Выбрать главу

З імі ўвесь час нешта мусіць здарацца! Тады статычнасць быцця зрушыцца са свайго пастамента, і яно само закруціцца ў шалёнай віхуры пераменаў.

Цяпер Табе заставалася вынайсці тое, што потым само будзе вечна рухаць дзею.

Твая прыдумка з гледзішча чалавека была жахлівай! Аднак, нават жахаючыся Тваёй жорсткасці, давядзецца пагадзіцца, што нічога роўнавялікага потым ні Ты, ні хто іншы не змог вынайсці.

Новая канцэпцыя свету прадугледжвала замену пануючай у Эдэме тэорыі бесканфліктнасці на абвальную трагедыю.

Гэта сёння мы, выгадаваныя смерцю, успрымаем трагічнасць свету як апалае лісце ўвосень — з абыякавым одумам...

А я ўяўляю тагачасную сітуацыю, дзе ўсё толькі кагадзе было створана і ніхто не ведаў, што значыць загінуць; не схавацца ў кустах на хвіліну, а знікнуць назаўсёды. Больш за тое — ніхто нават не здагадваўся, што гэта ў прынцыпе магчыма...

З жыцця прыдумаць смерць, як з нічога — форму... Гэта неверагодна!!! (Кленчу, зноў кленчу перад Тваім эўрыстычным геніем.)

Гэтыя дзве Твае ідэі і прадвызначылі ўсе наступствы. Тады мы і займелі тое, што маем і, відаць, ужо будзем мець заўжды, пакуль будзем хоць нешта мець.

Пэўна, калі ідэя смерці прыйшла Табе да галавы, Ты запляскаў у ладкі ад захаплення сабой...

Узяў рыдлёўку і пасадзіў на самым бачным месцы Эдэма дрэва ведання і ліха.

А каб прыспешыць падзеі, падбухторыў гада. Ува ўсім гэтым абы-як, наспех злепленым сцэнары выгнання Адама і Евы з жыцця ў смерць мяне засмучае не слабая драматургія, а нямоглая годнасць —Твая.

Ты ўсведамляў, што робіш, і таму не адважыўся без хоць якой падставы адчыніць браму Эдэму і сказаць як ёсць:

— Ідзіце ад мяне. Жывіце і памірайце самі.

У Цябе не хапіла мужнасці ўзваліць на сябе адказнасць за ўтвораную Табой смерць, і Ты вынайшаў, як перакласці гэтую адказнасць на першалюдзей, абвінаваціўшы іх у непаслухмянасці.

Ты не толькі стварыў першую трагедыю, Ты сам выканаў у ёй ролю адмоўнага героя пад маскай суровага, але справядлівага суддзі.

Нездарма акцёраў і па сёння называюць ліцадзеямі.

— Я не магу Цябе мераць сваёй чалавечай мерай? Але чаму?

Калі Ты важыш мяне на вагах дабрыні і зламыснасці, калі этычныя законы, законы чалавечае маральнасці, зразумелыя мне, як і кожнаму, — крытэр, каб патрапіць у Тваё Гаспадарства, дык, натуральна, і я магу і павінен патрабаваць ад Цябе маральнае дасканаласці і падпарадкавання этычнаму закону ў стасунках са мной і з кім заўгодна іншым. Інакш, выбачай, атрымліваецца «двайная бухгалтэрыя». Мне — этычны імператыў, Табе — крывавая сваволя. Я мушу дараваць сваім ворагам «сем усямёра», а Ты не захацеў пашкадаваць аднойчы Адама і Еву. Больш за тое, Твой праклён стаўся наканаваннем для ўсяго людства, і мы, колькі нас было, ёсць і будзе, мусім цярпець ад Цябе за той адзіны грэх першае людзіны.

Мне і сёння, праз тысячы год, бывае балюча, калі я згадаю, як Ты абышоўся з Адамам і Евай. Па сутнасці, Ты выкляў дзяцей (бо розумам яны і былі дзецьмі) за іх дзіцячую цікаўнасць. Выкляў і выгнаў у сцюдзёную завіруху жыцця.

Ведаеш, у мяне таксама ёсць малыя. Цяпер яны падраслі і трохі пачалі слухацца бацьку. А раней, што ні кажы, усё наадварот зробяць. І калі б я, сыходзячы з дому, паклаў навідавоку крамяны яблык, хай сабе побач з папругай, дык, мяркую, яблык нядоўга б там улежаў.

Праўду кажучы, здаралася — так дапякуць, што лупцанеш пад гарачую руку. Але ж, натуральна, мне і да галавы не было выгнаць іх на вуліцу і замкнуць дзверы, каб яны лямантавалі ў вусцішы. Як не прыходзіць такое ў галаву ніводнаму нармальнаму чалавеку. А той, хто падобнае зробіць, уважаецца сярод людзей нават не за злачынцу, а за вар’ята.

З гэтага вынікае пытанне: хто нас будзе судзіць падчас Апакаліпсісу?

— Ты нас будзеш судзіць?!

Ты, які выгнаў дзяцей у сцюжу.

Ты, які патапіў амаль усё людства, усё жывое з немаўлятамі і ягнятамі сусветнай паводкай.

Ты, які ўшчэнт пабурыў Садом і Гамору з кожным вінаватым і кожным бязвінным.

Ты, які загадаў Абрагаму зарэзаць свайго адзінага, любага сына.

Ты, які прамаўчаў у адказ на адчайны лямант

Ісуса: «Ілі, ілі! Лама савахфані?» Ты, які...

Зрэшты, каб пералічыць усё, давялося б ушчэнт высечы на паперу лясы і выскубсці чарот да апошняй чарацінкі.

Пэўна, трэба было б не чакаць Твайго Другога

Прыйсця, а даслаць Табе позву зараз.

Каб адно толькі ведаць — куды?!

Здаецца, Стэндаль казаў: Бога апраўдвае адно тое, што Яго няма.

Ты — не хрысціянін.

Калі тут сцвярджаецца, што Ты — не хрысціянін, што ад хрысціянскай маралі Ты далей за найвялікшага з нявернікаў, дык гэта тая праўда, большае за якую амаль не бывае...