Тым часам праменісты ідэалізм у каламуці рэальнасці спакваля сыходзіў на нішто, пагражаючы зноў пакінуць мяне без сваёй краіны. Суіцыд рабіўся непазбежным. Я неадкладна мусіў забіць у сабе беларуса, створанага нацыянальнымі рамантыкамі неведома дзеля якой, але відавочна не гэтай краіны. Ён не меў нічога агульнага з тым чалавекам, што цяпер жыў на тутэйшых абшарах і да таго ж не пасаваў таму часу (постмадэрноваму), у якім жыў я.
Аднак найбольшай хібай гэтага штучна вымудранага голема было тое, што ён ахопліваў толькі адно (нацыянальнае) вымярэнне адвечна шматвымернай беларускай суб’ектнасці. Гэты логацэнтрычна просталінейны канструкт па азначэнню адмаўляў талерантную амбівалентнасць, шызафрэнічную размаітасць, не-лінейную ўсеахопнасць (і да т. п.) нашай ментальнасці. Інакш кажучы, ён загадваў мне атрусіцца ад тутэйшай шматстайнасці, каб такім чынам перарабіцца з чалавека ў ідэалагічнага курдупеля (і гэта ў эпоху краха ўсіх ідэалогій!). Больш за тое, ён рашуча патрабаваў, каб я праз уласныя вымогі запыніў ліючыюся форму… адвечнага беларускага шляху (Ігнат Канчэўскі) ў нерухомай нацыянальнай канструкцыі…
Шчыра кажучы, мне было не толькі страшна, але і шкада нішчыць у сабе гэтага апантанага нацыяналізмам чалавека. Я ж не збыўся мары аб тым, каб Беларусь сталася спрэс беларускай. Але вось сама Беларусь нічога падобнага не хацела, яна як заўсёды імкнулася да мультыкультурнай сваволі і з гэтага апыналася чужаніцай кожнаму, хто мерыўся ўплішчыць яе ў нейкі апрычоны фармат.
Так, мне было і страшна, і шкада… Але я прагнуў сваёй краіны, а не чужаніцы — таму не меў выбара.
І я забіў яго.
* * *
Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што ў цябе ёсць свая краіна…
КАТАКОМБЫ НЯБЁСАЎ
Як вядома, Біблія надыктаваная самім Панам Богам. А паколькі першы поўны збор Бібліі запісаны іўрытам, дык адсюль быццам само сабой вынікае, што на тую пару Бог найлепей ведаў старую габрайскую мову. Хаця наўрад ці падобнае меркаванне адпавядае сапраўднасці, бо потым Бог яшчэ шмат з кім сумовіўся паасобку (прынамсі, сведчанняў таму ў святых кнігах даволі), і далёка не ўсе ягоныя сумоўнікі былі габраямі. Тым не менш усе яны разумелі словы Бога, як уласныя. З чаго будзе лагічна выснаваць, што Бог быў (і, пэўна, застаецца) паліглотам. Зрэшты, і дзіўна, каб яно было неяк інакш. Праўда, нельга выключыць, што ў звычайным, фанетычным разуменні Бог увогуле не размаўляе, а тэлепатуе свае думкі (абмінаючы нашыя вушы) напрасткі ў галаву ці сэрца, альбо адразу туды і туды...
Але гэтым разам мяне не столькі сам Пан Бог цікавіць, колькі гістарычная радзіма чалавека — Эдэм. І перадусім: на якой мове ў Эдэме размаўлялі Адам і Ева? Праўда, для шмат каго тут няма аніякага пытання. Маўляў, паколькі пра Адама і Еву апавядаецца ў Бібліі, а Біблія запісаная іўрытам, дык выглядае амаль бясспрэчна, што Адам з Евай таксама размаўлялі нейкай старажытнагабрайскай мовай.
Яно то і хай сабе. Аднак калі наследаваць гэтай логіцы і далей, дык атрымліваецца, што Адам і Ева былі габраямі. А калі Адам з Евай былі габраямі, то і ўсе мы, іх нашчадкі, таксама габраі... Вохці мне!
Зрэшты, людзі ніколі не мелі асаблівага даверу да логікі. Таму шмат навукоўцаў і проста неабыякавых да гэтай праблемы людзей у самыя розныя гістарычныя эпохі спрабавалі высветліць, на якой мове сапраўды размаўлялі ў Эдэме. Усіх меркаванняў на гэты конт ніколі не перакажаш, згадаю адно некаторыя з іх. Бельгіец Гаранус лічыў, што Адам з Евай размаўлялі па-фламандску («Узнікненне Антверпена», 1569 г.). А вось нехта Кэмпе, прыкладна ў тую самую эпоху, сцвярджаў, што Бог размаўляў па-шведску, Адам — па-дацку, а змяя спакушала Еву па-французску (апошняе вельмі верагодна, бо здавён вядома, што французская мова — мова спакусы). Мадзьяр Іштван Хорват, прааналізаваўшы біблейныя імёны, прыйшоў да высновы, што ў Эдэме карысталіся мадзьярскай мовай. Але найбольш мяне зацікавілі даследаванні немца Хасэ, які ў 1779 годзе ў Кёнігсбергу выдаў кнігу «Правы Прусіі на Прыбалтыку, на рай старажытных — першую калыску чалавецтва, з усеагульнай згоды абгрунтаваныя біблейскімі, грэцкімі і лацінскімі пісьменнікамі...». Натуральна, Хасэ перакананы, што адзінай дзяржаўнай мовай Эдэма была нямецкая. Я з такой катэгарычнасцю спадара Хасэ не магу пагадзіцца. Калі
«Прыбалтыка... рай старажытных — першая калыска чалавецтва», дык у Эдэме аніяк не маглі гаварыць па-нямецку, бо нямецкая мова не была ў Прыбалтыцы мовай карэннага насельніцтва.
Аспрэчыўшы філалагічны аргумент нямецкага навукоўца, далей я хацеў бы не тое што аспрэчыць, а толькі ўдакладніць, так бы мовіць, трохі падкарэктаваць і яго геаграфічны аргумент. Мяркую, што Эдэм знаходзіўся ўсё ж такі не ў самой Прыбалтыцы, бо інакш у біблейным расповедзе пра гэты эпізод абавязкова згадалася б мора. Казаць пра Эдэм у Прыбалтыцы і абмінуць увагай мора, якое з’яўляецца з ёй неад’емным цэлым — гэта немажліва! Таму я лічу, што Эдэм знаходзіўся не зусім у Прыбалтыцы, а недзе паблізу. А што найбліжэй да Прыбалтыкі? Відавочна — Беларусь! З чаго я і раблю адзіна магчымую выснову: Эдэм мясціўся недзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і Адам з Евай (што амаль напэўна) размаўлялі на нейкай прабеларускай мове.
Натуральна, пакуль гэта толькі гіпотэза. Але я не маю сумневу, што з цягам часу нашыя адмыслоўцы, прапрацаваўшы самыя розныя археалагічныя, этнаграфічныя, тапаграфічныя ды філалагічныя крыніцы, зробяць з маёй гіпотэзы навукова абгрунтаваную і непахісную ў стагоддзях тэорыю.
Так яно будзе, бо так яно было.