збыцца, мне ўмомант робіцца млосна. Як лёгка чалавеку размінуцца з уласным лёсам! І як мала ад самога чалавека залежыць, каб гэтак не сталася. Варта было затрымацца незалежнасці Беларусі і я ніколі нават не даведаўся б, што насамрэч пражыў сваё жыццё як чужое.
Магчыма, тут нехта запярэчыць, маўляў, як бы жыццё не склалася – яно толькі тваё і з гэтага не можа быць табе чужым. Выглядае слушна, але скуль тады ўсеахопная млосць, калі я падумаю пра сябе без Беларусі?!
Я выдатна разумею, што гэткая амаль містычная патрэба «сваёй краіны» вярэдзіць далёка не кожнага. Шмат для каго ўвогуле не істотна, дзе жыць, а істотна толькі колькасць і якасць магчымасцяў пражывання жыцця. Але гэтае эсэ я пішу перадусім дзеля расповеда пра ўласнае. А ў маім выпадку наяўнасць незалежнай Беларусі канцавая, бо праз яе я знайшоўся сам для сябе.
* * *
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне… А потым, схапіўшыся за справы, адразу згадаць, што твая краіна не зусім твая, бо куды вока ні кінь, амаль усё табе тут не пасуе: і паноўная мова, і звычаі, і нават ты сам сабе ў не-тоеснасці сваёй краіне.
І так яно лічы ўва ўсіх (толькі з розных падставаў) — з чаго нідзе і ні ў чым мы не маем згоды. Верагодна таму кожнае значэнне ў нас да абсурднасці шматсэнсоўнае, а ўсялякая падзея набывае столькі канатацыяў, што сярод іх, як кажуць, сам чорт ногу зламае. Мы нават асноўных граматыкаў маем як найменей тры. Дзіўна толькі, чаму ў нас арыфметыка ўсяго адна?
Таму жыць на Беларусі і не быць шызафрэнікам немагчыма.
Хаця, калі некага паймо «шызафрэнік» моцна абражае, магу ў займеннік прапанаваць больш шляхетнае азначэнне. Беларусы спрэс і наскрозь амбівалентныя, гэта значыць натуральна ўнармаваныя ў супярэчнасці, якія радыкальна адмаўляюць адна адну. І так не сёння сталася, прыгадаем хаця б нашу славутую талеранцыю, якая здавён трывала самыя жорсткія апазіцыі ў жыцці побач з іншым.
Зрэшты, тут я меруся распавесці не пра беларусаў увогуле, а толькі пра сябе ў праекцыі на сваю краіну… Дык вось, калі Беларусь раптам здарылася, мне яшчэ трэба было зрабіцць з сябе беларуса, каб мець магчымасць ушчыльную прытоесніцца да яе. Справа не выглядала простай, але дапамагала тое, што на тую пару ў гэтую справу навалай улегліся дзесяткі, а мо і сотні тысяч людзей. Як на мой розум, дык тая экзістэнцыйная мадэрнізацыя беларусаў па духоўнай значнасці нічым не саступала перастварэнню паганцаў у хрысціянаў.
Вядома, найбольшай праблемай рушэння ў беларусы была мова. Цікава, што кожны гэтую праблему вырашаў на ўласны спосаб, бо дзяржава супраціўлялася прыйсцю беларушчыны. Пра свой персанальны досвед вяртання ў мову я ўжо распавядаў на старонках гэтай кнігі. Тут адно трохі паўтаруся, згадаўшы апошні эпізод з таго досведу.
«Аднойчы я прачнуўся яшчэ да відна і ніяк не мог заснуць, бо мяне вярэдзіў мой сон. Ён быў нічым не адметны, аднак спаць замінаў. Я доўга муляў бакі, спрабуючы зразумець, у чым тут справа, пакуль не дапетрыў, што ў тым сне і я сам і мае інфернальныя хаўруснікі размаўлялі па-беларуску.
Я шчасліва заўсміхаўся ў цямрэчы. Вось і скончыўся твой шлях да Беларусі! Бо калі на мове ўжо загаварыла тваё падсвядомае – дык далей няма куды.
Я апошні раз перакуліўся на другі бок і адразу заснуў.»
* * *
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне… і аднойчы зразумець, што яна ніколі не стане тваёй, калі ты не заб’еш у сабе штучна прыдуманага ідэолагамі нацыяналізму беларуса. Гэтае бязлітаснае здумленне скалане мяне яшчэ ў пару панавання праменістых нацыянальных ідэалаў. Таму я доўга нікому не скажу пра сваю эўрыстыку, адно буду палохацца яе застаўшыся сам-насам.